Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла
Epimach-Szipila.JPG
Дата нараджэння

16 верасня 1859(1859-09-16)

Месца нараджэння

фальварак Судзіловічы, Лепельскі павет, Віцебская губерня, Расійская імперыя, (цяпер — в. Будзькаўшчына, Полацкі раён, Беларусь)

Дата смерці

6 чэрвеня 1934(1934-06-06) (74 гады)

Месца смерці

Ленінград, РСФСР, СССР

Грамадзянства

Flag of Russia.svg Расійская імперыя
Flag of the Soviet Union (1936–1955).svg СССР

Род дзейнасці

літаратуразнавец, паэт

Навуковая сфера

фалькларыстыка, літаратуразнаўства, беларусістыка

Месца працы

Пецярбургскі ўніверсітэт
Інстытут беларускай культуры

Навуковая ступень

кандыдат філалагічных навук

Навуковае званне

прафесар

Альма-матар

Пецярбургскі ўніверсітэт

Вядомы як

складальнік рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі»

Узнагароды і прэміі
Ордэн Святой Ганны III ступені
Ордэн Святой Ганны II ступені
Ордэн Святога Уладзіміра IV ступені
Commons-logo.svg Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла на Вікісховішчы


Браніслаў Ігнатавіч ЭПІМАХ-ШЫПІЛА (4 (16) верасня 1859, фальварак Судзіловічы[1] Лепельскага пав. Віцебскай губ. (цяпер в. Будзькаўшчына Полацкага раёна Віцебскай вобласці) — 6 чэрвеня 1934, Ленінград; Крыптанім: Б. Э.-Ш.) — дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 4 (16) верасня 1859 г. у фальварку Судзіловічы Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер вёска Будзькаўшчына Полацкага раёна Віцебскай вобласці) у сям'і дробнага шляхціца, род якога згадваецца з XV ст., дваранскае паходжанне пацверджана ў XIX ст. указам Сената Расійскай імперыі. Ахрышчаны ў Палюдавіцкім касцёле. Бацькі - Ігнат Вікенцьевіч і Ганна Аляксандраўна (з роду Алецкіх). У Браніслава былі два малодшыя браты - Баляслаў і Уладзіслаў Юліян, а таксама сястра Валерыя.

Неўзабаве пасля нараджэння Браніслава сям'я пераехала ў фальварак Залессе (цяпер у Полацкім раёне), дзе мела на той час 25 дзесяцін ворнай зямлі і 9 дзесяцін лесу. Крыху падросшы, старэйшы сын дапамагаў па гаспадарцы - "...пасвіў гусей, а потым дробную жывёлу", непасрэдна знаходзячыся ў сялянскім асяроддзі, пазнаёміўся з ладам жыцця, традыцыямі беларускага народа. Калі яму было 9 гадоў, памёр бацька. Становішча сям'і стала вельмі складаным.

У 1871 г. дзядзька Фадзей Вікенцьевіч, які працаваў інжынерам, забраў Браніслава да сябе ў Рыгу. Тут ён паступіў у Аляксандраўскую польскую гімназію, у якой вучыўся ў 18711880 гадах. За выдатную паспяховасць быў вызвалены ад аплаты за навучанне. Ужо ў гэтыя гады, будучы падлеткам, пачаў займацца рэпетытарствам.

У 1880 г. Браніслаў закончыў гімназію з залатым медалём і паступіў на аддзяленне класічных моў гісторыка-філалагічнага факультэта Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Недахоп фінансавых сродкаў вымушаў пастаянна звяртацца з прашэннем аб вызваленні ад платы за слуханне лекцый. У студэнцкія гады даваў прыватныя ўрокі, і такім чынам з'яўлялася магчымасць аказваць матэрыяльную дапамагу маці.

Б. Эпімах-Шыпіла вылучаўся вялікімі лінгвістычнымі здольнасцямі, авалодаў больш чым дваццаццю мовамі, як новымі, так і старажытнымі, свабодна размаўляў на латыні, цікавіўся ўсходнімі культурамі. Паводле яго ўласных слоў, мог "чытаць і пісаць некаторыя ўсходнія шрыфты, як санскрыцкі, яўрэйскі і часткова арабскі".

У 1886 г. Б. Эпімах-Шыпіла паспяхова скончыў універсітэт, а ў 1887 г. атрымаў ступень кандыдата гісторыка-філалагічных навук. Але некалькі гадоў ён не меў пастаяннага месца працы, гэтаму замінала яго невелікарускае паходжанне і каталіцкае веравызнанне. Зарабляў на жыццё прыватнымі ўрокамі, выконваў абавязкі памочніка рэдактара "Журнала Министерства путей сообщения", потым быў хатнім настаўнікам у князёў Куракіных у Яраслаўскай губерні і ў камергера Грэйга ў Пецярбургу.

У 1891 г. Б. Эпімах-Шыпіла змог уладкавацца на працу ў бібліятэку Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Ён заняў пасаду памочніка бібліятэкара. У Біяграфічным слоўніку прафесараў і выкладчыкаў Імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта 1896 г. ёсць артыкул пра Б. Эпімах-Шыпілу. Службовая кар'ера Б. Эпімах-Шыпілы была паспяховай. Паводле архіўных дадзеных, у 40 гадоў ён атрымаў грамату на ордэн Святой Ганны 3-й ступені. Выкладаў старагрэчаскую і лацінскую мовы ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах Пецярбурга. Ганаровы член Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, ад імя якой у 1896 удзельнічаў у археалагічным з'ездзе ў Рызе. У складзе расійскай дэлегацыі ў 1908 удзельнічаў у І міжнародным з'ездзе бібліятэчных работнікаў (Брусель).

Гэты перыяд для Б. Эпімах-Шыпілы адзначаны грунтоўнай працай у галіне бібліяграфіі. Ім быў складзены спіс літаратуры пра князя Адама-Юрыя Чартарыйскага, які ўключаў 74 найменні выданняў на пяці мовах амаль за сто гадоў.

На пачатку XX ст. стаў на чале беларускага культурнага руху ў Пецярбургу. Яго дом быў асяродкам і месцам збору нацыянальна арыентаванай беларускай моладзі, прымаў удзел у дзейнасці культурна-асветнай арганізацыі «Круг беларускі» (1902-04). У 1906 прымаў актыўны ўдзел у стварэнні беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» і студэнцкага «Беларускага навукова-літаратурнага гуртка». У 1913 пачаў друкавацца ў беларускіх выданнях. У 1916 удзельнічаў у падрыхтоўцы «Меморыі прадстаўнікоў Беларусі на IIІ канферэнцыі народаў» (Лазана), дзе абгрунтавана права беларускага народа на самастойнае нацыянальнае развіццё. У 1917 чытаў лекцыі па беларускай мове ў Петраградзе, выязджаў на Полаччыну. У 1918 выбраны старшынёй навуковага «Таварыства вывучэння культурна-прамысловага стану Беларусі», заснаванага ў Петраградзе, садзейнічаў рабоце Белнацкома. У 1923 прыязджаў у Мінск на сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі. Склаў першую хрэстаматыю беларускай літаратуры. У 1924 абраны правадзейным членам Інбелкульта. Пераехаў у Мінск у 1925. Працаваў рэдактарам, з 1927 старшынёй камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; на яго кватэры праведзены вобыск. Знаходзіўся ў зняволенні да 12 верасня 1930. Вымушаны пакінуць Мінск; выехаў у Ленінград, дзе і памёр.

Навуковая і асветніцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Тытульны ліст рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі»

Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і літаратуры Беларусі. Складальнік унікальнай рукапіснай хрэстаматыі беларускай літаратуры (1889—1931, захоўваецца ў БДАМЛіМ), у якой сабраў тэксты многіх помнікаў беларускага пісьменства (В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Тапчэўскага, Я. Лучыны, А. Паўловіча, Цёткі і інш.). У асабістым архіве Б. Эпімах-Шыпілы доўгі час зберагаўся рукапіс зборніка Ф. Багушэвіча «Скрыпачка», пра што захавалася сведчанне яго знаёмага прафесара Міхаіла Піятуховіча. Пасля высылкі Эпімах-Шыпілы ў пачатку 1930-х гг. з Мінска ў Ленінград, лёс рукапісу невядомы.

Падтрымліваў навуковыя і творчыя сувязі з Ф. Багушэвічам, А. Ельскім, Я. Карскім, В. Ластоўскім, Е. Раманавым, І. Свянціцкім, Цёткай, А. Грыневічам і інш., перапісваўся з М. Багдановічам, У. Самойлам, А. Сапуновым, мастаком Б. Русецкім, Пры яго актыўным удзеле рабілася перавыданне твораў беларускіх класікаў, выданне першага беларускага альманаха-часопіса «Маладая Беларусь», для культурнага адраджэння роднага краю выкарыстоўваў уласныя сродкі, аддаваў для сходаў моладзі і патрэб выдавецтва сваю пецярбургскую кватэру. Адыграў значную ролю ў жыцці і творчым станаўленні Я. Купалы: адрэдагаваў і падрыхтаваў да друку яго першы зборнік «Жалейка» (1908), захаваў у сваім архіве многія ненадрукаваныя творы паэта, склаў 2 машынапісныя сшыткі ненадрукаваных твораў Я. Купалы пецярбургскага перыяду (захоўваюцца ў музеі Я. Купалы ў Мінску). Пад яго рэдакцыяй выйшлі «Віцебскі краёвы слоўнік» М. Каспяровіча (1927), «Краёвы слоўнік Чэрвенылчыны» М. Шатэрніка (1929). Супрацоўнічаў з рэдактарамі першага акадэмічнага збору твораў М. Багдановіча (т. 1-2, 1927-28).

Спадчына[правіць | правіць зыходнік]

У 1929 Б. Эпімах-Шыпіла перадаў у БелАН асабістую бібліятэку з 5 тыс. тамоў. Частка яго ўласнага архіва захоўваецца ў БДАМЛіМ, некаторыя рукапісы — у Архіве Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

На радзіме Б. Эпімах-Шыпілы, у вёсцы Залессе Полацкага раёна ў яго гонар усталяваны мемарыяльны знак - валун вагой больш як 16 тон з барэльефам навукоўца і надпісам "Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч. 1859-1934. Вядомы дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец. Уладальнік сядзібы "Залессе""[2].

У Ветрынскай школе Полацкага раёна заснаваны музей Б. Эпімах-Шыпілы.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Верш «Дзесяць боскіх прыказанняў» у газеце «Беларус»
  • Дзесяць боскіх прыказанняў: [Верш] // Беларус. 8.8.1913;
  • Беларуская мова ў гімназіі // Вольная Беларусь. 30.10.1917.
  • Меморыя прадстаўнікоў Беларусі на IIІ-ей канферэнцыі народаў / Бр. Эпімах-Шыпілло; [пераклаў Бр. Эпімах-Шыпілло]. — Мінск: Вольная Беларусь: 1917. — 7 с.[3]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Станкевіч А. Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцця і працы. Вільня, 1935;
  • Семашкевіч Р. Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Мн., 1968;
  • Семашкевіч Р. Янка Купала і Эпімах-Шыпіла // Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
  • Возвращенные имена;
  • БП, т. 6;
  • АЗБ;
  • Каўка А. Прафесар беларускага штаба: 3 жьшцяпісу Б. І. Эпімаха-Шыпілы // Скарыніч. Мн., 1991. Вып. 1;
  • Браніслаў Эпімах-Шыпіла: чытанні [у Ветрына], прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння… [Тэксты дакладаў] // На шляхах да ўзаемаразумення. Мн., 2000. С. 253—255;
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9;
  • ЭГБ, т. 6, кн. II. Мн., 2003.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]