Капліца Святой Тройцы (Люблін)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Капліца
Капліца Святой Тройцы
польск.: Kaplica Trójcy Świętej
Lublin, Kaplica Trójcy Świętej w zespole zamkowym.jpg
51°15′01,14″ пн. ш. 22°34′23,20″ у. д.HGЯO
Краіна Польшча
Горад Люблін
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Тып будынка капліца
Архітэктурны стыль готыка, рэнесанс
Дата пабудовы XIV стагоддзе
Асноўныя
даты
1407перабудавана ў гатычным стылі

Капліца Святой Тройцы (польск.: Kaplica Trójcy Świętej) — каталіцкая капліца на дзяцінцы Люблінскага замка. Роспісы капліцы — унікальны помнік манументальнага мастацтва Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, адзіны захаваны з некалькіх візантыйска-рускіх роспісаў, створаных па загаду Ягайлы ў пач. XV ст. Замкавая капліца ў Любліне ўключана ў спіс Еўрапейскай культурнай спадчыны. У 2011 годзе часопіс National Geographic назваў яе адным з сямі цудаў Польшчы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Капліца была пабудавана як замкавы касцёл, верагодна, да 1327 года, бо ў гэтым годзе яна ўжо была часткай замка. У 14 ст. быў аднаяруснай пабудовай з крыптай (прызначалася для пахаванняў). Меў квадратны неф, да якога далучаны прамавугольны прэсбітэрый з трохграннай апсідай.

У 1407 годзе па загадзе Ягайлы перабудавана ў гатычным стылі як двухярусны касцёл. У тым жа годзе член гарадскога савета Любліна заплаціў велізарную на той час суму ў дзевяць мер срэбра за работы ў капліцы. Капліцу распісвалі некалькі майстроў, якімі кіраваў, як сведчыць кцітарскі вопіс, вопытны майстар Андрэй, які доўгі час працаваў пры двары Ягайлы і быў знаёмы не толькі з візантыйскім, але і з заходнееўрапейскім мастацтвам. Праца над роспісам была скончана 10 жніўня 1418 г., у дзень Святога Лаўрэнція[1]. У іншых надпісах упамінаюцца таксама майстры Кірыла і Юшка.

Напаўзруйнаваны Люблінскі замак, Л. Урмоўскі, 1810

У выніку шматлікіх ваенных дзеянняў, Люблінскі замак быў часткова разбураны. У пачатку 19 ст. касцёл ператвораны ў турэмную капліцу, пры гэтым звонку і ўнутры ён быў атынкаваны.

У 1899 годзе роспісы пад пластом вапнавай тынкоўкі былі выпадкова выяўлена мастаком Юзафам Смалінскім. Па загадзе Мікалая II Імператарскай Археалагічнай камісіяй пачаліся работы па іх аднаўленні і рэстаўрацыі.

З-за працяглага перыяду ваенных дзеянняў і рэвалюцый, аднаўленчыя і рэстаўрацыйныя работы зацягнуліся на цэлае стагоддзе да 1997 г., хоць пласты тынкоўкі былі зняты і нават частковая рэстаўрацыя роспісаў была праведзена яшчэ ў 1923 годзе. Падмуркі капліцы ўмацаваны бетонам, а скляпенні — стальнымі канструкцыямі і вуглевалакном.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

План капліцы

Капліца ўяўляе сабой аднаапсіднае збудаванне, у цэнтры якога ўзвышаецца гранёны слуп, які падтрымлівае гатычныя зорчатыя нервюрныя скляпенні[1]. Звонку касцёл умацаваны контфорсамі. Мае стромкі двухсхільны дах, які абапіраўся на прыступкавыя франтоны, перабудаваныя ў сярэдзіне 17 ст., калі быў узведзены шчыт у стылі люблінскага рэнесансу. Уваход аформлены рэнесансным парталам 16 ст.

Фрэскі[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер капліцы

Плоскасці сцен асноўнага аб'ёму храма, апсіды, слупа-апоры, нервюрныя гатычныя скляпенні распісаны сюжэтнымі кампазіцыямі і арнаментальнымі матывамі. І кампазіцыя, і каляровае рашэнне фрэскавага цыкла амаль цалкам захаваліся да нашых дзён. Польскія навукоўцы, даследчыкі гэтых фрэсак, пацвяржаюць, што моўныя асаблівасці тэхнікі і стылю роспісаў сведчаць пра паходжанне майстра з Беларусі[1][2].

Роспісы алтарнай часткі

Для фрэскавага роспісу выкарыстаны біблейскія і евангельскія сюжэты, шырокае адлюстраванне атрымалі вобразы святых і прарокаў. Паасобныя сцэны ў асноўным размешчаны, як і ў візантыйска-рускіх храмах, але заўважаюцца і адрозненні. Так, у цэнтры апсіды намаляваны «Страсці Хрыстовы», а традыцыйная для гэтага месца «Еўхарыстыя» перанесена на паўночна-ўсходнюю частку апсіды; адсутнічае кампазіцыя «Страшнага суда», якая адпаведна канону павінна займаць заходнюю сцяну. Прыкладна такая ж творчая трактоўка кананічнай сістэмы роспісаў заўважаецца і ў ранніх беларускіх фрэскавых цыклах, напрыклад у Бельчыцкім Барысаглебскім манастыры XII ст. каля Полацка. Гэта ж з'ява адзначана і ў фрэскавым цыкле наўгародскай царквы(руск.) бел. Фёдара Страцілата(руск.) бел., пабудаванай ў 13601361 гг[1].

Сюжэты скампанаваны ў два-пяць ярусаў у выглядзе фрызаў, г.зн. адзін над адным. Першы ніжні ярус уяўляе фрыз, які складаецца з платаў, што нагадваюць тканіну. Размаляваны ён карычнева-чырвонымі фарбамі з цёмна-шэрымі вопісамі мякка задрапіраваных складак. У апсідзе фрыз з платаў аздоблены малюнкам у выглядзе ромбападобнымх фігур, размешчаных у геаметрычнай паслядоўнасці.

Канты нервюрных скляпенняў, арачныя сцены, аконныя праёмы багата дэкарыраваны арнаментальнымі фрызамі, паяскамі. Дэкор складаецца з геаметрычна пераплеценых ромбаў і расліннага арнаменту ў выглядзе лісцяў гарлачыка і кветак[1].

Пілат абмывае рукі

Многія сюжэты вельмі падобныя да мініяцюр, як то Страсці Хрыстовы: «Радуйся, цар Іўдзейскі», «Бічаванне», «Пілат абмывае рукі», «Еўхарыстыя», «Тайная вячэра». Майстар не пазбягае рэзкіх высвятленняў, часам супастаўляе адкрыта цёмныя і светлавыя плямы, з дапамогай якіх выяўляе форму прадметаў, фігур, прасторы. Энергічна і ўпэўнена паўзверх каранацыі пакладзены блікі[1].


Фрэскі ў прэсбітэрыі захавалі сваю першапачатковую гаму чырвона-карчыневых, ружаватых, сіне-блакітных і зялёных колераў. Пейзаж і архітэктурныя кулісы дадзены ў цёплый вохрыста-карычневай гаме з чырвона-карчыневымі вопісамі. На твары па вахрэнню пакладзены цені з прабеламі і мазкамі. Графічны пачатак у фрэсках алатара выяўлены значна мацней, чым у астатніх фрэсках. Манера выканання збліжае іх з мініяцюрай[1].

Фрэскі паўночнай сцяны, захоўваючы ў сваёй аснове тыя ж жывапісныя і стылістычныя прыёмы, усё ж некалькі адрозніваюцца прынцыпамі пабудовы кампазіцыі. Тут ужо адчуваецца рука майстра іншай вывучкі. Архітэктурныя кулісы і пейзаж дадзены вельмі скупа, лаканічна[1].

Вялікая ўвага звернута на пластыку форм і твараў, якія вызначаюцца маляўнічай лепкай. Сакавітыя энергічная бялільныя блікі, пакладзеныя паверх зеленаватага вахрэння, ствараюць форму, надаюць ёй рэльеф. Авал твараў страчвае вытанчанасць, характэрную для візантыйскага мастацтва, і набывае больш прастанародны характар (вялікія галовы, прыземістыя фігуры)[1].

Роспісы алтарнай перагародкі
Багародзіца на троне

Роспісы алтарнай перагародкі блізкія фрэскам паўночнай сцяны: тая ж нешматслоўнасць у архітэктурных кулісах, тыя ж ляшчадныя горкі ў кампазіцыях «Дэісус» і «Сашэсце ў пекла». Аднак некаторыя кампазіцыі, як «Архангел з мярылам» ці «Багародзіца на троне», у верхнім рэгістры набліжаюцца па манеры выканання да алтарных фрэсак[1].

Каларыстычная гама фрэсак паўночнай сцяны і алтарнай перагародкі будуецца на спалучэнні вохрыстых, карычневых, чырванаватых, ружовых, сініх і зялёных колераў. Вопісы фігур і твараў робяцца карычнева-чырвоным контурам, архітэктурныя кулісы і ляшчадныя горкі — вохрыста-карычневыя. Прапрацоўка адзення дадзена цёмнымі сухаватымі, амаль графічнымі вопісамі, не рытмічнымі складкамі[1].

Маці Божая з данатарам (Ягайлам) на паўднёва-заходняй сцяне капліцы

Фрэскі на паўднёвай і паўднёва-заходняй сценах утвараюць адну замкнёную групу. Тут майстар звяртаецца да складаных і дэталёва прапрацаваных архітэктурных куліс, вэлюмаў, перакінутых паверх будынкаў, ляшчадных горак («Успенне Іаана», «Смерць Паўла», «Хрыстос у доме Сімяона» і інш.). Фігуры крыху застылыя, прыземістыя, іх рухам уласціва вуглаватасць. Галовы вялікія, рысы твараў даволі буйныя. Кантраст светлага і цёмнага тут падкрэсліваецца мацней, чым на паўночнай сцяне. Твары напісаны па зялёнаму санкіру амаль чыстай вохрай з невялікай прапрацоўкай і падрумянкай. На фрэсках паўднёвай і паўднёва-заходняй сцен ужо няма тых сакавітых і свабодных бялільных мазкоў і блікаў, якія характэрны для роспісу паўночнай сцяны[1].

Фрэскавы цыкл капліцы ў Любліне, які ў сваёй аснове ўзыходзіць да візантыйска-рускіх традыцый, адлюстроўвае і шэраг новых мастацкіх з'яў. Роспісы хоць і не пазбаўлены таго вытанчанага спірытуалістычнага пачатку, які быў так характэрны для мастацтва Візантыі, але ў іх адчуваецца ўплыў як протарэнесансу, так і готыкі. У фрэскі пранікаюць элементы фальклору, уводзяцца прадметы побыту, персанажы асобных кампазіцый («Хрыстос у доме Сімяона») адрозніваюцца простанароднасцю тыпажу[1].

Нягледзячы на стылістычную разнастайнасць мастацкіх прыёмаў, у цэлым фрэскавы цыкл вельмі маляўнічы і стварае ўражанне адзінай стройнай дэкаратыўнай сістэмы[1].

Зноскі

  1. 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 1,11 1,12 1,13 Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI cт. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : iл.
  2. Walicki M. Malowidla scienne kosciola Sw. Trojcy na zamku w Lublinie // Studia do Dziejow Sztuki w Polsce. III. -Warszawa, 1930

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI cт. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : iл.
  • Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б.А.Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
  • Tomasz Stawecki, Cudowne ocalenie, Kurier Lubelski, nr 198 (13 324), s. 5.
  • Anna Różycka Bryzek: Freski. Bizantyńsko-ruskie fundacji Jagiełły w kaplicy Zamku Lubelskiego. Lublin 2000. ISBN 83-227-1592-7
  • Kaplica Trójcy Świętej na Zamku Lubelskim. Historia, teologia, sztuka, konserwacja. Lublin 1999. ISBN 83-901842-7-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]