Карная аперацыя «Dreieck»

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

«Dreieck» («Трохвугольнік») — крыптонім антыпартызанскай аперацыі нямецкіх акупацыйных улад у Другой сусветнай вайны супраць савецкіх партызан і мясцовага насельніцтва на тэрыторыі паміж чыгункамі Брэст — Кобрын і Брэст — Маларыта ў верасні — кастрычніку 1942 г.; састаўная частка сумесных планаў паліцыі бяспекі і СД генеральных камісарыятаў Валыні, Падоліі, Беларусі і акругі Беласток для «ўціхамірвання» заходніх і паўднёва-заходніх раёнаў Гродзенскай, Баранавіцкай, Брэсцкай і Пінскай абласцей летам — восенню 1942 г.

Аперацыя праводзілася сіламі 3-га батальёна 15-га нямецкага паліцэйскага палка, 3 узводаў (жандарскага, бронеаўтамабіляў, процітанкавых гармат), 2 паліцэйскіх палкоў, спецыяльнай роты «Нюрнберг». Пасля няўдалай карнай аперацыі «Міхель» у Косаўскім, Бярозаўскім, Ружанскім, Пружанскім раёнах (30 жніўня — 4 верасня) 3-і паліцэйскі батальён 5 верасня распачаў аперацыю. Была спалена вёска Баравая (загублена 58 жыхароў), Забалоцце (289 жыхароў) Маларыцкага, Барысаўка (206 жыхароў), Каменка Стралкоўская (152 жыхары), Рэчыца (64 жыхары) Кобрынскага раёнаў; пасля вайны не аднавіліся спаленыя вёскі Драмлёва (286 жыхароў) Жабінкаўскага і Зялёная Буда (28 жыхароў) Маларыцкага. Немцы захапілі некалькі тысяч буйной рагатай жывёлы, коней, свіней, авечак, шмат сельскагаспадарчых машын, сотні цэнтнераў збожжа. У вёсцы Ляплёўка Брэсцкага раёна расстралялі 54 дзіцяці з выхавальніцай Дамачоўскага дзіцячага дома. Паводле справаздач 3-га батальёна, з 6 верасня да 24 лістапада 1942 г. у раёне Брэста, Кобрына, Маларыты і Пінска знішчана 44 837 грамадзян.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • «Трохвугольнік» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6: У 2 кн. Кн. 1: Пузыны — Усая / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 521. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).