Перайсці да зместу

Карэлія (гістарычная правінцыя)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная правінцыя Карэлія па абодва бакі ад цяперашняй фінска-расійскай мяжы

Карэлія (фінск.: Karjala, шведск.: Karelen) — гістарычная вобласць зараз падзеленая паміж Расіяй і Фінляндыяй. Іншыя назвы: да 1721 года — Шведская Карэлія, пасля — Старая Фінляндыя, з 1808 года — Фінская Карэлія.

Герб правінцыі

У XII стагоддзі над гэтымі землямі, часткай гістарычнай тэрыторыі рассялення карэлаў усталявана ўлада Наўгародскай рэспублікі — утворана асобная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка гэтай дзяржавы — Карэльская зямля, з цэнтрам у крэпасці Карэла (цяпер Прыазерск)[1][2].

У 1323 годзе, калі быў заключаны Арэхаўскі мір, Карэльская зямля была падзелена — заходняя частка адышла да Шведскага каралеўства (куды тым часам уваходзіла і Фінляндыя), а ўсходняя — да Наўгародскай дзяржавы.

Паводле Сталбоўскага міру 1617 года да Шведскага каралеўства разам з Інгерманландыяй адышла і ўсходняя частка Карэльскай зямлі — шведскія манархі ўпісалі ў свой тытул найменне герцагаў Карэльскіх[3].

Сама Карэлія не была ўключана ў склад Фінляндыі. Карэльскае герцагства не несла абавязацельстваў, устаноўленых для іншых тэрыторый каралеўства. Шведскі манарх увёў тут спецыфічнае кіраванне і падаткаабкладанне, абвясціў права герцагства не даваць рэкрутаў для службы ў войска. Праўда і мясцовыя жыхары былі пазбаўлены магчымасці мець прадстаўніцтва ў рыксдагу — інтарэсы тэрыторыі стаў забяспечваць сам манарх.

Пасля Паўночнай вайны паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721 года заходняя Карэлія адышла да Расійскай імперыі, і зараз кіраўнікі Расійскай дзяржавы ўключылі ў сваю поўную тытулатуру тытул князёў Карэльскіх.

У 1809 годзе паводле ўмоў Фрыдрыхсгамскага мірнага дагавора ўся Фінляндыя, і ў тым ліку заходняя частка Карэліі, была далучана да Расійскай імперыі як Вялікае Княства Фінляндскае. У 1811 годзе Выбаргская губерня Расійскай імперыі з цэнтрам у Выбаргу была перададзена ў склад нядаўна ўключанага ў склад імперыі Фінляндскага княства.

У 1918 годзе, пасля падзення Расійскай імперыі і звяржэння Часовага ўрада Расійскай рэспублікі, у межах Вялікага Княства Фінляндскага ўзнікла новая дзяржава — Фінляндская Рэспубліка.

Пасля савецка-фінскай вайны 1939—1940 гадоў, калі Карэльскі перашыек і Паўночнае Прыладажжа былі далучаны да СССР. У 1941—1944 гадах падчас савецка-фінскай вайны 1941—1944 гадоў армія Фінляндыі заняла ўсходнюю частку Карэліі, аднак пасля завяршэння вайны 19 верасня 1944 года паводле заключанага Маскоўскага перамір’я было адноўлена дзеянне Маскоўскага дагавора 1940 года — тая ж частка Карэліі зноў адышла да СССР.

З частак гістарычнай вобласці ў сучаснай Фінляндыі створаны правінцыі Паўднёвая Карэлія і Паўночная Карэлія. Расійская частка ўваходзіць у Ленінградскую вобласць і Рэспубліку Карэлія.

Неаднаразовыя эвакуацыі мясцовага насельніцтва, якія праводзіліся з боку фінскіх улад, высяленні і дэпартацыі, якія праводзіліся савецкім бокам, у тым ліку перасяленне на тэрыторыю Карэльскага перашыйка жыхароў з цэнтральных абласцей Расіі, прывялі да поўнага знішчэння хутарской гаспадаркі і традыцыйнай для гэтых месцаў сістэмы землекарыстання, а таксама ліквідацыі рэштак матэрыяльнай і духоўнай культуры карэлаў на Карэльскім перашыйку[4].

  1. Корельская земля (руск.)
  2. БРЭ. Карелия (руск.)
  3. Карельское герцогство (руск.)
  4. Карельский перешеек-земля неизведанная. Части 5 и 6.Юго-Западный сектор: Койвисто-Иоханнес (Приморск — Советский) -СПб.:ИПК «Нова».2006 −208 с. ISBN 5-86456-102-9