Шведскае праўленне ў Фінляндыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта каралеўства Швецыя (1747)

Перыяд шведскага праўлення ў Фінляндыі — перыяд гісторыі Фінляндыі і Швецыі, калі тэрыторыя сучаснай дзяржавы Фінляндыя ўваходзіла ў склад Шведскага каралеўства. Шведскае панаванне завяршылася для так званай Старой Фінляндыі ў 1721 годзе і канчаткова ў выніку Фінскай вайны 17 верасня 1809 года.

За гэты перыяд у Фінляндыі пашырылася лютэранства, дзякуючы перакладам Бібліі быў закладзены падмурак для развіцця фінскай літаратурнай мовы, былі заснаваныя многія гарады, у прыватнасці Хельсінкі, з’явіўся герб. Фінляндыя не разглядалася як аўтаномная тэрыторыя, але мела ўласнага герцага (шведск.: hertig av Finland), а пазней генерал-губернатара (шведск.: generalguvernör över Finland).

Сярэднія вякі (каля 1155—1523)[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя падпарадкавання[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя падпарадкавання тэрыторый сучаснай Фінляндыі Швецыяй пачынаецца са шведскіх Крыжовых паходаў. У сярэдневяковых крыніцах згадваюцца тры Крыжовыя паходы ў Фінляндыю, якія гісторыкі адносяць прыблізна да 1155, 1239 і 1293 гадоў. Першы Крыжовы паход[en] у 1155 годзе быў узначалены ў адпаведнасці з царкоўнай традыцыяй брытанскім манахам Хенрыкам. Карыстаючыся патранажам караля свеяў Эрыка, ён здзейсніў місіянерскую экспедыцыю ў Паўднёва-Заходнюю Фінляндыю. Пазней Хенрык быў кананізаваны і абвешчаны святым заступнікам епархіі горада Аба (Турку). Паводле легенды, Хенрык хрысціў фінаў пасля таго, як яны былі разбітыя войскам караля Эрыка, і застаўся ў Фінляндыі ў якасці біскупа новай місіянерскай дыяцэзіі, але праз год быў забіты мясцовым селянінам Лалі[1]:14-15.

Крэпасць Тавастхус[en] на карціне Ялмара Мунстэр'елма[en], 1872 г.

У XIII ст. узмацнілася змаганне за палітычны і эканамічны кантроль над узбярэжжам Фінскага заліва. У 1219 г. датчане заснавалі ў Эстоніі горад Рэвель, які цяпер называецца Талін (ад эст. Taani linn — «горад датчан»). Горад засялілі пераважна немцы і ў 1280-х гг. ён атрымаў статус ганзейскага. На ўсходзе ажыццяўлялася экспансія з боку Ноўгарада пад кіраўніцтвам князя Аляксандра Неўскага. У гэты час у Цэнтральнай Швецыі і на поўнач ад Фінскага заліва ўмацоўвалася ўлада шведскай кароны і царквы над мясцовымі князямі. На пачатку XIV ст. можна казаць пра існаванне шведскай дзяржавы, адным з рэгіёнаў якой была Паўднёва-Заходняя Фінляндыя. Сяляне з перанаселеных абласцей Швецыі перабіраліся ў менш заселеныя берагавыя раёны Эстэрботніі (фін. Пох’янмаа)[1]:15.

Каланізацыя адбывалася пад кіраўніцтвам заможных сялян або князёў. Перасяленцы складалі невялікую долю насельніцтва, і яшчэ да паслаблення іміграцыі ў сярэдзіне XIV ст. пачалося змешванне фінска- і шведскамоўнага насельніцтва праз шлюбы і моўнае ўзаемадзеянне. Міграцыі са Швецыі паклалі пачатак засяленню ўзбярэжжа Фінляндыі шведскамоўнымі жыхарамі[1]:15.

Распаўсюджанне шведскай мовы ў Фінляндыі было звязана з набыццём ёй статусу мовы ўлады. У канцы 1230-х гг. шведскі граф Біргер распачаў экспедыцыю ў Тавастланд, якая пазней стала вядомая як Другі крыжовы паход у Фінляндыю[en] (1239 г.). У выніку паходу ўмацавалася шведскае каралеўскае ўладарства ў Фінляндыі, на загад графа Біргера ў Тавастландзе была пабудавана крэпасць Тавастхус (Хямеенліна), якая стала важным адміністрацыйным цэнтрам шведскай кароны[1]:15-16.

Мяжа паміж Ноўгарадам і Швецыяй, замацаваная Арэхаўскім мірным дагаворам

Шведская карона карысталася падтрымкай каталіцкай царквы, бо магла абараніць святароў і ўласнасць царквы ад мясцовых князёў і ўладароў. Улетку 1293 г. шведскі вайсковы правадыр Цюргіль Кнутсан распачаў паспяховы паход[en] на Карэльскі пярэсмык. У выніку мясцовае праваслаўнае насельніцтва было навернутае ў каталіцтва, была ўзведзеная Выбаргская крэпасць, якая да XVIII ст. заставалася найважнейшай памежнай апорай каралеўства на ўсходзе. У 1323 г. быў падпісаны Нётэборгскі (Арэхаўскі) мір з Ноўгарадам, паводле якога паміж Ноўгарадам і Швецыяй стваралася палітычная мяжа, якая адначасова дзейнічала як дэмаркацыйная лінія паміж усходнімі і заходнімі царкоўнымі абшчынамі. Такім чынам, большая частка цяперашняй Фінляндыі апынулася пад кантролем шведскай кароны і каталіцкай царквы[1]:16.

У канцы XV ст. шведскай каралеўскай уладай была пабудаваная крэпасць Олафсборг (Олавінліна) у памежнай зоне на паўднёвым усходзе вобласці Савалакс (Сава). Былі закладзеныя некалькі малых умацаванняў, такіх як Расеборг[en] і Кастэльхольм[en], якія спрыялі замацаванню шведскай улады ў рэгіёне, і акрамя выканання ваенных функцый станавіліся цэнтрамі збірання падаткаў. Значную адміністрацыйную ролю выконвала царква, цэнтрам якой у Фінляндыі было епіскапства ў Турку[1]:17.

Не пазней за XIV ст. усходняя частка шведскага каралеўства пачала называцца Остэрландыяй (краіна на Усходзе). Назва Фінляндыя паходзіць ад назвы паўднёва-заходняй берагавой вобласці сучаснай Фінляндыі, дзе знаходзіўся горад Турку, і ўпершыню афіцыйна згадваецца ў 1419 г. як абазначэнне ўсёй усходняй часткі каралеўства. У 1440-х назва замацавалася ў заканадаўчых дакументах[1]:17.

Грамадскае і эканамічнае становішча напачатку шведскага кіравання[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя шляхі гандлю Ганзейскага саюза

Да XVI ст. сталае насельніцтва Фінляндыі канцэнтравалася пераважна ў найбольш урадлівых частках узбярэжжа і ў Тавастландзе. Прыходы гэтых рэгіёнаў маглі дазволіць сабе будаўніцтва мураваных гранітных цэркваў, частка з якіх захаваліся да нашых дзён. Таксама існавалі манастыры, якія паслужылі цэнтрамі распаўсюджання культуры, адукацыі, рамёстваў, хрысціянскіх звычаяў і традыцый. Першыя дамініканскія і францысканскія манахі прыбылі ў Фінляндыю ў XIII ст. У 1438 г. у Нодэндале (Наанталі) непадалёк ад Турку быў закладзены манастыр[en] сясцёр-брыгітак. Манастыр перажыў кароткачасовы росквіт да таго як лютэранская Рэфармацыя пашырылася ў XV ст. па Паўночнай Еўропе[1]:17-18.

Праз Фінскі заліў праходзіў гандлёвы шлях паміж Ноўгарадам і Бругэ, у якім удзельнічала сетка гарадоў Ганзейскага саюза, і які спрыяў абмену таварамі паміж Заходняй Еўропай і Балтыйскім рэгіёнам[en]. Фінляндыя займалася экспартам масла, скур і рыбы. Найважнейшымі прадметамі імпарту былі тканіны і соль, неабходная для захоўвання ежы[1]:19.

У XIII—XIV стст. у Фінляндыі з’явіліся некалькі гарадоў з дазволам на гандаль з Ганзай. Першым і найбольш значным з іх стаў Турку, чыё значэнне было абумоўлена сістэмай гандлёвых складоў. Акрамя таго, Турку быў рэзідэнцыяй біскупа і пазней зрабіўся ўніверсітэцкім цэнтрам усходняй часткі шведскага каралеўства. Вусце ракі Аўры ў Турку традыцыйна выкарыстоўвалася як гандлёвы пункт, а пасля закладкі дамініканцамі манастыра Святога Олафа ў 1249 г. пачало набываць гарадскія рысы. У 1280-х гг. пачалося ўзвядзенне замка Турку, а ў 1300 г. у горадзе быў асвячоны сабор з трыма нефамі, які дагэтуль застаецца важнай святыняй Фінляндыі. У 1293 г. быў заснаваны Выбарг (Вііпуры), пасля чаго на працягу двух стагоддзяў заклалі яшчэ некалькі гарадоў: Ульфсбю (Ульвіла), Раўма і Нодэндаль (Наанталі), а таксама Борг (Порва) на паўднёвым узбярэжжы Нюланда (Усіма)[1]:19.

Значную частку насельніцтва фінскіх гарадоў таго часу складалі нямецкія купцы, якія гаварылі на ніжненямецкіх дыялектах. Бургамістра і раду абіралі гараджане, існавалі гільдыі. У сярэдзіне XIV ст. больш за 80 % гараджан у Турку былі немцамі з Рэйнскай вобласці і Вестфаліі. Існаваў закон, паводле якога не меней як палова гарадскіх бургамістраў і членаў рады павінны былі мець мясцовае паходжанне, але няма доказаў таго, што гэты закон выконваўся. Гарадскія рады абаранялі інтарэсы купцоў і былі гарантам выканання купцамі гандлёвых дамоў. У Турку існавала не менш за шэсць гільдый, найбольш прэстыжнай з якіх была Гільдыя Трох Каралёў, якая складалася з прадстаўнікоў гарадскога духавенства, дваранства і кіраўнічых структур[1]:19-20.

Феадальная сістэма ніколі не была ўсталявана ў шведскім каралеўстве, сяляне плацілі падаткі непасрэдна каралю і царкве, а не феадалу. У Паўночнай Швецыі і Фінляндыі толькі 5 % сялян працавалі на зямлі, не з’яўляючыся ўласнікамі і арандатарамі[1]:20.

Тэхнічнай навіною ў галіне земляробства стаў абаротны плуг, які зрабіў магчымай апрацоўку цяжкіх гліністых глеб, што дазваляла выкарыстоўваць раней недаступныя землі пад ворыва. На паўднёвым узбярэжжы і Аландскіх астравах узнік шэраг вёсак размешчаных у шхерах, дзе галоўнымі промысламі былі рыбалоўства і жывёлагадоўля. На поўначы і ўсходзе важную ролю займала ляднае земляробства, бо ўраджай ад ляднай раллі ў некалькі разоў перасягаў ураджай з пастаянных палёў. Ляднае земляробства было працаёмкім, таму гаспадаркі земляробчых рэгіёнаў складаліся з буйных сем’яў-радоў, што жылі разам[1]:20-21.

У Фінляндыі існавала невялікая група непадатковага саслоўя. Каб стаць яго часткай землеўладальнік мусіў за свой кошт падрыхтаваць для кароны коннага ратніка. Большую частку непадатковага саслоўя складалі шведска- або нямецкамоўныя сяляне з паўднёвага ўзбярэжжа, але паступова да яго далучаліся і заможныя фінскамоўныя сялянскія роды[1]:21.

У XIV і XV стст. адбываецца павелічэнне эканамічнага значэння Фінляндыі для шведскага каралеўства. Гэта выклікала ўзмацненне ўплыву фінляндскіх кіруючых слаёў на справы дзяржавы. З 1362 г. прадстаўнікам фінскіх саслоўяў было дазволена ўдзельнічаць у выбарах караля Швецыі[1]:23.

Кальмарская унія[правіць | правіць зыходнік]

Цягам большай часткі XIV і XV стст. Швецыя зазнала працяглыя звады паміж наследнікамі трона. Рэгенты рабілі няўдалыя спробы зрабіць трон спадчынным, у чым ім супрацьстаялі дваранскія роды ў хаўрусе паміж сабой і з нямецкімі князямі. Адной з самых уплывовых постацяў у тагачаснай Швецыі быў Бу Ёнсан Грып[en], які быў там найбуйнейшым землеўладальнікам і спрыяў уступленню на трон Альбрэхта Мекленбургскага[en] ў 1364 г. Бу Ёнсан атрымаў пасаду дротса[en], то бок вышэйшага канцлера каралеўства. Ён выкупіў большую частку каралеўскіх маёнткаў, дзякуючы чаму стаўся фактычным кіраўніком краіны. Найбольш моцную ўладу Бу Ёнсан меў над маёнткамі ў Фінляндыі[1]:22-23.

Абранне Альбрэхта каралём было вынікам моцнай пазіцыі Ганзы і паўночнагерманскіх князёў у Скандынавіі. Пасля смерці Бу Ёнсана ў 1386 г. скандынаўская арыстакратыя аб’ядналася супраць нямецкай экспансіі і ўтварыла ў 1397 г. у Кальмары унію трох скандынаўскіх каралеўстваў — Швецыі, Даніі і Нарвегіі. Манархам быў абраны Эрык Памеранскі[en], але да 1412 г. фактычнае кіраванне ажыццяўляла ягоная стрыечная бабка па матчынай лініі дацкая прынцэса Маргарэт, якая сканцэнтравала ў сваіх руках значную ўладу ў выніку шлюбу з прэтэндэнтам на шведска-нарвежскі трон[1]:23.

Кіраўнікі уніі не патрапілі ператварыць яе ў цэнтралізаваную і палітычна стабільную дзяржаву. Увядзенне гандлёвай блакады супраць ганзейскага Любека негатыўна адбілася на экспарце жалезнай руды з Швецыі, у выніку чаго ў 1430-х гг. пачаліся паўстанні сялян і гарнякоў. У 1471 г. спрэчкі паміж Даніяй і Швецыяй прывялі да ўзброенага канфлікту ў Брункебергу[en] (цяпер Нормальм) на поўнач ад Стакгольма[1]:23.

У выніку дацка-шведскіх канфліктаў і расправы дацкага караля Крысціяна II над шведскімі дваранамі ў 1520 г., шведскія сяляне пад кіраўніцтвам 24-гадовага двараніна Густава Эрыксана Вазы паднялі паўстанне ў правінцыі Даларна, якое хутка перакінулася на іншыя часткі краіны. У жніўні 1521 г. Ваза быў абраны кіраўніком усёй Швецыі. 6 чэрвеня 1523 г. Ваза прынёс традыцыйную каралеўскую прысягу на пасяджэнні рыксдага ў Стрэнгнесе. У Фінляндыі супраціўленне Даніі працягвалася яшчэ паўгода, і ў кастрычніку 1523 г. апошнія фармаванні датчан капітулявалі ў Выбаргу. Фінскія дваранскія сем’і аказвалі Густаву Вазу аднадушную падтрымку, і пасля перамогі многія з іх карысталіся даверам караля ў дзяржаўных пытаннях[1]:24-25.

Умацаванне Густавам Вазам шведскай каралеўскай улады паспрыяла распаду трох магутных транснацыянальных сістэм у Балтыйскім рэгіёне: Кальмарскай уніі, Ганзейскага саюза і скандынаўскага каталіцызму, падначаленага папскаму Рыму. У гісторыі Фінляндыі пачаўся перыяд больш адчувальнага шведскага ўплыву[1]:25.

Канфлікты з Расіяй[правіць | правіць зыходнік]

Ваенна-палітычны ландшафт Балтыйскага рэгіёна змяніўся ў выніку ўмацавання Вялікага Княства Маскоўскага і стварэння Расійскай дзяржавы. Усходняя мяжа паміж Швецыяй і Расіяй не была пэўнай, бо пры заключэнні Нётэборгскага (Арэхаўскага) міру пазначалася мяжа толькі на паўднёвым ускрайку Карэльскага пярэсмыка. У выніку паўночныя часткі Фінляндыі і Карэліі падвяргаліся падаткаабкладанню як Швецыяй, так і Расіяй. Пасля шматлікіх прымежных спрэчак у 1470-х гг. шведы пабудавалі ў Савалаксе вялікую крэпасць Олафсборг (Олавінліна), што было расцэнена Масквой як правакацыя. Пачаўся шэраг узброеных канфліктаў, які расцягнецца на некалькі стагоддзяў і будзе прыводзіць да частага перасоўвання мяжы паміж дзяржавамі[1]:24.

Ранні перыяд кіравання дынастыі Ваза (1523—1617)[правіць | правіць зыходнік]

Распаўсюджанне Рэфармацыі[правіць | правіць зыходнік]

Фінскі першадрукар Мікаэль Агрыкала на гравюры Альберта Эдэльфельта

Пасля скасавання Кальмарскай уніі пачынаецца фармаванне Швецыі як незалежнай дзяржавы пад кіраўніцтвам Густава Вазы, у якую ўвайшлі і тэрыторыі Фінляндыі. Перад Швецыяй паўстае фінансавая праблема, выкліканая вайной супраць Даніі і ўзятымі на гэтую вайну пазыкамі ў ганзейскага горада Любека, якія цяпер трэба было вяртаць.

На гэты момант у Еўропе ўжо пачалі распаўсюджвацца ідэі Рэфармацыі. Цяжкая фінансавая сітуацыя паслужыла адной з прычын таго, што Густаў Ваза прыняў рашэнне пра правядзенне царкоўных рэформ, такіх як абкладанне царквы падаткамі на карысць дзяржавы, ўсталяванне каралеўскага кантролю над царкоўнай адміністрацыяй і секулярызацыя ўладанняў каталіцкай царквы ў Швецыі. Рашэнне пра секулярызацыю было прынята на пасяджэнні рыксдага ў Вестэросе ў 1527 г. Гэтыя крокі прывялі і да палітычных змен: так, напрыклад, біскупы былі пазбаўленыя прывілея на асабістую ахову і будаўніцтва ўласных умацаванняў, што знізіла іх вагу ў палітыцы каралеўства[1]:26-27.

Трэба адзначыць, што пераход да лютэранства не адбыўся адразу пасля прыняцця рэформ, а праходзіў пакрысе. На самым пачатку царкоўныя рэформы разглядаліся як змены ў каталіцкай традыцыі, якія тым не менш не выходзілі за яе межы. Старых каталіцкіх святароў змяшчалі з пасадаў толькі ў рэдкіх выпадках. Асабліва доўга працэс адыходу ад каталіцтва зацягнуўся ў Фінляндыі. Лютэранства як афіцыйная вера замацавалася ў каралеўстве толькі ў 1593 г., калі было прынятае Аўгсбургскае веравучэнне[1]:29.

Для Фінляндыі прыход Рэфармацыі азначаў развіццё асветы і фінскай мовы, бо сярод прыхільнікаў рэформ панавала ідэя непасрэднай і асабістай камунікацыі чалавека з Богам, якая мусіла адбывацца на вядомай чалавеку мове. Біблія была перакладзена паслядоўнікамі Рэфармацыі на многія еўрапейскія мовы. Першым перакладчыкам Бібліі на фінскую мову быў святар Мікаэль Агрыкала, вучань Лютэра, які ў 1593 годзе вярнуўся ў Фінляндыю і стаў рэктарам кафедральнай школы ў Турку[en], а пазней і біскупам епархіі Турку. Агрыкала выдаў фінскі буквар (Abckiria[en], 1543), 900-старонкавы малітоўнік на фінскай мове (Rucouskiria) і пераклад на фінскую Новага Запавету (Se Wsi Testamenti, 1548). На той час яшчэ не існавала друкаванай літаратуры па-фінску, таму гэтыя публікацыі сталі асновай для далейшага развіцця пісьмовай фінскай мовы. Галоўнай моўнай крыніцай для Агрыкалы былі гаворкі найбольш заселенай паўднёва-заходняй Фінляндыі, але некаторыя словы былі ўзятыя і з гаворак іншых рэгіёнаў[1]:28.

Аналагічным чынам была замацаваная пісьмовая шведская мова, якой карысталася шведскамоўнае насельніцтва прыморскіх раёнаў Фінляндыі. У 1526 г. на шведскую мову быў перакладзены Новы Запавет, а ў 1541 г. — уся Біблія[1]:28.

Гандаль з Заходняй Еўропай[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на паляпшэнне фінансавага становішча Швецыі ў выніку царкоўных рэформ, больш чым палова запазычанасці перад Любекам у 1530-х гг. усё яшчэ не была выплачана. Густаў Ваза ўступіў ў вайну з Любекам, якая скончылася перамогай Швецыі і адмовай Любека ад прэтэнзій па шведскіх даўгах паводле гамбургскай мірнай дамовы 1536 г. Пасля паражэння ў вайне Ганзейскі саюз пачаў слабець, і новай дамінуючай сілай у балцкім гандлю зрабілася Галандыя.

Галандскае мараплаванне забяспечвала гандаль Балтыйскага рэгіёну з атлантычнымі партамі Заходняй Еўропы, дзе адбываўся рост насельніцтва і эканомікі, павышаўся попыт на тавары і сыравіну. З Балтыкі экспартаваліся зерне[en], драўніна і іншая сыравіна, з Заходняй Еўропы завозіліся тканіны, віны, прадметы мастацтва і раскошы[en][1]:26-27.

Заснаванне Хельсінкі[правіць | правіць зыходнік]

Партовыя гарады былі важнымі як для гандлю з іншымі краінамі, так і для аб’яднання ўнутраных рэгіёнаў Швецыі. У 1550 г. на загад Густава Вазы быў заснаваны новы партовы горад на паўднёвым узбярэжжы Фінляндыі. Горад размяшчаўся каля ракі Ванды (Вантаа) ў царкоўным прыходзе Хельсінг, адкуль пайшла яго назва — Гельсінгфорс (Хельсінкі).

Хельсінкі меўся стаць экспартным цэнтрам, які б мог спаборнічаць з размешчаным на поўдні Фінскага заліва ганзейскім горадам Рэвелем (цяпер вядомы як Талін). Для гэтага дзяржава заахвочвала яго засяленне новымі жыхарамі. Аднак праз некалькі год Рэвель згубіў сваё значэнне ў выніку вайны паміж Лівонскім ордэнам і Расіяй, а ў 1561 г. быў далучаны да Швецыі разам з усёй Паўночнай Эстоніяй. Гэта спыніла планы хуткага развіцця Хельсінкі, але горад працягнуў павольна нарошчваць насельніцтва і эканамічнае значэнне ў наступныя два стагоддзі[1]:31.

Цэнтралізацыя дзяржавы[правіць | правіць зыходнік]

Юхан III, герцаг Фінляндыі, пазней кароль Швецыі і вялікі князь Фінляндскі

Цягам свайго праўлення Густаў Ваза правёў шэраг рэформ, накіраваных на кансалідацыю ўлады ў сваіх руках. Мясцовая адміністрацыя фармавалася з наёмных нямецкіх спецыялістаў, якія, у адрозненне ад шведскіх чыноўнікаў, не патрабавалі палітычных прывілей і зямель за свае паслугі. У 1544 годзе прынцып перадачы каралеўскай улады быў зменены на спадчынны.

Армія набіралася з сялян, большасць з якіх у Швецыі былі вольнымі і падзялялі інтарэсы незалежнасці і стабільнасці дзяржавы. Уплыў дваранства і духавенства, наадварот, зніжаўся.

У 1556 годзе Густаў Ваза правёў падзел краіны на чатыры герцагствы, адным з якіх стала Фінляндыя. Кіраванне герцагствамі было даручана сынам Густава Вазы, герцагам Фінляндыі прызначаўся другі сын Юхан. Мэтай падзелу было забеспячэнне палітычнай стабільнасці і ўнікненне канфліктаў паміж спадкаемцамі за кантроль над тэрыторыяй[1]:29-30.

Герцаг Фінляндыі Юхан атрымаў вялікую аўтаномію, меў свой двор у замку Турку і сабраў вакол сябе вышэйшае дваранства Фінляндыі. У часе вайны з Расіяй у 1555—1557 гадах быў галоўнакамандуючым войска. Пры Юхане ў Фінляндыі была створаная асобная падліковая палата, павялічылася колькасць акруг для аптымізацыі працэсу збору падаткаў[1]:33.

Дэмаграфія каралеўства[правіць | правіць зыходнік]

У параўнанні з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, насельніцтва Швецыі было невялікім. У 1570 годзе яно складала каля 1.2 мільёна жыхароў, гэта значыць у 10 разоў менш тагачасных Расіі і Францыі. Нягледзячы на малую колькасць жыхароў, Швецыя складала вайсковую канкурэнцыю іншым дзяржавам праз высокую эфектыўнасць кіравання і мабілізацыю сялян у камбінацыі з прафесійным войскам. Жыхары гарадоў складалі не больш за 3 % ад насельніцтва ўсёй краіны. Найбуйнейшым горадам Швецыі быў Стакгольм, у якім у 1570-х гадах пражывала каля 6 тысяч людзей[1]:30-31.

Дзякуючы развіццю сельскай гаспадаркі, насельніцтва Фінляндыі ў перыяд з XII ст. да 1570-х гадоў вырасла з 50 да 300 тысяч чалавек. Найбольш заселеным рэгіёнам было паўднёва-заходняе ўзбярэжжа (Уласна Фінляндыя, Сатакунта, Тавастланд), дзе пражывала каля паловы ад жыхароў усёй Фінляндыі, найбольшым горадам — Турку. Падатковая рэформа 1540-х гадоў ускладніла становішча сялян, у выніку чаго многія карысталіся магчымасцю працаваць тры гады без падаткаў пры засваенні новых зямель. Такім чынам заахвочвалася засяленне неапрацаваных рэгіёнаў Паўночнага Тавастланда, Эстэрботніі, лясістых частак Цэнтральнай Швецыі і Нарвегіі[1]:32.

Кіраванне Эрыка XIV і Юхана III[правіць | правіць зыходнік]

Герб Фінляндыі з хронікі Лаўрэнціуса Петры[en] 1580-х гг.

Густаў Ваза памёр у 1560 годзе, пасля чаго каралём Швецыі стаў яго старэйшы сын Эрык XIV. Эрык меў добрую адукацыю і бурны тэмперамент, атрыманы ад бацькі, але яго падводзіла слабае псіхічнае здароўе.

Брат Эрыка і герцаг Фінляндыі Юхан ажаніўся ў 1562 годзе з дачкой былога польскага караля Кацярынай Ягелонкай. Юхан атрымаў сем замкавых ленаў у Ліфляндыі ў абмен на фінансавую падтрымку Польшчы. На той момант Польшча ўспрымалася ў Швецыі як варожая дзяржава, і неўзабаве падтрымала Данію ў вайне супраць Швецыі. Юхана абвінавацілі ў здрадзе, за якую ён быў зняволены ў крэпасці.

У 1567 годзе Эрык XIV забіў пяць прадстаўнікоў найвышэйшага дваранства Швецыі праз канфлікт з дваранствам і ўласныя псіхічныя праблемы. У адказ дваране вызвалілі Юхана і зрабілі яго каралём, а Эрыка пасадзілі за краты, дзе праз дзевяць гадоў ён быў атручаны мыш’яком на загад Юхана[1]:33.

Перыяд кіравання Юхана характарызаваўся паслабленнем у дачыненні да дваран, так, напрыклад, у 1569 годзе стала магчымым перадаваць дваранскі статус у спадчыну. Важным палітычным аспектам стала сімпатыя Юхана да каталіцкай царквы і папства. Гэта было абумоўлена жаданнем караля мець хаўрус с Польшчай, які б дапамагаў стрымліваць Расію ад дамінавання ў Балтыйскім рэгіёне, а таксама планамі зрабіць ягонага сына каталіка Жыгімонта каралём польска-шведскай уніі[en]. У 1576 каталіцкая царква заснавала сакрэтны езуіцкі цэнтр у Стакгольме для правядзення контррэфармацыі, аднак праз некалькі гадоў цэнтр быў рассакрэчаны і расфарміраваны. У 1577 годзе Юхан скасаваў некаторыя элементы лютэранскай літургіі. Падобныя дзеянні не знайшлі падтрымкі ў пратэстанцкага духавенства і дваранства[1]:33-34.

Пасля падпісання міру з Даніяй[en] у 1570 годзе, сутычкі з Расіяй на ўсходняй мяжы перараслі ў вайну, вынікам якой[en] пазней стане далучэнне да Швецыі Эстоніі і на кароткі час (да наступнай вайны ў 1590–1595 гадах[en]) большай часткі Інгерманландыі[2]:44. Значная частка вайсковых рэсурсаў была накіравана ў Фінляндыю, амаль усе падаткі, якія там збіраліся, ішлі на ваенныя расходы. Быў назначаны спецыяльны намеснік з вялікімі паўнамоцтвамі для кіравання эканомікай Фінляндыі. У 1581 годзе Юхан дадаў сабе тытул «вялікага князя Фінляндыі[en]» і выдаў загад зрабіць адпаведны гербавы шчыт, які дагэтуль застаецца афіцыйным гербам Фінляндыі. Герб уяўляе сабой камбінацыю двух іншых гербаў: леў[en] вобласці Гёта, прысутны на гербе Швецыі, трымае прамы меч заходняга ўзору, проціпастаўлены крывой шаблі з мясцовага герба Карэліі[1]:34-35.

Вайна паміж Жыгімонтам Вазам і герцагам Карлам[правіць | правіць зыходнік]

Карціна Альберта Эдэльфельта «Спаленая вёска» (1879) паказвае падзеі Дубіннай вайны

У 1592 годзе Юхан III памёр і шведская карона перайшла ягонаму сыну Жыгімонту Вазу, які на той момант ужо быў каралём Польшчы, таму не меў магчымасці пастаянна знаходзіцца ў Швецыі і кантраляваць уладу. У 1593 годзе ён пагадзіўся прызнаць лютэранства афіцыйным вучэннем у Швецыі каб атрымаць прызнанне мясцовай пратэстанцкай эліты. Праз год дзядзька Жыгімонта і трэці сын Густава Вазы Карл атрымаў пасаду шведскага канцлера. Фінляндыяй кіраваў Клас Флемінг[en], верны Жыгімонту.

У 1596—1599 гадах паміж Жыгімонтам і Карлам пачалося змаганне за трон[en], важным элементам якога стала Фінляндыя. Карл падняў паўстанне сярод стомленых ад высокіх падаткаў фінляндскіх сялян супраць войска Флемінга. Паўстанне, якое атрымала назву «Дубіннай вайны», было жорстка падаўлена. Загінулі больш за тры тысячы сялян, што складала 1 % ад насельніцтва Фінляндыі.

Увосень 1598 года войскі Карла перамаглі ў Паўднёвай Швецыі, у 1599 годзе была ўзятая лаяльная Жыгімонту крэпасць Турку. Смерцю былі пакараныя[en] сорак прадстаўнікоў фінскай эліты. Пазбег пакарання Арвід Стольарм[en], які пасля смерці Флемінга стаў намеснікам Фінляндыі. У выніку вайны была скасаваная аўтаномія Фінляндыі, падаўлялася рэлігійнае іншадумства. У 1604 годзе Карл быў прызнаны каралём Швецыі пад імем Карла IX[1]:35-36.

Эпоха шведскага вялікадзяржаўніцтва (1617—1721)[правіць | правіць зыходнік]

Сталбоўскі мір[правіць | правіць зыходнік]

У кароткі перыяд кіравання Карла IX працягваліся канфлікты за ўплыў у Балтыйскім рэгіёне. У 1610 пачалася вайна з Расіяй, якая на той час была аслаблена і перажывала смуту. На наступны год пасля пачатку вайны Карл IX памёр, і працягваць супрацьстаянне давялося яго сыну Густаву II Адольфу, які атрымаў трон у спадчыну ў маладым узросце. У выніку вайны быў падпісаны Сталбоўскі мір 1617 года, згодна з якім Швецыя атрымала ўсё Прыладажжа, Інгерманландыю з Нётэборгам (па-расійску Арэшак) і Нявой. У гісторыі звычайна акурат гэтая дата прымаецца за пачатак эпохі Швецыі як вялікай дзяржавы[1]:37-38.

Для Фінляндыі далучэнне новых тэрыторый было важнай падзеяй, бо значна ссоўвалася яе ўсходняя мяжа. Выбарг з памежнага фарпоста ператварыўся ў культурны і эканамічны цэнтр. Была заснаваная крэпасць Ніеншанц, якую планавалася зрабіць цэнтрам гандлю на ўсходзе Балтыкі. Стагоддзем пазней непадалёк ад Ніеншанца ўжо пад кантролем Расіі будзе заснаваны Санкт-Пецярбург[1]:38.

Шведская экспансія[правіць | правіць зыходнік]

Заваёвы Швецыі ў XVII стагоддзі

Цягам XVII стагоддзя Швецыя працягвала экспансію і вяла войны ў Балтыйскім рэгіёне, Польшчы, Германіі і Даніі. Армія фінансавалася за кошт пастаянных заваёў і падтрымкі саюзных краін, у прыватнасці Францыі. Такім чынам экспансія была выгадней за правядзенне абарончай палітыкі.

У часе Трыццацігадовай вайны Швецыя атрымала вялікія субсідыі ад Францыі і Галандыі, і ў 1634 годзе яе армія дасягнула 150 тысяч чалавек, сярод якіх былі як наёмнікі з іншых еўрапейскіх краін, так і ўласныя мабілізаваныя. Густаў II Адольф праводзіў рэформы, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці арміі.

У Фінляндыі салдаты набіраліся добраахвотна, за вылучэнне конніка сялянская гаспадарка магла атрымаць падатковую ільготу ў 30 рыксдалераў. Фінскія коннікі славіліся фізічнай падрыхтоўкай і атрымалі мянушку «хакапеліты[en]» ад баявога клічу «Hakkaa päälle» («Сячы!»).

Густаў II Адольф загінуў у бітве пад Лютцэнам[en] ў 1632 годзе, і Трыццацігадовая вайна скончылася ўжо пасля яго смерці Вестфальскім мірам 1648 года. Шведскую дэлегацыю на перамовах узначаліў рыксканцлер[en] Аксель Оксеншэрна, які кіраваў краінай ад імя малалетняй каралевы Крысціны ў 1632—1644 гадах. Згодна з мірным пагадненнем, Швецыя атрымала тэрыторыі на поўначы Германіі, у тым ліку некалькі буйных гандлёвых гарадоў[1]:39-40.

У выніку імклівай шведскай экспансіі Фінляндыя губляла сваё значэнне. Новыя заваяваныя тэрыторыі былі багацейшыя і прыносілі больш грошай шведскаму каралеўству. Калі ў XVI стагоддзі насельніцтва Фінляндыі складала траціну насельніцтва ўсяго каралеўства, то ў XVII стагоддзі гэты паказчык апусціўся да 10 %. Тым не менш, Фінляндыя традыцыйна захоўвала ранг і статус вышэйшы, чым у правінцый[1]:38.

Урадавая рэформа[правіць | правіць зыходнік]

Павелічэнне тэрыторый і насельніцтва Швецыі, як і частыя войны, ускладнялі задачу кіравання каралеўствам. Каб прымаць больш прадуманыя і паслядоўныя рашэнні, у 1634 годзе была праведзеная рэформа кіравання. Былі створаны цэнтральныя органы — калегіі, узначальваемыя пераважна сябрамі Дзяржаўнай рады. Спадчына ўведзенай тады сістэмы дагэтуль захоўваецца ў Швецыі ў выглядзе дэпартаментаў, і ў Фінляндыі ў выглядзе міністэрстваў.

Чыноўнікі, якія выконвалі адміністрацыйныя функцыі, патрабавалі ўзнагароды за сваю працу. Праз нястачу фінансавых рэсурсаў, чыноўнікаў заахвочвалі раздачай дваранскіх тытулаў і зямель (ленаў). У сярэдзіне XVII стагоддзя дваранам належала дзве трэці ўсіх зямель у Швецыі і Фінляндыі[1]:40-41.

Фінляндыя пад кіраваннем Пера Браге[правіць | правіць зыходнік]

Генерал-губернатар Фінляндыі Пер Браге Малодшы

Для рэфармавання сістэмы кіравання ў Фінляндыі ў 1623 годзе была ўведзеная пасада генерал-губернатара[en], месцам рэзідэнцыі стаў горад Турку. Найбольш вядомым з тых, хто займаў гэтую пасаду, стаў Пер Браге[en], які зрабіў вялікі ўклад у развіццё краіны. Ён паходзіў са знакамітага дваранскага роду[en] і валодаў вялікай колькасцю зямель у каралеўстве. Браге займаў пасаду генерал-губернатара цягам двух перыядаў: 1637-41 і 1648-54 гадоў.

Задачай Браге было развіццё судаводства, абароны, гарадоў і падаткаабкладання. Пры ім у Фінляндыі і Інгерманландыі пачалі працаваць паштовыя аддзяленні, якія злучалі Фінляндыю з іншымі часткамі каралеўства. З мэтай развіцця гандлю былі заснаваныя дзесяць гарадоў ва ўнутраных абласцях Фінляндыі і ў Эстэрботніі. Сярод іх партовыя гарады Брагэстад (1649), Крысцінестад (1649) і Якабстад (1652)[1]:42-43.

У 1640 годзе ў Турку была заснаваная акадэмія[en], якая стала цэнтрам адукацыі ў рэгіёне і дапамагала з нястачай чыноўнікаў у Фінляндыі. Акадэмія мела чатыры факультэты: тэалагічны, медыцынскі, юрыдычны і філасофскі. Пасаду канцлера ад заснавання акадэміі і да сваёй смерці ў 1680 годзе займаў Пер Браге. У XVII стагоддзі акадэмія налічвала больш за 200 студэнтаў і 10 прафесараў. Многія прафесары прыязджалі з Упсальскага ўніверсітэта, а калі траціны студэнтаў паходзілі з заходняй часткі каралеўства, што павялічвала шведскі ўплыў у Фінляндыі. Акадэмія займала вядучае месца ў галіне тэалогіі, важную ролю выконвалі класічныя мовы[en]: усе дысертацыі друкаваліся і публічна абараняліся на лаціне або на грэчаскай мове[1]:49-50.

Лютэранства ў культуры і палітыцы[правіць | правіць зыходнік]

Царква ў Вёйры[fi] (1626 год пабудовы) — найстарэйшая дзеючая драўляная царква ў Фінляндыі

У эпоху шведскага вялікадзяржаўніцтва рэлігія і дзяржава былі цесна звязаныя паміж сабой. Палітычныя ідэі шведскай дзяржавы даносіліся да грамадства праз царкоўныя пропаведзі лютэранскіх святароў. Бедствы каралеўства, такія як войны, эпідэміі і неўраджаі тлумачыліся неадкупленымі грахамі[1]:47.

У 1608 годзе на загад Карла IX у Швецыі кодэкс пакаранняў быў прыведзены ў адпаведнасць суроваму закону Майсея. Публічнае смяротнае пакаранне прадугледжвалася за забойствы, абразы і сексуальныя злачынствы. Для цэнтралізацыі і павышэння эфектыўнасці судаводства былі заснаваныя апеляцыйныя суды[en] ў Турку (1623), Дэрпце (1630), Ёнчопінгу (1634)[1]:47. З 1682 года дзейнасць духавенства рэгулявалася царкоўным законам, які дзейнічаў у Фінляндыі да 1869 года[1]:48.

У той жа час узмацнялася царкоўная дысцыпліна. Для прасцейшага кантролю наведвальнасці цэркваў праводзілася іерархічная рассадка прыхаджан у залежнасці ад саслоўя. Практыкавалася публічнае ганьбаванне за адступленне ад нормаў рэлігійнай маралі. Распаўсюджанай таксама была практыка палявання на ведзьмаў[en], накіраваная збольшага супраць мясцовых маргіналаў[1]:47.

Каб забяспечыць давер прыхаджан, святары мусілі добра валодаць мовай сваёй парафіі, якая магла адрознівацца ад рэгіёна к рэгіёну. У 1642 годзе ў Стакгольме быў надрукаваны першы поўны пераклад Бібліі на фінскую мову, першы тыраж якога склаў 1200 асобнікаў. На тытульным аркушы былі размешчаныя партрэт каралевы Крысціны і гербы ўсіх правінцый каралеўства. Пераклад быў разасланы ў прыходы Фінляндыі і Інгерманландыі, і ў далейшым стаў адным з падмуркаў для развіцця фінскай літаратурнай мовы[1]:48. Пры гэтым мовай навучання ў пачатковых школах і ліцэях была шведская, што спрыяла шведызацыі адукаванай эліты Фінляндыі. У гэты перыяд больш за 85 % насельніцтва Фінляндыі валодалі толькі фінскай мовай і крыху больш за 10 % — толькі шведскай[1]:50.

У Шведскім каралеўстве XVII стагоддзя папулярным было будаўніцтва драўляных цэркваў, бо каменныя ўважаліся занадта дарагімі і будаваліся рэдка. Многія цэрквы будаваліся з фундаментам у выглядзе крыжа на ўзор еўрапейскіх храмаў эпохі Рэнесансу. Да сённяшніх дзён у Фінляндыі захаваліся тры з 25 крыжападобных[en] цэркваў XVII стагоддзя[1]:48.

Развіццё смолакурэння[правіць | правіць зыходнік]

У XVII стагоддзі важным рухавіком эканомікі Швецыі зрабілася металургія. Швецыя была ў выгадным становішчы адносна іншых еўрапейскіх краін, бо мела адначасова жалезную руду і драўніну, якая ішла на вытворчасць вугалю[en] для перапрацоўкі руды. Жалеза і медзь разам складалі 80 % экспарту ўсяго каралеўства. У Фінляндыі таксама былі створаныя металургічныя заводы, але іх колькасць была адносна невялікай (20 фінляндскіх супраць 300 шведскіх), а рэнтабельнасць была нізкай, бо для апрацоўкі шведскай руды было выгадней выкарыстоўваць драўніну, што здабывалася ў бліжэйшых шведскіх і нарвежскіх лясах[1]:44.

Найбольш выгаднай прамысловасцю для Фінляндыі стала вытворчасць смалы. Захоўваць яе прасцей чым драўніну, што было важным фактарам праз геаграфічную аддаленасць Фінляндыі ад заходнееўрапейскіх рынкаў збыту. Попыт на смалу быў вялікі дзякуючы развіццю суднабудавання, дзе смалу выкарыстоўвалі для ўзмацнення карпусоў караблёў. Такім чынам, тры чвэрці ўсёй смалы шведскага каралеўства выраблялася ў Фінляндыі. Найбольш прадуктыўнымі рэгіёнамі ў галіне смолакурэння[pl] былі Эстэрботнія, Савалакс і Карэлія.

Тэхналогію вытворчасці смалы запазычылі ў пачатку XVII стагоддзя з Прусіі, дзе таксама расло шмат хвоі. Хвойнік валілі і сушылі, пасля чаго складвалі ў смалярныя ямы. У выніку працяглага тлення хвоя выдзяляла смалу і дзёгаць. Смалу запячатвалі ў бочкі і вывозілі ўнутранымі рэкамі, азёрамі і дарогамі. 70-80 % вырабленай такім чынам смалы экспартавалася ў іншыя дзяржавы.

Спачатку вытворчасць смалы кантралявалася гандлярамі, якія заключалі з сялянамі абавязацельствы на вытворчасць пэўнай колькасці бочак смалы ў абмен на пражыванне, соль, а таксама на выплату крэдытаў перад дзяржавай. У 1647 годзе вытворчасць смалы дасягнула максімуму і каралеўская адміністрацыя прыняла рашэнне манапалізаваць гандаль. Нягледзячы на незадаволенасць купцоў і вытворцаў смалы, у Стакгольме была створаная смалакурная кампанія, мэтай якой быў кантроль над вытворчасцю, гандлем і цэнамі на смалу. Заснаванне кампаніі стабілізавала вытворчасць на ўзроўні 110 тысяч бочак у год і выклікала павышэнне цаны.

Смала з Эстэрботніі вывозілася праз Стакгольм пераважна ў Вялікабрытанію пад маркай Stockholm tar. Савалакская і карэльская смала прадавалася ў Выбаргу са знакам W, рынкамі збыту для яе былі пароўну Лондан і Амстэрдам. Пры гэтым смала Stockholm tar мела вышэйшую цану праз яе лепшую якасць.

Смала заставалася важнай пазіцыяй экспарту Фінляндыі яшчэ цягам некалькіх стагоддзяў, пакуль не пачалі з’яўляцца караблі з металічнымі карпусамі. Пакрысе смолакурэнне ў эканоміцы Фінляндыі саступіла пазіцыі нарыхтоўцы драўніны[1]:45-46.

Паўночная вайна і канец эпохі вялікадзяржаўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

У 1680 годзе на пасяджэнні рыксдага ў Швецыі была ўведзеная сістэма адзінаўладдзя. Канцэнтрацыя ўлады ў руках манарха Карла XI дазволіла яму правесці рэдукцыю[en] маёнткаў шведскіх дваран. Вызваленая зямля выкарыстоўвалася пад ваенныя паселішчы, дзе каманднаму складу арміі выдавалася жыллё як узнагарода за службу. Сялянскія гаспадаркі абавязваліся ўтрымліваць салдат. У Фінляндыі і Швецыі такая сістэма набору ў войска дзейнічала яшчэ на працягу некалькіх стагоддзяў[1]:50-51.

Большая частка перыяду кіравання Карла XI характарызуецца 21-гадовым мірам і нейтралітэтам у міжнароднай палітыцы. Тым не менш, гэтыя часы былі цяжкімі для шведскай эканомікі. Праз надзвычайна халоднае надвор’е 1680-90-х гадоў сяляне гублялі ўраджай, а ў 1696-97 гадах здарыўся голад[en] і эпідэміі. Асабліва цяжка гэта праявілася ў Фінляндыі, дзе дрэнны стан дарог узімку і нежаданне каралеўскай улады падтрымліваць сялян прывялі да пагаршэння сітуацыі. Паводле некаторых даных, тады ў Фінляндыі загінула каля 150 тысяч чалавек, што складала 30 % ад усіх жыхароў рэгіёну[1]:51-52.

Бітва пад Нарвай

У 1697 годзе Карл XI памёр і яму на змену прыйшоў малалетні Карл XII. Суседнія дзяржавы Данія, Саксонія, Рэч Паспалітая і Расія пабачылі магчымасць скарыстацца недасведчанасцю маладога караля і ў 1700 годзе пачалі супраць Швецыі вайну, якае атрымае назву Паўночнай[1]:51. Пачатак вайны быў паспяховым для Швецыі. У лютым 1700 года саксонскія войскі атакавалі крэпасць у Рызе. Адначасова датчане напалі на герцагства Гольштэйн[en], якое было саюзнікам Швецыі. Абедзве атакі былі паспяхова адбітыя. У лістападзе 1700 года шведска-фінская армія з 10 тысяч чалавек разбіла пад Нарвай ўтрая большае расійскае войска[1]:52.

Пасля заключэння міру з Саксоніяй і Рэччу Паспалітай, Карл XII сканцэнтраваў увагу на Расію, і ў прыватнасці Маскву. У часе прасоўвання на расійскую тэрыторыю шведская армія сутыкнулася з шэрагам цяжкасцей, такіх як вялікія адлегласці і тактыка расійскай арміі па выпальванні зямлі пры адступленні. У чэрвені 1709 года шведскае войска было разгромленае ў бітве пры Палтаве. Пасля паражэння кароль збег у Асманскую імперыю, а рэшткі шведскага войска патрапілі ў палон[1]:52.

Увесну 1710 года расійская армія ўвайшла ў Фінляндыю і канчаткова захапіла яе ў 1714 годзе. Эканамічнае становішча Фінляндыі не дазваляла самастойна забяспечваць акупацыйныя сілы ў 25-35 тысяч чалавек, таму больш за 70 % забеспячэння ажыццяўлялася праз марскія пастаўкі з Расіі. Акупацыя суправаджалася жорсткасцю да мясцовых жыхароў, марадзёрствам і набегамі конных казакоў. У Расію было сагнана каля 8 тысяч мірных жыхароў. У гісторыю Фінляндыі гэты перыяд расійскай акупацыі ўвайшоў пад назвай «вялікага ліхалецця[en]»[1]:52-53.

У 1715 годзе Карл XII вярнуўся з Асманскай імперыі, але адмовіўся ад перамоў, неабходных для захавання жыццёва важных абласцей каралеўства. У 1718 годзе кароль загінуў і пасля яго смерці быў заключаны мір з усімі краінамі па чарзе. Невялікія тэрыторыі атрымалі Данія і Прусія. Паводле Ніштацкага дагавору 1721 года Ліфляндыя, Эстляндыя, Інгерманландыя і Карэлія адышлі Расіі. Новая ўсходняя мяжа Фінляндыі, якая праходзіла на захад ад Выбарга, была пазначаная Пятром I і таму атрымала назву мяжы Пятра Вялікага. Малодшая сястра Карла XII Ульрыка Элеанора заняла трон, але хутка адраклася ад пасады на карысць мужа Фрэдэрыка Гесенскага[en]. У 1719-24 гадах фактычная ўлада перайшла ў рукі саслоўяў, што паклала канец эпосе абсалютызму[1]:53.

Эра свабоды і Густавіанская эпоха (1721—1809)[правіць | правіць зыходнік]

Наступствы Паўночнай вайны[правіць | правіць зыходнік]

Зялёным колерам абазначаныя тэрыторыі Фінляндыі, якія адышлі Расіі ў выніку Ніштацкага дагавору 1712. Жоўтым — страты Швецыі ў вайне каўпакоў 1743 года.

У выніку правядзення новай мяжы паміж Расіяй і Швецыяй згодна з Ніштацкім дагаворам 1721 года, усходняя частка Фінляндыі апынулася ў складзе Расіі, а заходняя частка заставалася ў шведскім каралеўстве. На тэрыторыі Карэліі была сфармаваная Выбаргская губерня з цэнтрам у Выбаргу. Жыхарам дазвалялася захаваць канфесійную прыналежнасць і законы, не ўводзілася прыгону. Хуткае развіццё Санкт-Пецярбурга стварала спрыяльныя ўмовы для эканомікі рэгіёну[1]:55.

У шведскай частцы Фінляндыі адбылася змена палітычнай сістэмы з абсалютызму на парламентарызм[en] (так званая Эра свабоды). Улада належала саслоўям, які кожныя тры гады збіраліся на пасяджэнні ў рыксдагу, дзе засядаў і кароль, а іх рашэнні выконвала Дзяржаўная Рада. Найбольшую вагу мела дваранскае саслоўе, але і іншыя саслоўі таксама мелі ўплыў на палітычны працэс.

Вайна капелюшоў[правіць | правіць зыходнік]

Напачатку XVIII стагоддзя ў шведскім парламенце ўзніклі дзве канкурэнтныя партыі «каўпакоў[en]» і «капелюшоў[en]». «Каўпакі» выступалі за абарончую палітыку, а «капелюшы» прытрымліваліся больш агрэсіўных пазіцый і падтрымлівалі адваяванне страчаных тэрыторый. Партыя «каўпакоў» правіла ў Швецыі да 1738 года пад кіраўніцтвам графа Арвіда Горна[en], пасля чаго ўлада перайшла да «капелюшоў», якія карысталіся фінансавай падтрымкай Францыі. У 1741 годзе Швецыя пачала наступ на Расію, які атрымаў назву «вайны капелюшоў[en]» (1741—1743). Паход быў няўдалым і скончыўся падпісаннем Туркускай мірнай дамовы, паводле якой Расія атрымала яшчэ больш тэрыторыі у Фінляндыі.

Пасля вайны ўзнік план умацавання Фінляндыі такім чынам, каб у выпадку нападу да яе маглі паспець дабрацца шведскія войскі і адбіць наступленне. У 1748 годзе пачалося будаўніцтва прыморскіх крэпасцяў Свеаборг і Свартхольм[en] пад кіраўніцтвам афіцэра Аўгустына Эрэнсверда[en]. Ягонымі ж намаганнямі быў палепшаны стан шведскага флоту, для якога пабудавалі шхерныя фрэгаты[en] — новы тып судоў з лепшай манеўранасцю і ўзброенасцю чым у галер. Умацаванне Фінляндыі прывяло да яшчэ большага росту напружанасці паміж Швецыяй і Расіяй, бо ўспрымалася як пагроза Санкт-Пецярбургу, на той момант сталіцы Расіі[1]:55-58.

Змены ў эканоміцы Фінляндыі[правіць | правіць зыходнік]

Аднэрс Чудзеніус, актыўны прыхільнік класічнага лібералізму[en] ў Швецыі XVIII стагоддзя

З ростам Санкт-Пецярбурга павялічваўся яго эканамічны ўплыў на паўднёвае ўзбярэжжа Фінляндыі, у той час як Эстэрботнія праз сваё геаграфічнае палажэнне мела больш цесную сувязь са Стакгольмам, чым з іншымі часткамі Фінляндыі. Шведскае кіраўніцтва праводзіла палітыку «разумнага меркантылізму», што прадугледжвала мытныя абмежаванні і змаганне з кантрабандай, і выклікала ў Фінляндыі незадаволенасць. Фінскія палітыкі з партыі «каўпакоў», на чале якіх стаяў капелан Андэрс Чудзеніус[en] з Эстэрботніі, выступалі супраць меркантылізму. Дзякуючы іх намаганням, у 1765 годзе былі знятыя гандлёвыя абмежаванні ў Эстэрботніі і дазвалялася марское перасоўванне сялян. У выніку гэтай рэформы гандлёвыя дамы ў Эстэрботніі змаглі наладзіць непасрэдныя кантакты з Брытаніяй, Галандыяй, Паўднёвай Еўропай і Вест-Індыяй. Найважнейшым прадметам імпарту Фінляндыі заставалася соль, але з’явіліся і новыя прадукты: паўднёвая садавіна, какава і ліставая гарбата.

У той частцы Фінляндыі, што апынулася пад кантролем Расіі, пачаўся пераход ад смолакурэння да лесапільнай прамысловасці[en]. Гэта стала магчымым дзякуючы новаму галандскаму тыпу пілы, якая лёгка прыводзілася ў рух за кошт шматлікіх вадаспадаў Паўднёва-Усходняй Фінляндыі. Палітыка шведскай кароны тармазіла развіццё лесапільняў у шведскай частцы Фінляндыі, што было выгадна выбаргскім купцам. У 1739 годзе забарона на выкарыстанне галандскай пілы была скасавана, але лесапільні, што ўзніклі ў блізкіх да Расіі рэгіёнах, усё адно экспартавалі сваю прадукцыю праз Выбарг.

Перыяд міру і дзяржаўная падтрымка прывялі да развіцця фінскай сельскай гаспадаркі ў другой палове XVIII стагоддзя. Падатковыя ільготы заахвочвалі засваенне новых зямель сялянамі, акрамя таго ім было дазволена здаваць зямлю ў арэнду. У перыяд 1750—1800 гадоў колькасць сельскагаспадарчых угоддзяў у Фінляндыі ўзрасла больш чым удвая: з 35 да 80 тысяч. У 1757 годзе рыксдаг зацвердзіў так званы вялікі перадзел, у выніку чаго на змену цераспалосіцы[ru] прыйшлі адзіныя ўчасткі зямлі ва ўласнасці асобных гаспадарак.

Афіцыйны перапіс насельніцтва 1750 года дазволіў атрымаць звесткі пра сацыяльны склад грамадства Швецыі і Фінляндыі. Амаль 80 % насельніцтва Фінляндыі складалі сяляне, 4 % — дробнае бюргерства, 10 % — дробныя чыноўнікі, 3,5 % — саслоўныя асобы, сярод якіх дваранства, духавенства, вышэйшае бюргерства і іх слугі[en]. Колькасць жыхароў Фінляндыі за другую палову XVIII стагоддзя ўзрасла з 427 да 833 тысяч чалавек, з тэмпам росту, які перавышаў паказчыкі ў іншых краінах Еўропы. Насельніцтва Турку за той жа перыяд узрасло з 5700 да 10200 чалавек, насельніцтва Хельсінкі ў 1805 годзе складала 3600 чалавек, а калі лічыць разам з Свеаборгам, то больш за 8800 [1]:58-61.

Развіццё культуры і навукі[правіць | правіць зыходнік]

Паляпшэнне дабрабыту і важная стратэгічная роля Фінляндыі паслужылі падмуркам культурнага развіцця краіны і пашырэння новых ідэй.

Вышэйшыя афіцэры набывалі сабе сядзібы каля Хельсінкі, дзе разбівалі паркі і сады на ўзор французскіх і англійскіх, што пазней распаўсюдзілася і ў іншыя часткі краіны. На святах афіцэрскіх сем’яў упершыню пачалі падаваць гарачы шакалад, новы французскі напой. Салдаты і будаўнікі Свеаборга пашыралі новыя тэхналогіі падрывання горных парод і вытворчасці чырвонай вохры, у выніку чаго сяляне пачалі будаваць свае хаты на каменным падмурку і фарбаваць фасады чырвоным колерам.

Развівалася і навука, у прыватнасці дзякуючы навукоўцам з акадэміі Турку[en]. Пер Кальм[en], прафесар эканомікі і вучань Карла Лінея, правёў экспедыцыю ў Паўночную Амерыку ў 1747—1751 гадах, пасля якой вярнуўся ў Турку і заснаваў батанічны сад, што выкарыстоўваўся як лабараторыя для вывядзення новых карысных культур. Загадчык кафедры хіміі Пер Адрыян Гад[d] увайшоў у гісторыю як піянер навуковых даследаванняў у галіне сельскай гаспадаркі.

Хенрык Габрыэль Портан[en], прафесар рыторыкі, праводзіў гуманітарныя даследаванні па гісторыі, мовазнаўстве і народных звычаях. Ён арганізаваў шэраг экспедыцый, у прыватнасці ў Эстэрботнію і Карэлію, дзе збіраў мясцовы фальклор і выдаваў яго з каментарыямі на лаціне. У сваіх працах Портан праводзіць падзел паміж берагавой Фінляндыяй, цесна звязанай гандлёвымі сувязямі з Швецыяй і Еўропай, і старажытнай, некранутай унутранай Фінляндыяй з яе малазаселенымі лясамі і азёрамі. У 1771 годзе Портан з аднадумцамі заснаваў першую фінскую газету, якая сумяшчала ў сабе гістарычныя нататкі і актуальныя палітычныя пытанні. У 1797 годзе гэтым жа колам людзей была створана Фінская эканамічная грамада[d].

У студзені 1800 года з Портманам у Турку сустрэўся брытанскі падарожнік Эдвард Даніэль Кларк[en]. Ён быў уражаны добрым валоданнем лацінскай мовай Портмана і ягонымі багатымі звесткамі пра Фінляндыю. Пазней Кларк наведаў Хельсінкі і Свеаборг, рытм жыцця ў якім нагадаў яму гулянні ў лонданскім Гайд-парку[1]:62-64.

Праўленне Густава III[правіць | правіць зыходнік]

У 1772 годзе каралём Швецыі стаў Густаў III, які сканцэнтраваў уладу ў сваіх руках і праводзіў палітыку асветнага абсалютызму[en] як і іншыя манархі таго часу, напрыклад Кацярына II у Расіі і Фрыдрых II у Прусіі. Густаў III падтрымліваў ліберальныя тэндэнцыі ў эканоміцы і ствараў сабе вобраз гуманнага рэфарматара. Ягонае кіраванне, аднак, не задавальняла арыстакратыю, якая не хацела губляць уладу ў краіне.

Улетку 1775 года Густаў III пачаў падарожжа па Фінляндыі, якое павялічыла яго папулярнасць сярод мясцовых жыхароў. У часе ягонага кіравання быў створаны вярхоўны суд у Ваасе (1776), былі закладзеныя гарады Тамерфорс (1776), Куопіа (1782) і Каскё (1786). Аднак стаўленне Густава III да Фінляндыі было прагматычным. У 1783 годзе ён прапанаваў расійскай імператрыцы Кацярыне II, якая была яго стрыечнай сястрой, забраць Фінляндыю ў абмен на падтрымку Швецыі ў заваяванні Нарвегіі. Кацярына II адхіліла прапанову, таму планы караля не здзейсніліся.

У канцы 1780-х Расія была ў стане вайны з Асманскай імперыяй, чым захацеў скарыстацца Густаў III. У 1788 годзе ён напаў на Расію з мэтай адваявання ў яе тэрыторый, згубленых у першай палове XVIII стагоддзя. Пачатак вайны быў няўдалым для Швецыі, праваліліся атакі на рускія пазіцыі ў Нюслоце і Фрыдрыхсгаме, што выклікала пратэсныя настроі сярод фінскіх афіцэраў. У 1721 годзе яны звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб міры, якая была праігнаравана. У памежнай вёсцы Аньяла 112 афіцэраў падпісалі заяву, дзе назвалі вайну незаконнай. У адказ на гэта Густаў III разграміў Аньяльскі саюз, было вынесена 78 смяротных прысудаў, адзін з якіх[sv] прыведзены ў выкананне. Працяг вайны быў больш паспяховым, у ліпені 1790 года шведскі флот перамог у бітве пад Свенсксундам[en], дзе рускія страцілі 50 караблёў, а шведы толькі 6. Гэта дазволіла падпісаць мір у вёсцы Вяраля, які захоўваў дзяржаўныя межы нязменнымі, але паслабіў магчымасці Расіі ўплываць на шведскую палітыку[1]:66-68.

Густаў III быў забіты ў сакавіку 1792 года групай дваран у часе маскараду ў Стакгольмскай оперы.

Фінская вайна і канец шведскага праўлення[правіць | правіць зыходнік]

Боргаскі сойм 1809 года

У лютым 1808 года на загад імператара Аляксандра I расійскае войска пачало наступ у падкантрольнай Швецыі частцы Фінляндыі. Прычынай быў Тыльзіцкі мір 1807 года паміж Расіяй і Францыяй, паводле каторага Расія павінна была прымусіць Швецыю далучыцца да гандлёвай блакады[en] Вялікабрытаніі, на якую не пагаджаўся шведскі кароль. Ужо праз месяц расіяне захапілі вялікія вобласці на поўдні Фінляндыі, яшчэ праз некаторы час здалося камандаванне Свеаборга, не верачы ў поспех абароны. Шведы пры падтрымцы Вялікабрытаніі спрабавалі правесці контрнаступленне і мелі частковы поспех на моры, але не далі рады ў баях на сушы, у выніку чаго адступілі канчаткова.

Ідэя далучыць Фінляндыю ўзнікла ў Расіі ўжо падчас вайны. Частка фінскіх сялян вяла партызанскую вайну, бо падтрымлівала шведскага караля і не хацела прыгону, але сярод іншых саслоўяў пашыраліся прарасійскія настроі і расчараванне ў здольнасцях Швецыі абараніць Фінляндыю. У чэрвені 1808 года Аляксандр падпісаў маніфест, дзе абяцаў захаваць шведскія законы і фінансава падтрымліваць краіну. У канцы восені 1808 года група фінскіх дэпутатаў наведала Санкт-Пецярбург і прасіла імператара склікаць сойм, дзе саслоўі б абвясцілі яго кіраўніком Фінляндыі. На загад Аляксандра 29 сакавіка 1809 года быў скліканы Боргаскі сойм. 17 верасня 1809 года Швецыя і Расія падпісалі Фрыдрыхсгамскі мірны дагавор, згодна з якім Расія атрымала шэсць фінскіх ленаў, Аландскія астравы і частку лена Вестэрботэн[en]. Гэтая падзея паклала канец шведскаму праўленню ў Фінляндыі[1]:69-71. На далучаных да Расіі землях было створана аўтаномнае Вялікае княства Фінляндскае.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг ад ае аё аж аз аі ак ал ам ан ао ап ар ас ат ау аф ах ац ач аш аэ аю ая ба бб бв бг бд бе бё бж Мейнандэр Х. Гісторыя Фінляндыі: Лініі, структуры, пераломныя моманты; пер. са шведскай Вольгі Рызмаковай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — ISBN 978-985-02-1748-6.
  2. Frost, Robert I. (2000). The Northern Wars: War, State, and Society in Northeastern Europe, 1558–1721. Modern wars in perspective. Upper Saddle River, New Jersey: Pearson Education. ISBN 0-582-06429-5.