Перайсці да зместу

Касцёл Маці Божай Шкаплернай (Мядзел)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Маці Божай Шкаплернай
Касцёл Маці Божай Шкаплернай пасля рэканструкцыі ў 2006 годзе
Касцёл Маці Божай Шкаплернай пасля рэканструкцыі ў 2006 годзе
54°52′56″ пн. ш. 26°55′21″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мядзел
Канфесія Каталіцызм
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Ордэнская прыналежнасць Ордэн босых кармелітаў
Архітэктурны стыль барока
Дата заснавання 1754
Будаўніцтва 1754
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Маці Божай Шкаплернай (Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі з гары Кармель) — каталіцкі храм, помнік архітэктуры позняга барока у Мядзеле, пабудаваны ў 1754 годзе.

У парафіі касцёла з часу яго пабудовы апякаюцца айцы кармеліты босыя. Кармеліты босыя — манахі жабрацкага каталіцкага ордэну, які бярэ свой пачатак на Святой Зямлі. Ордэн быў значна распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі.

Касцёл пабудаваны з цэглы і выкананы ў стылі барока. Інтэр’ер аздоблены ў стылі ракако.

Касцёл Маці Божай Шкаплернай часта блытаюць з касцёлам Святога Станіслава, аднак насамрэч Станіслаўскі касцёл знаходзіўся ў Новым Мядзеле за рэстаранам, быў збудаваны з дрэва і спалены падчас Другой сусветнай вайны.

Цагляны касцёл быў пабудаваны ў Старым Мядзеле ў 1754 годзе. Фундатарам выступіў уладальнік Старога Мядзела Антоні Кошчыц. Разам з касцёлам былі пабудаваныя плябанія і кляштар. Бібліятэка пры кляштары на пачатку XIX стагоддзя налічвала 423 кнігі. У 1772 годзе на прылеглых ля касцёла палях і рынку мястэчка была збудаваная Мядзельская Кальварыя, якая ў той час налічвала 21 капліцу і 8 брам. Фундатар касцёлу Антоній Кошчыц быў пахаваны ў касцельнай крыпце, у строі з багатым слуцкім поясам.

За сваю гісторыю касцёл пэўны час выкарыстоўваўся як ўніяцкі кляштара, а таксама пазней быў пераабсталяваны ў праваслаўную царкву. У часы праваслаўя з касцёла былі вынесены алтары, роспісы ў стылі ракако замаляваныя вапнай, Мядзельская Кальварыя, якая налічвала каля 40 капліц, была разабраная. Парафіяльныя кніжкі, цудоўны абраз Маці Божай і статуі, якія стаялі ў нішах святыні, былі перанесены ў каталіцкі храм у Новым Мядзеле. Усё гэта было спалена разам з касцёлам Святога Станіслава 2 лістапада 1942 года.

Касцёл і капліца ў Старым Мядзеле, 1930-я.

У міжваенны час, калі Мядзел знаходзіўся пад уладай Польшчы, у Стары Мядзел вярнуліся кармеліты. Храм вярнуўся ў каталіцтва ў 1927 годзе, пасля чаго яго абнавілі, а ў галоўным алтары размясцілі абраз Маці Божай Шкаплернай. Таксама была адбудаваная Мядзельская Кальварыя, якая пачала прыцягваць натоўпы пілігрымаў. Далейшую працу па рамонту касцёла і Кальварыі перарвала Другая сусветная вайна.

У 1943 годзе будынак кляштара быў спалены, а храм цудам ацалеў. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў зачынены і перададзены ў карыстанне мясцовай сельгасхіміі (магчыма, сельгастэхніцы). Кармеліты заставаліся ў Мядзеле да 1949 года, а потым былі высланы ў Польшчу.[1]

Рэшткі капліцы і крыжы, усталяваныя на Кальварыйскім узгорку Мядзельскай Кальварыі

У 1982 годзе каля касцёла праводзілі раскопкі археолагі Міхаіл Чарняўскі і Зянон Пазняк. Даследавана плошча 18 м². Выяўлена кераміка XV—XVI стст., а таксама масіўны каменны падмурак і фрагмент цаглянага мура, якія, імаверна, рэшткі ўніяцкай царквы са шпіталем, вядомым па дакументах сярэдзіны XVII ст.

У 1989 годзе касцёл быў перададзены вернікам, а ў парафію вярнуліся айцы кармеліты босыя. У пачатку 2000-х гадоў на Кальварыйскім узгорку, вакол якога размяшчалася Кальварыя, усталявалі драўляныя крыжы. Да 2014 года Мядзельская Кальварыя была адноўленая. У 2006—2007 гадах быў адрамантаваны знешні фасад і дах касцёла. У 2017 годзе асвяцілі новапабудаваны кляштар.

У студзені 2019 года СМІ Беларусі апублікавалі навіну аб сенсацыйных знаходках, схаваных у тайніку Мядзельскага касцёла. У сцяне касцёла знайшлі мошчы святых і старыя парафіяльныя кнігі. Рэліквіі былі замураваны манахамі ў 1940 годзе. Пра схованку стала вядома з запіскі манаха, якая была знойдзена ў архіве ордэна босых кармелітаў у Кракаве. Сярод знаходак — мошчы святой Тэрэзы, папы Рыгора Вялікага і святой Цэцыліі.

Плябанія ля касцёла

Будынак касцёла знаходзіцца на невысокім узгорку, недалёка ад парку і возера. Храм мураваны, у стылі барока, выкананы ў форме васьмярык на чацверыку, увянчаны кантаваным купалам. Архітэктура храма нетыповая для архітэктуры беларускага барока[2]. Назіраюцца архітэктурныя паралелі з віленскім касцёлам Сэрца Ісуса[2].

Крыжовая кампазіцыя касцёла арганізавана вакол васьміграннага ядра, знадворку схавана ў кубічным аб’ёме. З трох бакоў храма (акрамя ўсходняга алтарнага боку) размяшчаюца порцікі. Канструкцыя масіўнага купала — двухчасная. Ніжняя частка, якая абапіраецца на васьмярык, прарэзана люнетамі і лучковымі праёмамі. Верхняя частка выканана ў выглядзе васьміграннай вежкі-ліхтара і завершана сферычным дахам. Пад купалам праходзіць абходная галерэя (захавалася часткова)[2].

Інтэр’ер храма, аздоблены ў стылі ракако, некалі быў багата ўпрыгожаны фрэскамі, з выявамі Божага суду, ад якіх захаваліся толькі фрагменты[2].

На тэрыторыі храма таксама размешчаны двухпавярховы будынак плябаніі, які ў наш час патрабуе капітальнай рэстаўрацыі.

  • Павел Леліто (2009—2021)[3]
  • Бернард Радзік (2021—2021)[4]
  • Генрых Валeйка (2021—2023)[5]
  • Аляксандр Стока (2023 — цяперашні час)[6]

Зноскі