Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Рэчыца)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касцёл
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
52°22′12,67″ пн. ш. 30°23′27,41″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Рэчыца
Канфесія каталіцтва
Епархія Пінская дыяцэзія
Тып будынка касцёл
Архітэктурны стыль неаготыка
Архітэктар Юзаф Дзяконьскі
Будаўніцтва 19011903 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000673шыфр 313Г000673
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — рымска-каталіцкі храм, размяшчаецца ў цэнтры горада Рэчыца Гомельскай вобл. Помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны з цэглы ў 1901 — 1903 гадах, дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1634 годзе мінскі ваявода Аляксандр Слушка пабудаваў у мястэчку Рэчыца драўляны касцёл Святой Тройцы і заснаваў кляштар дамініканцаў. Пры кляштары мелася бібліятэка, у якой налічвалася 270 кніг; верагодна была і школа. Рэчыцкі дамініканскі кляштар спыніў сваё існаванне ў 1832 годзе. 3 гэтага часу ў парафіі працуюць дыяцэзіяльныя святары.

У канцы 1850-х гадоў драўляны рэчыцкі касцёл быў ужо стары, таму ўзнікла пытанне аб узвядзенні новага, мураванага касцёла. Праект касцёла быў зацверджаныў 1861 годзе. У 1862 годзе, пасля пажару старога драўлянага касцёла, пачалося будаўніцтва мураванага касцёла. Неўзабаве, верагодна з-за паўстання 1863 года, улады адабралі недабудаваны касцёл у католікаў і перадалі будынак праваслаўным вернікам, якія перарабілі яго ў царкву.

У 1899 годзе з'явілася прапанова пабудаваць новы касцёл на месцы прыватнага дома, у якім адбываліся каталіцкія набажэнствы. 25 красавіка 1901 былі здзейсненыя абрады асвячэння і закладкі краевугольнага каменя. На будаўніцтва касцёла было ахвяравана 24 тыс. рублёў. Касцёл быў пабудаваны па праекце варшаўска-віленскага архітэктара Юзафа Дзяконьскага. Пасля пабудовы касцёла ў Рэчыцы праект быў перададзены парафіі ў Лагішыне (гл. Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла, Лагішын).

Касцёл у 1913 годзе

У 1903 годзе будаўніцтва касцёл было завершана. 1 чэрвеня таго ж года адбылося асвячэнне касцёла Найсвяцейшай Тройцы. 8 верасня 1913 года магілёўскі архібіскуп Вінцэнт Ключынскі кансэкраваў касцёл і алтар у ім. Да касцёла была прыбудаваная цагляная сакрыстыя. Дах быў зроблены з ацынкаванага жалеза.

У галоўным алтары знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам у сярэбраных і пазалочаных шатах з каронамі. Верагодна, гэты абраз ушаноўваўся як цудадзейны. Таксама ў алтары знаходзіўся абраз св. Ганны з Найсвяцейшай Паннай Марыяй. У касцёле, акрамя галоўнага алтара, знаходзіліся яшчэ два меншыя бакавыя алтары з абразамі Укрыжаванага Езуса і св. Антонія. Акрамя гэтага, у святыні было яшчэ 10 іншых абразоў: Сэрца Езуса, св. Роха, Хрыста ў цярновым вянку, Маці Божай Ружанцовай, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам, абразы св. Юзафа, св. Дамініка, св. Станіслава Косткі і абраз Маці Божай. Верагодна, гэты апошні абраз (Маці Божай Балеснай) — адзіны, які захаваўся да нашых дзён (ён знаходзіцца ў аднаго з жыхароў горада).

Агульны кошт касцёльнай маёмасці (начынне, сельскагаспадарчая зямля, зямля пад будынкамі касцёла і плябаніі) у 1915 годзе складаў 44996 рублёў. У вежы касцёла былі тры званы. У 1915 годзе загадам мінскага губернатара (з дазволу Магілёўскага біскупа) іх вывезлі ў горад Мцэнск Арлоўскай губерні.

У 1932 годзе касцёл быў зачынены і далей выкарыстоўваўся як склад, музей, піўны бар.

Парафія Найсвяцейшай Тройцы адрадзілася ў 1992. У верасні 1999, пасля доўгай барацьбы за вяртанне святыні, касцёл быў перададзены парафіі. Вядзецца рэстаўрацыя.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

3-нефавая 1-вежавая базіліка пад 2-схільным дахам. Фасады па тарцах закрыты зубчатымі шчыпцамі, апяразаны аркатурным фрызам. Да галоўнага фасада далучана 3-ярусная (васьмярык на 2 чацверыках) вежа, завершаная шатром-шпілем і ўмацаваная вуглавымі 3-яруснымі контрфорсамі. Да бакавых граняў вежы далучаны высокія гранёныя эркеры лесвічных клетак. Галоўны ўваход вылучаны глыбінным перспектыўным парталам з вімпергам; над ім — стральчатае акно-біфорыум, што асвятляе хоры. Такія ж вокны і контрфорсы-пілоны ў прасценках на бакавых фасадах. Скляпенні нефаў цыліндрычныя з распалубкамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Васькоў У. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: Гісторыя Гомельскага дэканата. — Мн., 2011. ISBN 978-985-6825-62-0

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]