Касцёл Святога Антонія (Рагачоў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Святога Антонія
53°04′26″ пн. ш. 30°02′49″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцызм
Епархія Пінская дыяцэзія
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Антонія — мураваны каталіцкі храм у г. Рагачове Гомельскай вобласці.

Стары касцёл[правіць | правіць зыходнік]

У 1783 годзе намаганнямі іераманаха бернандзінскага ордэна Звагрыя Янкевіча ў г. Рагачове на сродкі, ахвяраваныя Рагачоўскай шляхтай і мясцовымі жыхарамі-каталікамі, было распачата будаўніцтва драўлянага касцёла. 26 кастрычніка 1783 года дэкан Беліцкі ксёндз Людоўскі асвяціў пабудаваны касцёл у імя Маці Божай Святой Панны Марыі.

У 1863—1864 гадах, пасля разгрому нацыянальна-вызваленчага паўстання Кастуся Каліноўскага, царскім указам у Беларусі было зачынена дзевятнаццаць бернардынскіх касцёлаў, сярод якіх быў рагачоўскі.

На працягу дзевятнаццатага стагоддзя касцёл неаднаразова рамантаваўся, але, нягледзячы на ​​рамонты, прыходзіў у заняпад і разбураўся. Напачатку дваццатага стагоддзя яго стан быў вельмі дрэнны.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл быў пабудаваны на цагляным падмурку, уваход з боку вуліцы (цяпер вул. Валадарскага). Даўжыня будынка 10 сажняў (каля 21,3м), шырыня будынака — 4 сажні і 1 аршын (каля 9,2м), дах пакрыты драўлянай дошкай — гонтай, сцены абшаляваныя дошкамі і пафарбаваныя, падлога і столь зроблены з дошак.

На кожным бакавым фасадзе касцёла знаходзілася па тры вялікіх акна, на асноўным фасадзе — два меншыя вокны і над галоўным алтаром — адно малое. Будынак касцёла меў прамавугольную форму. На галоўным фасадзе былі размешчаны дзве вежы, паміж імі знаходзіўся франтон, на якім была ікона святога Антонія Падуанскага. З апісання бачна, што рагачоўскі касцёл быў пабудаваны ў стылі барока (фота або малюнка не захавалася).

Сучасны касцёл[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл у 2014 г.

У 1910—1911 гадах энергічны і прадпрымальны па характары чалавек ксёндз Бернатовіч, тагачасны пробашч рагачоўскага касцёла, пачаў будаўніцтва новага цаглянага храма на месцы драўлянага. Сродкі на будаўніцтва новага касцёла ахвяравалі члены Дзяржаўнага савета Сеножэнскі, Клуніцкі і Хадасевіч. Прыхаджане-каталікі ахвяравалі грошы на будаўніцтва касцёла, а таксама непасрэдна ўдзельнічалі ў будаўніцтве.

Касцёл быў пабудаваны за паўтара года, кошт яго будаўніцтва склаў больш за трыццаць тысяч рублёў. Касцёл быў асвечаны ксяндзом Красоўскім у імя святога Антонія. Датай асвячэння лічыцца 6 жніўня 1912 года.

Касцёл быў зачынены ў 1930-х гадах, у 1935—1936 гадах у касцёле размяшчаўся склад зерня.

У канцы 30-х гадоў у будынку зачыненага касцёла святога Антонія быў адкрыты цэх арцелі «Чырвоны пекар», у якім выраблялі напоі (морс і ліманад) і марожанае. Улетку 1940 года ў цэху адбыўся пажар які знішчыў інтэр’ер касцёла. Пасля пажару з бляхі быў зроблены новы касцёльны дах. Востраканечны шпіль над вежай не ўзнаўляўся, быў зроблены рамонт унутры будынка і далей касцёл выкарыстоўваўся як склад.

Падчас Другой сусветнай вайны касцёл пацярпеў ад снарадаў і асколкаў. У 1944 годзе ў ім размясціўся пажарны пост для назірання за горадам на выпадак пажараў. Пажарны пост размяшчаўся да 1948 года, дзе ўвесь гэты час дзяжурыла гарадская пажарная каманда.

19 красавіка 1947 года, згодна з актам бюро тэхнічнай інвентарызацыі г. Рагачова, будынак касцёла святога Антонія пачаў выконваць функцыі хлебазавода. У 1950 годзе да будынка касцёла была зроблена прыбудова з цэглы. У 1978—1980 гг. хлебазавод з будынка касцёла пераехаў у нядаўна пабудаваны будынак хлебазавода.

Пасля таго, як вывезлі рагачоўскі хлебазавод, будынак практычна застаўся без уладальніка. Мясцовыя жыхары з суседніх вуліц горада літаральна разабралі прыбудовы з цэглы, дошкі ад плота і г.д., а тэрыторыю касцёла ператварылі ў сметнік для бытавога смецця, сам будынак прыйшоў у заняпад і быў зруйнаваны.

У 1988—1989 гадах групай краязнаўцаў г. Рагачова была распачала праца па падрыхтоўцы да рэстаўрацыі будынка касцёла святога Антонія. Уздымалася пытанне аб яго рэстаўрацыі ў раённай газеце «Камунар» і ў гарвыканкаме. Для садзейнічання дадзенай справе ў 1989 г. пры музеі «Народнай славы» было створана краязнаўчае таварыства «Замчышча». Нягледзячы на ўсе намаганні, пытанне аб рэстаўрацыі касцёла так і засталося адкрытым[1].

У 2000 годзе Рагачоў наведаў кардынал Казімір Свёнтэк, і касцёл быў перададзены мясцовай каталіцкай парафіі. Працы па рэстаўрацыі пачалася ў 2003 годзе[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік архітэктуры неаготыкі. Вырашаны прамавугольным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам. Над фасадам надбудавана васьмігранная званіца. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і прасценачнымі ступеньчатымі контрфорсамі з гранёнымі фіяламі ў завяршэнні. Уваход вылучаны прысадзістым стральчатым парталам, над якім такой жа формы высокі аконны праём хораў. Архітэктурны дэкор (аркатурныя фрызы, руставаныя ліштвы праёмаў) выкананы сродкамі майстэрскай цаглянай муроўкі. Высокі цокаль выкладзены квадрамі часанага вапняку[3].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]