Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Данюшава)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Daniušava. Trinity church 2.Jpg
54°33′22,53″ пн. ш. 26°24′24,77″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дата пабудовы 1809 год
Стан дзейнічае
Лагатып Вікісховішча Касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у в. Данюшава Смаргонскага раёна, стаіць на заходняй ускраіне вёскі, на правым беразе ракі Вілія. Помнік архітэктуры эклектычнага стылю. Дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл быў заснаваны тут у 1483 годзе ўладаль­нікамі маёнтка Саковічамі, але пара­фія была «найбяднейшай» і, верагодна, была патрэбна новая фундацыя. Новая святыня пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы пабудавана па фундацыі полацкага ваяводы Яна Кішкі і яго жонкі Хрысціны ад 21 красавіка 1620 года. Драўляны храм, крыжападобны ў плане, дзейнічаў як парафіяльны касцёл Ашмянскага дэканата да другой паловы XVII ст., а потым як філія быў далучаны да сольскай парафіі. У 1728-73 гадах тут дзейнічала езуіцкая місія ад калегіума ў Жодзішках.

Старажытны касцёл да канца XVII ст. не захаваўся і на мяжы стагоддзяў набажэнствы адбываліся ў «шопе». У 1809 годзе на сродкі Марціна Кліманскага на ранейшым месцы быў пабудаваны новы драўляны касцёл у даволі эклектычным стылі: з рысамі барока і класіцызму. З гэтага часу Данюшава стала самастойнай парафіяй, асвяціў касцёл пад гістарычным тытулам завілейскі дзекан кс. Антоній Багіленьскі. Плябанія тут паўстала толькі ў 1820. Дагэтуль парафію абслугоўвалі бернардыны з Беніцы, якія таксама выкладалі ў парафіяльнай школцы.

Дата «1902 г.» на фундаменце калоны

На фундаменце левай калоны галоўнага фасада касцёла выбіта дата — 1902 г. У гэтым годзе скончылася рэканструкцыя святыні, распачатая ў 1899. У тыя гады дабудавалі апсіду з сакрыстыямі, над галоўным фасадам узнесліся 2 чацверыковыя двух’ярусныя вежы-званіцы пад шатровымі дахамі, аконныя праёмы набылі спічастую форму, а касцёлу былі нададзены таксама іншыя рысы неаготыкі.

Перад уваходам на касцёльную тэрыторыю ў I Сусветную вайну германскія войскі ў гонар «паспяховай пераправы нямецкай кавалерыі праз Вілію ў гэтым месцы ў 1915 г.» паставілі мемарыяльную каплічку ў выглядзе бутавай піраміды, якую з 2000-х гг. завяршае фігура Панны Марыі. Падчас I Сусветнай вайны немцы разабралі званіцу і з яе цэглы выклалі грубкі ў касцёле, які прыстасавалі пад шпіталь. Старажытны звон знялі і адправілі ў Берлін — як асаблівую каштоўнасць. Ён быў вернуты толькі ў сярэдзіне 1920-х гг.

У пасляваенны час савецкія ўлады зачынілі касцёл. Касцёльнае начынне выкінулі на вуліцу, каштоўныя рэчы адаслалі ў Смаргонь, а астатнее спалілі. Данюшаўцам тады ўдалося выратаваць абраз Маці Божай (без шатаў), срэбнага голуба і ягнятка, якое і сёння стаіць над алтаром. Будынак касцёла быў прыстасаваны пад збожжасховішча, сцены святыні «абраслі» гаспадарчымі дабудовамі. У 1970-я гады будынак аб’яўлены помнікам архітэктуры. Пры канцы 1980-х гг. яго вярнулі католікам. Два гады працягвалася рэстаўрацыя, і цяпер храм дзейнічае.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны ўваход
Брама

Прамавугольны ў плане, дзвюхвежавы зальны храм з прамавугольнай апсідай з дзвюма сакрыстыямі. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага дарычнага порціка, трохвугольны франтон якога ўпрыгожаны завяршэннем у стылі барока.

Інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной столлю з дэкаратыўнымі разеткамі, больш вузкі прэсбітэрый — корабавым скляпеннем. У касцёле 3 алтары: галоўны — Найсвяцейшай Тройцы (вялікі абраз змешчаны ў цэнтры чатырохкалоннай кампазіцыі, у інтэркалумніі выявы ўкленчыўшых анёлаў), левы бакавы з фігурай Пана Езуса, правы — з фігурай Маці Божай. Над уваходам размешчаны хоры на 4 слупах. Пад касцёлам знаходзіцца крыпта з уваходам з вуліцы.

Былая званіца

Тэрыторыя храма абгароджана бутавым мурам з аднапралётнай брамай. Злева ад касцёла знаходзіцца грувасткі бутавы аднапавярховы будынак пад чатырохсхільным дахам пабудаваны як званіца над косніцай. Справа ўсталявана каркасная званіца, а касцёльныя вежы абшыты бляхаю.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]