Касцёл Перамянення Гасподняга (Крэва)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Касцёл, 2011

Касцёл Перамянення Гасподняга — рымска-каталіцкі храм у в. Крэва (Смаргонскі раён, Гродзенскай вобл.). Размяшчаецца ў цэнтры вёскі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя касцёлу ў Крэва сягае ў 13 ст. Касцёл шмат разоў разбуралі, і кожны раз ён адбудоўваўся. У 1626 храм аднаўляў Гаштольд. У 1704 Закрэўскі фундаваў касцёлу 2 алтары і ахвяраваў фальваркі Закрэўшчына і Таншчызна.

У 1868 храм перароблены пад праваслаўную царкву. Старажытны барочны касцёл канчаткова быў зруйнаваны падчас Першай сусветнай вайны, калі праз Крэва праходзіла лінія фронту.

Пабудаваны ў 1934—36 з дрэва касцёл на месцы ранейшага хрма (паводле праекта архітэктара Стаброўскага, разам з Норбскім, пад кіраўніцтвам ксяндза Ч. Кардэля) у 1961 касцёл быў зачынены і прыстасаваны пад бальніцу. Пры гэтым ад сакральнай архітэктуры захаваўся толькі крыжасты план святыні, у астатнім усё было зменена — зніклі вежы, разабраны дах і надбудаваны другі паверх. З алтарнай пліты зрабілі ўваходны прыступак. У 2003 годзе будынак разабраны.

Касцёл, 1937

Паводле архітэктурна-стылёвай характарыстыкі гэта быў прыклад мадэрну з выкарыстаньнем гістарычных стыляў — неабарока (агульная планіроўка й вырашэнне франтону) і неарэнесансу (трактоўка вежаў). Буйнамаштабная сіметрычна-восевая кампаэіцыя храма была заснавана на класічнай 3-нефавай з трансептам базіліцы. Сілуэт галоўнага фасада фарміравалі 2 высокія 4-ярусныя чацверыковыя вежы са шпілямі ў завяршэнні (знесены пасля закрыцця касцёла). Перапады ярусаў вылучаліся шырокімі гонтавымі адлівамі, асноўны ярус завяршаўся адкрытай слуповай галерэяй-звонам. Асноўны аб’ём меў 2-ярусную кампазіцыю за кошт перападу вышынь бакавых і цэнтральнага нефа, 2-схільны дах на франтальным фасадзе выступаў фігурным барочным франтонам паміж вежамі, над вальмай апсіды завяршаўся сігнатуркай. Прамавугольныя крылы трансепта таксама мелі 2-ярусную будову пад вальмавымі дахамі. Неашаляваныя сцены з бруса чляніліся прамавугольнымі аконнымі праёмамі з брусам-сцяжкамі ў прасценках. Замест карніза будынак апяразваў рытмічны рад бэлек-кранштэйнаў, што неслі вынас гонтавага даху. Пасля скасавання храма быў надбудаваны 2 паверх.

У 1997 гады на яго месцы ўзвялі мураваны касцёл мураваны касцёл пад тытулам Перамянення Пана. Гэта велічны дзвюхвежавы зальны храм у стылі неабарока з сакрыстыяй у прамавугольнай апсідзе, які сваімі 2 вежамі ў нечым апелюе да архітэктуры ранейшага касцёлу. За касцёлам захаваліся драўляныя будынкі былога плябаннага комплексу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008.— 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
  • Харэўскi, С. В. Культавае дойлiдства Заходняй Беларусi 1915—1940 гг. — Вiльня: ЕГУ, 2008. ISBN 978-9955-77-13-9, с. 57-61.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]