Перайсці да зместу

Касцёл Святой Людмілы (Вінаграды)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Святой Людмілы
Kostel svaté Ludmily
Сучасны выгляд
Сучасны выгляд
50°04′31″ пн. ш. 14°26′14″ у. д.HGЯO
Краіна  Чэхія
Горад, раён Прага, Вінаграды
Канфесія Каталіцтва
Епархія Архідыяцэзія Прагі
Тып будынка Псеўдабазіліка
Архітэктурны стыль неаготыка
Архітэктар Ёсеф Моцкер
Дата заснавання 25 лістапада 1888 года
Будаўніцтва 18881892 гады
Статус Прыхадскі храм
Стан Дзеючы
Сайт ludmilavinohrady.cz
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святой Людмілы (чэшск.: Kostel svaté Ludmily) — каталіцкі прыхадскі храм у неагатычным стылі на плошчы Міру ў пражскім раёне Вінаграды (Прага 2). Пабудаваны ў 18881892 гадах па праекце Ёсефа Моцкера.

Ёсеф Моцкер (18351899) — архітэктар храма Святой Людмілы ў Вінаградах

Прыход Святой Людмілы, першай чэшскай святой, быў заснаваны ў лістападзе 1884 года. Будаўніцтва прыхадскога храма, прысвечанага Святой Людміле, пачалося 25 лістапада 1888 года, калі быў закладзены яго краевугольны камень. На месцы будучага касцёла да апошняга моманту размяшчаліся звярынец і цырк пасярод жытняга поля[1][2].

Праект быў распрацаваны вядомым у той час архітэктарам Ёсефам Моцкерам. У будаўніцтве і аздабленні храма бралі ўдзел такія вядомыя майстры, як скульптар Ёзеф Вацлаў Мысльбек, мастакі Іозеф Чапек, Антанін Прохазка і Францішак Жэнішак. Мысльбек, апроч іншага, стварыў статуі Святога Вацлава і Святой Людмілы на фасадзе касцёла. Галоўны алтар быў створаны па эскізе архітэктара Антаніна Турака. У 1892 годзе месца будаўніцтва касцёла наведаў імператар Франц-Іосіф I. У тым жа годзе будаўніцтва касцёла было скончана, а яго асвячэнне адбылося 8 кастрычніка 1893 года. Цырымонію асвячэння праводзіў архібіскуп пражскі Францыск фон Паўла-Шонбарн з двума біскупамі[1][2].

Агульныя выдаткі на будаўніцтва склалі 369 922 аўстрыйскіх гульдэнаў, з якіх 276 482 было выдаткавана на ўласна будаўнічыя працы і 93 440 — на ўнутранае аздабленне храма. Міністр-прэзідэнт Паўль Гаўч дазволіў Маціцы духоўнай вылучыць на будаўніцтва толькі 30 000 гульдэнаў, астатняе было аплачана горадам Вінаграды і ўнёскамі гараджан[2].

На дзвюх вежах касцёла ўстанавілі чатыры званы, вырабленых пражскай майстэрні Г. Дыепальта. Гэтыя званы атрымалі імёны «Вацлаў», «Пракоп», «Войцех» і «Людміла». Падчас Першай сусветнай вайны званы былі рэквізаваны і пайшлі на ваенныя патрэбы. У храма застаўся толькі невялікі пахавальны звон вагай 78,5 кг, які аднак у выніку частага выкарыстання неўзабаве трэснуў, а пасля пераліцця набыў непрыемны гук. У 1925 годзе архідэкан Антанін Хофман арганізаваў збор сродкаў на выраб і ўстаноўку пяці новых званоў, якія былі замоўлены ў старой звонавай фірмы Рыхарда Геральда ў Хомутаве. 25 верасня 1925 года новыя званы асвяцілі і ўсталявалі на храмавыя вежы. Званы былі прысвечаны тым жа чэшскім святым, што і першапачатковыя, а новы пахавальны звон вагай 109 кг асвяцілі ў гонар Святога Іосіфа. Агульны кошт новых званоў склаў 168 666,90 крон, з якіх 79 978,20 крон каштаваў адзін толькі звон Святой Людмілы вагай 2 960 кг[3].

1 студзеня 1929 года з нагоды святкавання тысячагоддзя смерці Святога Вацлава архібіскуп пражскі Францішак Кордач павялічыў статус прыходу Святой Людмілы да архідэканата, адпаведна касцёл атрымаў статус архідэканскага[1][4].

Увесну 1974 года ў сувязі з будаўніцтвам станцыі метро Намесці Міру храм Святой Людмілы быў зачынены, пасля чаго ў 1980 годзе пачаўся яго капітальны рамонт, разлічаны на 20 гадоў. Да снежня 1984 года была скончана рэстаўрацыя паўднёвага нефа, дзе часова праводзілася імша. 16 верасня 1992 годзе, у дзень шанавання Святой Людмілы, храм быў ізноў адкрыты — урачыстую цырымонію асвячэння новага алтара versus populum правёў кардынал Міласлаў Влк. 3 верасня 1993 года на вежах касцёла зноў загучалі званы[1].

У наш час у арэале храма часта праводзяцца канцэрты пад голым небам, калядныя і велікодныя кірмашы, дабрачынныя распродажы. Храм адкрыты для наведвання толькі падчас службаў.

Статуя Святога Пракопа ў нішы
каля галоўнага ўваходу ў храм
Касцёл Святой Людмілы на плошчы Міру Тымпан над галоўным уваходам у храм.
«Хрыстос, які бласлаўляе Святога Вацлава
і Святую Людмілу», Іозеф Вацлаў Мысльбек
Неагатычны фасад касцёла

Касцёл Святой Людмілы ўяўляе сабой трохнефную неагатычную псеўдабазіліку з крыжападобным трансептам і дзвюма 60-мятровымі вежамі, якія дамінуюць над плошча Міру. Даўжыня галоўнага нефа складае 50 метраў. Кожная з вежаў мае па два званы. Храм спраектаваны і ўзведзены ў стылі ранняй паўночнагерманскай готыкі[2][5].

Над галоўным уваходам знаходзіцца цэнтральны партал, тымпан якога ўпрыгожаны рэльефам «Хрыстос, які бласлаўляе Святога Вацлава і Святую Людмілу» працы Ёзефа Вацлава Мысльбека. Тымпан вянчаюць рэльефныя выявы Бога Бацькі і Святога Духа ў выглядзе голуба таксама працы Мысльбека. Шчыт галоўнага фасада ўпрыгожаны скульптурай Святой Людмілы працы Л. Шымека. Шчыты трансепта ўпрыгожаны статуямі Святых Кірыла і Мяфодзія працы Бернарда Ота Сеелінга (1892 год). Вакол ружы галоўнага фасада знаходзяцца сімвалы чатырох евангелістаў працы Ёсефа Чапека. У ніжніх нішах фасада абапал галоўнага ўваходу знаходзяцца статуі Святога Пракопа і Святога Войцеха працы Фр. Гергесела і Антаніна Прохазкі. Да галоўнага ўваходу вядзе масіўная лесвіца[2][5][6].

Інтэр'ер храма дзівіць сваёй пышнасцю. Аўтарам паліхроміі з'яўляецца Карл Ёбст. Вітражы вокнаў распісаны мастакамі Францішкам Секуенсам, Францішкам Жэнішкам, Адольфам Лібшэрам і Францішкам Урбанам, якія намалявалі на іх фігуры святых. На вялікіх вокнах трансепта намаляваны сцэны мучаніцкай смерці Святога Вацлава і Святой Людмілы. Некаторыя іх вокнаў храма пацярпелі падчас Другой сусветнай вайны, аднак затым былі адноўлены. Кафедра храма створана разьбяром Ё. Зікам і ўпрыгожана скульптурамі Антанінам Прохазкам. Сцены галоўнага нефа распісаны фрэскамі з выявай святых і персанажаў Старога запаветуАўраама, Ісака, Ноя і іншых[2][5].

Галоўны алтар, вышынёй 16 метраў, быў створаны Антанінам Туракам. Алтар упрыгожаны каштоўнымі і напаўкаштоўнымі камянямі, на ім узвышаецца распяцце, сімвал Бога Бацькі і статуя Святой Людмілы працы Ч. Восміка. Побач з алтаром на сцяне знаходзіцца фрэска з дзевяццю сцэнамі з жыцця Святой Людмілы. Мармуровы алтар versus populum («тварам да вернікаў»), асвечаны 16 верасня 1992 года, у адпаведнасці з патрабаваннямі II Ватыканскага сабору размешчаны ў аптычным цэнтры храма[5].

Бакавыя алтары касцёла таксам вартыя ўвагі. Левы алтар прысвечаны Дзеве Марыі і шасці святым чэшскім заступнікам. Дзева Марыя з немаўлём сядзіць на прастоле, вакол якога схіляюцца чэшскія святыя Людміла, Вацлаў, Войцех, Пракоп, Анежка і Ян Непамуцкі (аўтарамі статуй з'яўляюцца Ё. Кастнер, Ш. Залешак, Ф. Лукаўскі). На правым алтары знаходзіцца падвойная скульптура Святых Кірыла і Мяфодзія, абапал яе размешчаны рэльефныя выявы сцэн хрышчэння Святой Людмілы і яе мужа князя Баржывоя. Алтары былі створаны па праекце і пад наглядам прафесара Школы прыкладнога мастацтва ў Празе Штэпана Залешака. Першы алтар асвяцілі 8 снежня 1922 года (выдаткі на яго стварэнне склалі 120 500 крон), другі — 5 ліпеня 1927 года (яго стварэнне каштавала 121 803 кроны)[7]

На хорах храма знаходзіцца арган, які складаецца з 3000 труб, падзеленых на 46 рэгістраў, якія кіруюцца трыма мануаламі і педаллю[2].

Бакавы алтар Дзевы Марыі
і шасці святых
чэшскіх заступнікаў
Галоўны алтар храма Ружа галоўнага фасада
з сімваламі чатырох евангелістаў
Бакавы алтар
Святых Кірыла і Мяфодзія