Перайсці да зместу

Фарныя могілкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Капліца

Каталіцкія фарныя могілкі — даўнія могілкі каталіцкай грамады Гродна, самыя старыя камунальныя могілкі ў Беларусі[1]. Тэрыторыя могілак абмежавана вуліцамі Прыгараднай, Падольнай і 4-м завулкам Падольным. На іншым боку завулка размешчаны Праваслаўныя могілкі.

Фарныя могілкі

Уладкаванне могілак «ex urbem» было часткай плана гарадскіх пераўтварэнняў, распачатых у Рэчы Паспалітай яшчэ ў часы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Паводле рашэння Камісіі Паліцыі Абодвух Народаў Рэчы Паспалітай у 1791 могілкі ва ўсіх буйных гарадскіх асяродках краіны, якія традыцыйна знаходзіліся ля касцёлаў, пераносіліся па-за горад. У выніку гэтага рашэння ў 1792 ля ўсходняга ўскрайку Гродна былі заснаваныя новыя фарныя каталіцкія могілкі.

Першыя пахаванні на фарных могілках адбыліся ў траўні 1792 і да снежня таго ж год там было пахавана ўжо каля 200 чалавек. У пачатку XIX ст. на могліках з'явілася невялікая драўляная капліца памерам 6,5 на 6,5 метраў і вышынёй 3,25 метра. Большасць магіл уяўлялі тады з сябе проста невялікія пагоркі зямлі, каменных ці мураваных помнікаў было няшмат. Сярод іх — тры мураваныя абеліскі на магілах памерлых у 1799-1801 гараджан, якія захаваліся дагэтуль і з'яўляюцца самымі старымі аб'ектамі на могілках[2].

У цэнтры некропаля ў 1822 годзе на сродкі памерлага ў 1815 годзе Казіміра Студніцкага пабудавана мураваная Капліца ў імя Найсвяцейшага Збавіцеля па праекце гродзенскага губернскага архітэктара Карла Багеміле. З тых жа сродкаў у 1822 годзе былі часткова пабудавана і агароджа з брамай. Пры тым агароджу працягвалі дабудоўваць у 1830—40 гг[3].

Могілкі пашыраліся ў 1894 і 1903 гадах. Мураваная званіца была дабудавана да капліцы ў 1907 годзе замест драўлянай, якая ўжо ў 1891 ў інвентары была апісаная як аварыйная.

У час Першай сусветнай вайны могілкі заняпалі, злачынцы нішчылі помнікі і выкрадалі металічныя элементы надмагілляў. У міжваенны час неаднаразова рабіліся спробы аднавіць могілкі, у 1923, 1929 і 1931 гадах склікаліся камітэты апекі над пахаваннямі. Разглядалася нават закрыццё могілак і адкрыццё новых на новадалучаных да горада тэрыторыях маёнтка Станіславова[4].

На могілках ёсць надмагіллі майстроў з Кіева, Варшавы, Вільні, але на асаблівую ўвагу заслугоўваюць надмагільныя помнікі працы таленавітага мясцовага скульптара Баляслава Шышкевіча, які за свае заслугі атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Гродна[4].

Могілкі былі закрытыя ў 1973 годзе. У 1992 годзе закінутую капліцу адрамантавалі на сродкі беластоцкага аддзялення Таварыства Сяброў Вільні і Гродна. Тады ж, у 1990-я на фасадзе капліцы з'явіліся дзве мемарыяльныя дошкі: адна прысвечана абаронцам Гродна ў 1939 годзе, другая — ахвярам сталінскага тэрору.

Захаванне могілак як гісторыка-культурнай каштоўнасці

[правіць | правіць зыходнік]

У 1986 паводле рашэння Гродзенскага аблвыканкама старыя гродзенскія каталіцкія могілкі атрымалі статус помніка абласнога значэння.

Нягледзячы на гістарычную каштоўнасць, могілкі за апошнія дзесяцігоддзі сталі ахвярай вандалаў, якія расцягваюць чыгунныя элементы старых надмагілляў на здачу ў якасці другаснай сыравіны[5][6]. Каб захаваць могілкі, у 2019 годзе на абласным савеце па пытаннях гіcторыка-культурнай спадчыны ім было вырашана надаць статус комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Статус ахапіў 10 магіл вядомых людзей Гродна і Гродзеншчыны: Элізы Ажэшкі, Станіслава Нагорскага, маці Максіма Багдановіча Марыі Апанасаўны, магілы сем'яў Мураўёвых, Кемарскіх, Шумавых, Шырмаў, Кандратовічаў і шэраг іншых магіл[7].

У жніўні 2018 года мінчук Андрэй Бурдзянкоў распачаў праект па расчыстцы і адлічбоўванні могілак[8]. Паводле стану на студзень 2024 года у каталог унесена 2014 магіл, у якіх пахаваны 2848 чалавек[9].

Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках

[правіць | правіць зыходнік]
Магіла Элізы Ажэшкі і яе мужа Станіслава Нагорскага

Побач з капліцай знаходзіцца квартал, у якім пахавана каталіцкае духавенства, напрыклад, францысканец Мельхіёр Фардон[10], а таксама манахіні брыгіткі і назарэтанкі, у тым ліку мастачка Марыя Гажыч (у манастве Паўла).

На могілках таксама пахаваны салдаты Польскай рэспублікі, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны 1919—1920 гадоў.

  1. Онлайн карта старых гродзенскіх могілак(нявызн.). harodnia.comharodnia.com. Праверана 4 студзеня 2024.(недаступная спасылка)
  2. Jacek Rozmus, Jerzy Gordziejew. Cmentarz farny w Grodnie 1792-1939. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe WSP, 1999. — С. 9—16. — 122 с. — ISBN 8387513644.
  3. Jacek Rozmus, Jerzy Gordziejew. Cmentarz farny w Grodnie 1792-1939. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe WSP, 1999. — С. 18—22. — 122 с. — ISBN 8387513644.
  4. а б Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 42. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  5. Будзьма беларусамі! » Як знікаюць старыя могілкі ў Гародні. Топ-7 ракурсаў “да” і “пасля”. budzma.org. Праверана 4 студзеня 2024.
  6. Кулевіч, Руслан. На гродзенскіх Фарных могілках знік крыж з магілы роднага брата Элізы Ажэшкі . Hrodna.life (28 верасня 2017). Праверана 4 студзеня 2024.
  7. Смаргонскія капліцы, гродзенскі некропаль і драўляная архітэктура горада: якім аб’ектам будзе нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці (руск.). grodnonews.by. Праверана 4 студзеня 2024.
  8. Мінчанін хоча цалкам адлічбаваць старыя каталіцкія могілкі ў Гродне і шукае валанцёраў. Далучайцеся! . Hrodna.life (4 студзеня 2024). Праверана 4 студзеня 2024.
  9. Grodno Old Roman Catholic Cemetery. www.graves.by. Праверана 4 студзеня 2024.
  10. Выратаваў ад смерці пажарных, дапамагаў прастытутцы, лічыўся святым пры жыцці. 8 фактаў пра Мельхіёра Фардона да яго 160-годдзя . Hrodna.life (4 студзеня 2024). Праверана 4 студзеня 2024.