Катрушніцкі лемезень

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Катру́шніцкі ле́мезень — умоўная мова шапавалаў мястэчка Дрыбін Магілёўскай вобласці.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Катру́ха — назва магеркі на гэтай мове, лемезень — тайная мова[1][2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дакладны час з'яўлення мовы невядомы[3]. Мова была прыдумана шапаваламі мястэчка Дрыбін дзеля сакрэтнасці ў часе адыходніцтва ў іншыя мястэчкі, бо шапавалы працавалі ў дамах заказчыка[4]. Першыя даследаванні мовы былі зроблены Еўдакімам Раманавым у 1889 годзе, і апублікаваныя ў 1890 годзе ў першым нумары часопіса Імператарскага геаграфічнага таварыства «Живая старина[ru]»[3]. Мова знаходзілася ва ўжыванні і пасля заняпаду шапавальскага рамяства, шырока ўжывалася прынамсі да сярэдзіны XX стагоддзя. Да цяперашняга часу ў мове жыхароў Дрыбіна захоўваюцца асобныя словы катрушніцкага лемезня[5]. У 2012 годзе Беларусь рыхтавала заяўку на ўключэнне шапавальства і катрушніцкага лемезня (як яго спецыялізаванай тэрміналогіі) ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцей ЮНЕСКА[6][7].

Лінгвістычная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Еўдакіма Раманава, лексічны склад мовы налічваў каля 915 слоў, і ахопліваў 13 паняційных груп[4]. Словаўтварэнне часцей за ўсё адбывалася шляхам змянення звычайных беларускіх слоў. Дадаваліся прыстаўкі ку ці шу са зменай, паводле агульных законаў фанетыкі, пачатковых галосных, са скарачэннем альбо прыбіраннем галосных, напрыклад: кухерэдні — сярэдні, шухлець — клець, шусень — восень, шуйма — яма. У некаторых словах перастаўляліся склады, напрыклад: ласома — салома; у некаторых змяняецца канчатак з устаўкай новага суфікса: сівымны — сівы, любжаць — любіць, чыторыць — чытаць. У слове трыполем дадаецца прыстаўка тры (поле)[3].

Уласных скланенняў і спражэнняў лемезень не мае, выкарыстоўваюцца агульныя беларускія формы, таксама выкарыстоўваюцца беларускія злучнікі і прыназоўнікі[3][3]. Уласных ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў няма, яны ўтвараюцца паводле агульных законаў.

Сярод аднакарэнных слоў сустракаюцца нямецкія і яўрэйскія (махер — нож, шыхта — дзяўчына), татарскія (басаць — рэзаць), грэчаскія (пітрус — камень, амелюс — мёд)[8].

Ужыванне[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Раманава, лемезень выкарыстоўваўся шапаваламі толькі ў працоўных адлучках, і ніколі на радзіме. Рабілася гэта праз асцярогу, каб мову не вывучылі мясцовыя. Часта лемезень не ведалі нават члены сям'і, якія не займаліся шапавальствам[3]. Ёсць сведчанні, што ў сярэдзіне XX ст. лемезнем валодалі і карысталіся звычайныя жыхары. Да сёння ў маўленні асобных жыхароў Дрыбіна і вёскі Пакуцце захаваліся асобныя словы лемезня[5]. Фальклору на лемезні не існуе, але часам на лемезень перакладаліся вядомыя прыказкі.

Моўны прыклад[правіць | правіць зыходнік]

Мясцовы краязнавец Уладзімір Кажамяка напісаў на катрушніцкім лемезні адзіны верш[5].

катрушніцкі лемезень:
Любжаць ярухі шымскія шкорні
Сняк і кумухі саладзімны буклей,
Сняк драпелухі, шыхты і жбахі
Любжаць тартасы і купрэсны манцей.
па-беларуску:
Любяць бабы добрыя валёнкі
Як і мухі салодкі квас.
Як нявесты, дзеўкі і жонкі
Любяць кілбасы і прэсны алей.

Зноскі

  1. Катруха. Этнічны слоўнік. Родны Вобразы. Праверана 22 лютага 2015.
  2. Лемезень (руск.) . Этимологический словарь русского языка Макса Фасмера. dic.academic.ru. Праверана 22 лютага 2015.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 Раманаў, 1890
  4. 4,0 4,1 Катрушніцкі лемезень. Ганцавіцкі краязнаўчы-інфармацыйны партал. Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2015. Праверана 21 лютага 2015.
  5. 5,0 5,1 5,2 Зміцер Бартосік Ці паўторыць беларуская мова лёс катрушніцкага лемезня?. Падарожжы Свабоды. Радыё Свабода (19 лютага 2015). Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2015. Праверана 21 лютага 2015.
  6. Беларусь хоча ўключыць традыцыю валення шапак і валонак у спіс спадчыны ЮНЕСКА. Наша Ніва (7 чэрвеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2015. Праверана 22 лютага 2015.
  7. Беларускае "Шапавальства" і "Катрушніцкі лемезень" могуць увайсці ў спісы ЮНЕСКА. mod-no.by (7 чэрвеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2015. Праверана 22 лютага 2015.
  8. Дрыбінскі раён. Мовы, дыялекты народаў, якія насяляюць раён. Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна. Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2015. Праверана 22 лютага 2015.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Романов Е. Катрушницкій лемезень. // Живая старина. Выпуск I / подъ редакціею В. И. Ламанскаго. — Санкт-Петербург: Типографія Е. Евдокимова. Б. Итальянская, 11, 1890.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]