Комплекс будынкаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі
Комплекс будынкаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі размешчаны ў паўночнай частцы горада Горкі. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]24 красавіка 1836 г. сенат зацвердзіў Указ аб адкрыцці ў казённым маёнтку Горы-Горкі (больш за 55 тыс. дзесяцін зямельных і лясных угоддзяў) земляробчай школы. Яна стала асновай для стварэння адной з першых вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў. У 1837 г. адбылася ўрачыстая закладка будынку школы (цяпер корпус № 4, архітэктар-будаўнік, старшы тэхнік з Пецярбурга А. Кампіёні)[1]. Да 1840 г. пастаўлены 35 будынкаў: тры каменныя трохпавярховыя корпусы — вучэбны, канцылярскі і кватэрны, а таксама майстэрня, аранжарэя, сялянскі лазарэт, лазня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. На пад’ездзе да школы была выкладзена каменная маставая. Са школьных будынкаў, якія адносяцца да першага этапа фарміравання земляробчай школы, да нашага часу захаваліся галоўны корпус, два бакавыя флігелі і «погребной» флігель, першы паверх якога мураваны, другі драўляны (цяпер жылы дом па вул. Ціміразева, 2/1)[2].
Галоўны корпус (сёння вучэбны корпус № 4, Ленінскі бульвар, д. 4) быў разбураны ў Вялікую Айчынную вайну. У 1953 г. зноў адноўлены, але ўнутраная планіроўка была часткова зменена. Сёння гэты корпус — «візітная картка» акадэміі[2]. Правы флігель (сёння гэта адміністрацыйны корпус па Ленінскім бульвары, 6) будаваўся як дырэктарскі. На яго першым паверсе знаходзілася кватэра дырэктара, кантора з пакоямі для прысутных. Другі і трэці паверх таксама былі жылымі. У час Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія акупанты ператварылі гэты будынак у броварны завод, а на ніжнім паверсе размясцілі кароўнік. У 1947 г. на яго першым паверсе была абсталявана спартзала. У 1970-я гг. у корпусе размяшчаўся Дом вучоных. Сёння тут размешчаны адміністрацыйна-гаспадарчая частка, бухгалтэрыя, аддзел кадраў, дэканат па завочным навучанні і інш[2].
За перыяд 1840—1850 гг. пры земляробчай школе былі пабудаваны пральня з сушыльняй, млын, пчальнік, лазарэт для сялян, карчма, гасціны двор, малачарня, плаціны на р. Капылка і інш. гаспадарчыя пабудовы. У 1851 г. у асноўным было завершана будаўніцтва мураванай царквы. Па сведчанні сучаснікаў, царква была упрыгожваннем горада. "… Гэта вельмі бедны, закінуты горад у баку ад рэк, жалезных і шашэйных дарог … Яго ўпрыгожвае вучылішча з цудоўнай царквой … "[2][3].
У 1925—1930 гг. будынак царквы быў перабудаваны ў стылі канструктывізму і прыстасаваны пад бібліятэку[2].
Самым экзатычным месцам земляробчай школы ў XIX ст. і ў цяперашні час з’яўляецца дэндралагічны парк, заснаваны ў 1847 г. выдатным батанікам і садоўнікам, прафесарам Э. Рего. Праект дэндрарыя быў складзены А. Кампіёні. Гадавальнік, які знаходзіўся на даволі стромкім паўднёва-заходнім схіле каля вытоку р. Капылка, размяшчаўся ў тры ярусы. На першым раслі высокаствольныя дрэвы, на сярэднім — кусты, на трэцім — нізкія хмызнякі. Ужо ў 1859 г. тут расло каля 880 відаў і формаў драўняных парод з Еўропы, Крыма, Каўказа. Да дэндрарыя прымыкаў даволі вялікі масіў натуральнага лесу [3, с. 6]. У 1963 г. дэндралагічны парк абвешчаны помнікам прыроды рэспубліканскага значэння[2].
У 1911 г. было завершана будаўніцтва каморніцка-агранамічнага вучылішча. У 1913 г. да будынка лабараторыі былі прыбудаваны мураваныя гаспадарчае аддзяленне і лядоўня (цяпер гэта вучэбны корпус № 3 па вул. Агранамічная, 1). У 1912—1913 гг. да былога будынка каморніцка-таксатарскіх класаў быў прыбудаваны інтэрнат для навучэнцаў каморніцка-агранамічнага вучылішча. Будынак быў мураваны, накрыты жалезам. Паводле дакумента 1913 г., у доме знаходзіліся кватэры служачых. Будынак знаходзіўся па вул. Ціміразева, 4[2].
У гэтыя ж гады быў пабудаваны цёплы машынны павільён, прызначаны для практычных заняткаў па вывучэнні сельскагаспадарчых машын і інвентару. Будынак захаваўся па вул. Ціміразева, 10. Цяпер там знаходзіцца друкарня[2].
9 красавіка 1919 г. у Горках быў адноўлены сельскагаспадарчы інстытут, з 1925 г. — Беларуская дзяржаўная акадэмія сельскай гаспадаркі. Пачаўся новы перыяд у гісторыі горацкай навучальнай установы. 25 мая 1925 г. інстытут заключыў дагавор з Белдзяржбудам на выкананне будаўнічых і рамонтных работ тэрмінам да 15 кастрычніка 1925 г. Кіраваў будаўнічымі работамі прысланы з Мінска ўпаўнаважаны Белдзяржбуда К. Ш. Левін-Шчырын. Да нашага часу засталіся пабудаваныя ў гэты перыяд двухпавярховыя драўляныя на каменным падмурку жылыя дамы па вул. Ціміразева, 8 і Агранамічнай, 3, абліцаваныя ў цяперашні час звонку сілікатнай цэглай. Быў знесены двухпавярховы драўляны будынак былога інтэрната на вул. Ціміразева, прыстасаваны пасля Вялікай Айчыннай вайны пад школу, затым доследную станцыю. Будынак быў двухпавярховы драўляны, з мураваным у цэнтры рызалітам[2].
У пачатку 1930-х гг. на тэрыторыі акадэміі былі ўзведзены новыя мураваныя будынкі вучэбных карпусоў і інтэрната, жылыя дамы ў характэрным для таго часу стылі канструктывізму. Вядома, што праекты інтэрната № 1 па вул. Інтэрнацыянальнай і вучэбных карпусоў былі распрацаваны архітэктарам Г. Лаўровым у 1929—1933 гг. Будынкі маюць блізкае падабенства з іншымі работамі Г. Лаўрова, асабліва карпусамі БДУ[2][4].
Пасля Вялікай Айчыннай вайны пашкоджаныя будынкі на тэрыторыі акадэміі былі адноўлены. У 1953 г. у інстытуце «Белдзяржпраект» архітэктар Д. Саннікаў пад кіраўніцтвам архітэктара Г. Парсаданава распрацаваў генеральны план Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён ахопліваў поўны комплекс усіх вучэбных, жылых і гаспадарчых пабудоў, уладкаванне агароджы, азеляненне, каналізацыю, электраасвятленне, тэлефанізацыю, радыёфікацыю тэрыторыі. Праекціроўшчыкі вырашалі задачу звязкі ўсіх пад’ездаў, праходаў тэрыторыі акадэміі ў адно цэлае з цэнтрам і планіроўкай горада. Аўтары так тлумачылі прынятае імі архітэктурнае вырашэнне: «…Архітэктурнае вырашэнне даецца як маляўнічае спалучэнне аб’ёмаў з формамі рускай класічнай архітэктуры, перапрацаванымі для новага ідэйнага і мастацкага зместу»[2].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Комплекс акадэміі ўключае рэканструяваныя пасля Другой сусветнай вайны старыя будынкі (корпус № 4, бібліятэка, адміністрацыйны, прафесарскі, фізіка-хімічны, таксатарскі карпусы, дзіцячы садок) і пабудаваныя ў 1960—1980-я гады новыя карпусы (галоўны вучэбны, жылыя, спартыўны, інтэрнаты, Палац культуры)[5]. У 2005 г. здадзены ў эксплуатацыю новы корпус факультэта бізнесу і права[6]. Будынкі знаходзяцца ў маляўнічым пейзажным парку, злучаныя добраўпарадкаванымі і азялененымі вуліцамі[5]. Шырокая ўязная ліпавая алея вядзе да былога галоўнага корпуса (цяпер вучэбны корпус № 4). Перад ім шырокі партэр з газонамі прамавугольнай формы і клумбамі. Уздоўж алеі разбіты курціны з пасадкамі елкі і туі[7]. З усходу парк агінае р. Капылка, якая ўтварае ў паўночнай частцы комплексу сажалку («Ніжняе возера») з маляўнічым бярозавым гаем на беразе. Вышэй па цячэнні ракі ёсць другая сажалка «Верхняе возера»[7]. На паўночна-ўсходняй ускраіне размешчаны рэгулярны, радыяльнай планіроўкі пладовы сад вучэбнай гаспадаркі акадэміі[5][7].
Корпус № 4 пабудаваны ў цэнтральнай частцы ў стылі класіцызму. Галоўны фасад трохпавярховага прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны порцікам з васьмю трохчвертнымі калонамі дарычнага ордара. Будынак бібліятэкі перабудаваны ў 1930-я гады з былой царквы ў паўднёва-ўсходняй частцы ў стылі канструктывізму, двухпавярховы, складанай у плане формы. Адміністрацыйны корпус пабудаваны ў цэнтры ў пачатку XX ст. трохпавярховы, прамавугольны ў плане. Прафесарскі, таксатарскі і фізіка-хімічны карпусы, дзіцячы садок пабудаваны ў паўночнай частцы ў пачатку XX ст., двухпавярховыя будынкі.
Зноскі
- ↑ Цитович, С. Г. Горыгорецкий земледельческий институт — первая в России высшая сельскохозяйственная школа (1836—1864) / С. Г. Цитович. — Горки: Изд-во Белорус. с.-х. акад.,1960. −274 с
- ↑ а б в г д е ё ж з і к Салаўёва Н. У., Пятрова Д. У. БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЯ АКАДЭМІЯ — УНІКАЛЬНЫ ПОМНІК АРХІТЭКТУРЫ(недаступная спасылка)
- ↑ Летопись Белорусской государственной сельскохозяйственной академии (1840—2010) / авт.-состав. А. А. Герасимович, В. М. Лившиц; гл. ред. А. П. Курдеко. — 5-е изд., исправл. и доп. — Горки: БГСХА, 2010. — 183 с
- ↑ Сергачёв, С. А. Жемчужина в Горках: Архитектурный ансамбль сельскохозяйственной академии / С. А. Сергачёв. — Минск: Изд-во В. Хурсик, 2010.-212 с.
- ↑ а б в Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі будынкі // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Грамадскія і прамысловыя будынкі.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 лютага 2020. Праверана 22 лютага 2019.
- ↑ а б в 868. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- 868. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
- Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі будынкі // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Комплекс будынкаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі на сайце «Архіварта»