Кота (народ)
Кота (கோட்டா) | |
![]() | |
Агульная колькасць | 1700 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя |
Мова | кота |
Рэлігія | політэізм |
Блізкія этнічныя групы | тода, тамілы, бадага |
Кота (саманазва கோட்டா ) — малы народ на поўдні Індыі. Жывуць на тэрыторыі штатаў Тамілнад, Карнатака, Керала, Андхра-Прадэш. Агульная колькасць — 1 700 чал.[1].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Кота — блізкія суседзі тода, размаўляюць на падобнай мове, аднак, у адрозненне ад апошніх, спецыялізуюцца на рамястве, а не на жывёлагадоўлі. Як і тода, яны лічаць сябе мясцовымі карэннымі жыхарамі, створанымі іх галоўным бажаством. Генетычныя даследаванні паказваюць іх блізкасць да іншых дравідамоўных народаў Індыі. Асаблівасці культуры кота тлумачаць іх працяглым існаваннем у горнай мясцовасці ізалявана ад цывілізацыі.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Галоўным заняткам кота з’яўляецца рамяство. Яны лічацца добрымі кавалямі, гарбарамі, ювелірамі, плятуць кошыкі, робяць парасоны і г. д. Суседнія плямёны запрашаюць кота пад час святаў у якасці артыстаў. Земляробства з’явілася толькі ў канцы XIX ст. і абмежавана агародніцтвам. Некаторыя надзелы кота атрымалі ў карыстанне ад суседзяў-тода, за што выплачваюць ім даніну часткай ураджаю. Акрамя таго, у кота здаўна прынята рабіць цырыманіяльныя падарункі пэўным родам тода.
Існуе шмат традыцыйных забарон, якія абмяжоўваюць кота ў іх занятках (у прыватнасці, жывёлагадоўляй) і перайманні сучасных тэхналогій. Але, у адрозненне ад суседзяў, яны ядуць мяса, яйкі, выменьваюць у тода малако, масла і тварог на гародніну і рамесныя вырабы.
Вёскі кота невялікія, рэдка перавышаюць 40-60 хацін. Іх насельніцтва падзяляецца на 3 экзагамныя групы керы (літаральна «вуліца»). Шлюбы знутры кожнай з іх забаронены, аднак магчыма ўзяць шлюб з прадстаўніком сваёй керы з іншай вёскі. На чале вясковай абшчыны стаяць старшыні готга-рн, аднак іх улада абмежавана.
Звычайная вопратка ў мужчын і жанчын складаецца з белай кашулі, доўгай насцегнавой повязі і наплечнага пакрывала.
Сем’і пашыраныя і нуклеарныя. У мінулым былі распаўсюджаны паліандрычныя шлюбы. Главой сям’і з’яўляецца мужчына. Спадчына перадаецца па мужчынскай лініі.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мова кота належыць да дравідыйскай групы моў. Блізкая да мовы тода. Пісьмовасць пераважна на аснове тамільскага алфавіта.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйная рэлігія — політэізм, шанаванне шматлікіх багоў і духаў. З пачатку XX ст. яна ўвабрала ў сябе многія рысы індуізму. Кота будуюць храмы. Вылучаецца пласт святароў.