Крыштаф Сяніцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Крыштаф Казімір Сяніцкі)
Крыштаф Сяніцкі
польск.: Kaźmirz Krzysztof Sienicki
11-ы генерал літоўскай артылерыі
з 1706
Папярэднік Юзаф Мнішак
Пераемнік Фабіян Казімір Борх
мечнік вялікі літоўскі
з 10 мая 1703
Папярэднік Марцыян Міхал Агінскі
Пераемнік Мікалай Фаўстын Радзівіл

Нараджэнне 1671[1]
Смерць 1711[1][2]
Род Сяніцкія[d]
Бацька Wespazjan Sienicki[d]
Адукацыя

Крыштаф Казімір Сяніцкі (Сініцкі) герба Боньча (Senicki, Sennicki, Синицкий; 1671 — 1711) — трэці сын Веспасіана (? — 4 сакавіка 1689) (брата Паўла Сяніцкага, ад другой жонкі, народжанай Шчэпаноўскай, Мікалая Сяніцкага (?-1645)) і Аляксандры Станкар, пісарэўны Гарадзельскай, дачкі Пятра Станкара, войскага Грабавецкага.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Веспасіан пасля 1686 г. выехаў на службу ў ВКЛ, бо блізка сышоўся са канюшым ВКЛ Багуславам Радзівілам, і стаў кіраўніком маёнткамі яго адзінай дачкі Людвікі Караліны, а пасля смерці заступніка прыняў адміністрацыю маёнткаў на Падляшшы каля Орлі. Імкнуўся для Радзівілаў атрымаць назад маёнткі Невель і Себеж у Полацкім ваяводстве. Выконваў апеку над кальвінісцкімі зборамі ў Заблудаве і Венграве. Дочкі: Зоф’я, у 1-м замужжы Ружыцкая, у другім за С. Жэленскім; Канстанцыя замужам за С. Ажароўскім, Тэафілія з 1673 г. жыла ў Кенігсберзе, а з 1691 г. замужам за С. Карвіцкім; Сыны: Багуслаў, стольнік Холмскі, меў маёнтак у Орлі; Самуіл (ля 1669—1700); Крыштаф; Стэфан — чэснік Холмскі (ля. 1673—1738).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

16 лютага 1689 г. Крыштаф разам са сваім братам Самуілам быў залічаны ў Кёнігсбергскі ўніверсітэт, а з 2 красавіка 1692 г. ён працягнуў вучобу на юрыдычным факультэце Лейдэнскага ўніверсітэта. У Рэч Паспалітую вярнуўся да пачатку 1695 г.

Пасля элекции Аўгуста II Моцнага ў 1697 г., Крыштаф знаходзіўся ў асяроддзі новага караля; быў каралеўскім прыдворным, у жніўні 1698 г. камісарам па справах саксонскага войска, раскватараванага ў Нейбургскіх валадарствах. На мяжы 1698 і 1699 гг. выконваў сваю камісарскую функцыю ў Слуцку. Падчас пацыфікацыйнага сойма 1699 г. знаходзіўся ў Варшаве, але, па ўсёй верагоднасці, не ў якасці пасла. 24 мая 1700 г. атрымаў пасаду харунжага Ноўгарад-Северскага. Верагодна, браў удзел у бітве 18 лістапада 1700 г. пры Алькеніках пад камандаваннем генеральнага палкоўніка ВКЛ Міхала Вішнявецкага, з якім да канца сваёй кар’еры быў цесна злучаны. За свае заслугі ў студзені 1701 г. атрымаў староства Дудзіцкае, пасля забітага ў бітве пры Алькеніках Міхала Сапегі. У ліпені 1701 г. кароль Аўгуст II Моцны паслаў яго ў Вільню на з’езд шляхты ВКЛ. Увосень, гэтага ж годзе, браў удзел у з’ездзе літоўскіх рэспубліканцаў, падчас якога былі праведзены перамовы з Сапегамі пра ўмовы пацыфікацыі ВКЛ. Канчаткова падпісаў пацыфікацыйны акт, як медыятар на варшаўскім сойме 16 студзеня 1702 г. Верагодна, увесну, падчас працяглага знаходжання ў Варшаве ён перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва (прыняўшы імя Казімір) і атрымаў ад караля ў адміністрацыях высокарэнтабельных эканомію Магілёўскую.

У верасні 1702 г. Крыштаф Казімір удзельнічаў у аблозе казацкім войскам і войскамі ВКЛ Старога Быхава. Ён узяў фактычна на сябе камандаванне над правадзімымі Міхалам Халецкім, старостам Мазырскім, аблогавымі працамі. Пасля капітуляцыі крэпасці 10 кастрычніка 1702 г., стаў кашталянам новага гарнізону ў Быхаве. Намінацыя гэта была пацверджана з’ездам 7 снежня 1702 г. шляхты ВКЛ у Ружанах, дзе прызначылі яго таксама адміністратарам усяго Быхаўскага графства, за выключэннем горада.

На мяжы 1702 і 1703 гг., верагодна, удзельнічаў разам з Вішнявецкім у бітвах са шведскімі войскамі ў Кароне Польскай. 6 лютага 1703 г. атрымаў чын генерал-маёра войскаў ВКЛ і камандзіра пешага регументу. Тады ж каралём Аўгустам II Моцным быў пасланы на сакавіцкі з’езд шляхты ВКЛ у Вільню, дзе адыграў дзейсную ролю ў стварэнні 8 сакавіка 1703 г. канфедэрацыі ВКЛ у абарону караля. 10 мая 1703 г. Аўгуст II прысвоіў яму званне літоўскага мечніка. Як пасол ад Інфлянтаў прысутнічаў на Люблінскім сойме і быў абраны ў Скарбовую камісію ВКЛ і ў Раду з боку караля. Прызначаны Вялікім гетманам ВКЛ Вішнявецкі даручыў яму камандаванне сваім палком драгоніі, у які Крыштаф уключыў уласную харугву (якая дасталася яму 30 красавіка 1703 г. пасля Казіміра Кміціца).

У 1704 г. прыняў удзел ва ўсеагульным з’ездзе прыхільнікаў Аўгуста II Моцнага пад Сандамірам, дзе стаў канфедэрацкім дараднікам і суддзём створанай там 28 ліпеня Канфедэрацыі. Улетку 1704 г., разам з атрадам Вішнявецкага ўдзельнічаў у баях са шведамі ў Жмудзі і Курляндыі. Удзельнічаў 5 жніўня ў бітве пад Кройцбургам, якая скончылася перамогай шведаў. Увосень пераследваў прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага, якія ў жніўні сфармавалі ў яго падтрымку Канфедэрацыі ў Жмудзі і Упіцкім павеце ВКЛ. Ён прымусіў канфедэратаў (з маршалкам Жмудскага звяза Крыштафам Завішай, ваяводам Менскім) збегчы ў Прусію, здабыў арыгінальны акт Канфедэрацыі з подпісамі яе стваральнікаў. 1 лістапада 1704 г. браў удзел у пераможнай бітве сіл прыхільнікаў Вішнявецкага з атрадамі шведскіх прыхільнікаў пад камандаваннем Крыштафа Завішы пад Шкудами (літ. Skuodas). За гэтыя ваенныя заслугі атрымаў ад Аўгуста II Моцнага, за пратэкцыяй Вішнявецкага, староства Чачэрскае.

Напачатку чэрвеня 1705 г. прыняў удзел у Брэсце ў няўдалай спробе пагадніць гетманаў ВКЛ Вішнявецкага і Рыгора Агінскага. Суправаджаў затым Вішнявецкага ў бясплодных ваенных дзеяннях з мэтай захопу Варшавы. У канцы жніўня 1705 г. у Тыкоцыне ўдзельнічаў у нарадзе камандуючых Кароны і ВКЛ, у кастрычніку 1705 г. у сустрэчы ў Кнышыне з Пятром I і аглядзе саюзных войскаў пад Тыкоцынам. Падпісаў таксама маніфест супраць каранавання Станіслава Ляшчынскага. 26 кастрычніка 1705 г. сілы Вішнявецкага і Сяніцкага, пры падтрымцы А. Меншыкава і саксонцаў, пачалі наступ на Прагу пад Варшавай, разбілі шведскія войскі падтрымоўваныя Сапегамі і Патоцкімі, але спроба захопу Сеніцкім моста праз Віслу не атрымалася і яму прыйшлося адступіць пад Нур.

Як дэпутат ад Інфлянт удзельнічаў у пасяджэннях Сандамірскай канфедэрацыі ў Гародні (з 23 лістапада па 16 снежня 1705 г.), пратэстуючы супраць спусташэння ВКЛ рускім войскам. Сяніцкі меў акрамя адміністрацыі Быхаўскай і эканоміі Магілёўскай кіраванне над эканоміяй Шавельскай, староствы Чачэрскае, Ліпніскае і Геранёнскае, Горы-Горкі, Святыя Азёры і Палуйкевічы ў ВКЛ. У Палуйкевічах ён пабудаваў пышны палац. Набыў сабе ліхую славу сярод мясцовага насельніцтва нечуванай сквапнасцю, рабаваннямі і пыхай. Яго ахвярамі сталі багатыя гарады — Магілёў і Слуцк. У 1704 г. сілай вымусіў у Магілёве заплаціць яму пяць тыс. талераў, а 1705 г. па загадзе Вішнявецкага падышоў пад Слуцк, патрабуючы ад яго вялікі выкуп на аплату войска. Калі горад адмовіўся, трымаў яго ў аблозе на працягу шасці тыдняў і 7 ліпеня 1705 г. прымусіў яго да зняволення дамовы і выплаты 40 тыс. тынфаў кампенсацыі. Мабыць у 1703 г. Патоцкі саступіў яму Люцын (латыш. Ludza), а таксама Гевермуйжу і Азупіну ў Інфлянтах. Увосень 1705 г. Сяніцкі атрымаў ад Аўгуста II валоданні Кульчыцы і Рэкты ў Рэчыцкім павеце.

Падчас вялікага шведскага наступу напачатку 1706 г., 13 ці 14 лютага, атрад Сяніцкага, які кватараваў пад Алітай, быў пабіты шведскімі войскамі і прыхільнікамі Ляшчынскага. 1 сакавіка 1706 г. раз’езд Крыштафа Казіміра атрымаў паразу пад Алькенікамі ў бітве са шведамі. Увесну 1706 г. Сяніцкі сачыў з Быхава за рухамі рускіх войскаў і казакоў гетмана Івана Мазепы, падазраючы, што рускія жадаюць захапіць крэпасці ў Быхаве і Магілёве. Ён не дазволіў размясціць у сваёй крэпасці казацкія атрады, не даў нават пераканаць сябе ў гэтым цару Пятру I, з якім сустракаўся ў канцы чэрвеня ў лодцы на Дняпры. У чэрвені 1706 г. быў вылучаны канцлерам Станіславам Шчупаком на маршалка надворнага ВКЛ. У выніку атрымаў у верасні 1706 г. чын генерала артылерыі ВКЛ, ротмірства харугвы панцырнай пасля Мікалая Друцкага і регіментарства дывізіі Беларускай. Увосень удзельнічаў у сутычках са шведскімі войскамі на літоўска-курляндскім памежжы, аж да перамір’я з-за весткі пра змушанае адрачэнне Аўгуста II Моцнага і Альтранштэдцкай дамове (24 верасня 1706 г.).

Адрачэнне ад пасады Аўгуст II і спрэчкі ўсярэдзіне лагера былых рэспубліканцаў схілілі партыю Вішнявецкіх да пошукаў дамовы з каралём Станіславам Ляшчынскім, у якім, падобна, Сяніцкі адыграў важную ролю. Пасля некалькіх месяцаў перамоў разам з Вішнявецкімі і Крышпінамі Сяніцкі атрымаў амністыю ад Станіслава I (ад 3 лютага 1707 г.), які пацвердзіў яму чын генерала артылерыі, але забраў званне мечніка ВКЛ. Напачатку 1707 г. Крыштаф Казімір знаходзіўся ў Прусіі, дзе агаварыў з Сапегамі дамову пра арэнду Горы-Горак, Лоева і Баркалабава ў абмен на 70 тыс. талераў, а затым з’ехаў у Быхаў.

Пераход ранейшых правадыроў Аўгустоўскай партыі на бок Ляшчынскага першапачаткова трымалі ў таямніцы (некаторыя гісторыкі лічаць, што Сяніцкі здрадзіў Вішнявецкаму і без яго ведама змовіўся з Сапегамі, якія прапанавалі яму руку дачкі Станіслава Ежы Сапегі, у абмен на адрыў войскаў ад Вішнявецкага). Цар Пётр I, які падазраваў Вішнявецкага ў намеры здрады, жадаў прыцягнуць Сяніцкага для зрыву гэтых планаў.

Сяніцкі ласкава прыняў прыбылага ў сакавіку 1707 г. царскага пасланца С. Г. Нарышкіна, аспрэчыў абвінавачванні, што ён здрадзіў Вішнявецкаму і пісьмова абяцаў Пятру захоўваць саюз з Расіяй. Аднак маскалі перахапілі допіс Сяніцкага да Сапегаў і цар загадаў генералу Баўру зманам ці сілай завалодаць Быхавам і паланіць Сяніцкага.

У канцы красавіка 1707 г. Сяніцкі выправіўся ў Вільню на адкрыццё Трыбунала ВКЛ, на які быў дэпутатам ад Пінскага павета. Аднак атрымаўшы вестку пра падыход са Смаленска рускага канвою з 30 тыс. рублёў, прызначаных для Р. Агінскага на аплату войскаў ВКЛ і подкупу прыхільнікаў Вішнявецкіх, вырашыў забраць гэтыя грошы і адправіць іх Вішнявецкаму. Пасланы Крыштафам Казімірам атрад напаў на гэты канвой пад Начай, перабіў эскорт, забраў царскую казну і злучыўся з Сяніцкім пад Барысавым. Тут, на пераправе праз Бярэзіну напаў на Сяніцкага рускі атрад под камандай брыгадзіра Валконскага. Сяніцкі быў змушаны адысці, але 4 мая 1707 г. пад Бабром яго зноў атакавалі рускія, разбілі і адабралі частку грошай.

Сяніцкі адступіў у Быхаў, дзе ў яго было тры паліца, аплачаных пакінутымі грашыма. Неўзабаве Быхаў быў абложаны значнымі рускімі сіламі пад камандаваннем генерала Баўра і злучанымі з імі неўзабаве атрадамі Р. Агінскага. Сяніцкі спадзяваўся на дапамогу Сапегаў і Вішнявецкага. Апошні, аднак, не пажадаў адкрыта парваць з Масквой, таксама ён не валодаў дастатковымі сіламі. У 1707 г. галоўныя патроны «Едноты літоўскай» браты Сяніцкія накіравалі ліст пра дапамогу Карлу XII, але дапамога не прыйшла.

25 чэрвеня 1707 г. Агінскі схіліў гарнізон да ганаровай капітуляцыі. Гэта дамова гарантавала Сяніцкаму волю і недатыкальнасць маёнткаў; ён таксама мог вольна сысці з гарнізонам, але абавязаны быў не ўдзельнічаць больш у вайне з царом. Умовы капітуляцыі аднак не былі рускімі выкананы, Сяніцкі быў арыштаваны (разам са стрыечным братам Людвікам) і адпраўлены ў Смаленск, затым у Вязьму, а потым да Азова. Па шляху туды Сяніцкіх з Варонежу вярнулі ў Маскву, дзе правезлі ў кайданах праз горад і зняволілі ў Прэабражэнскі манастыр. Ад Сяніцкага запатрабавалі вяртання захопленых царскіх грошаў (хоць у адпаведнасці з умовамі капітуляцыі справа ўзаемных фінансавых прэтэнзій не павінна была закранацца) і прымушалі падпісаць вексель на 50 тыс. яфімак з яго маёнтка дэпанаванага ў Кёнігсбергу. Відаць, ён таксама атрымаў прапанову прыняцця службы ў рускім войску, але не пагадзіўся на гэта. У Маскве, яшчэ знаходзіўся ў лютым 1710 года. Увесь час спрабаваў атрымаць вызваленне, просячы пісьмова пра дапамогу сенатараў Кароны і Літвы. Пасля перахопу гэтага допісу рускімі яго саслалі, разам з братам Людвікам, у Табольск, адкуль тамтэйшы губернатар дазволіў ім выехаць у Самараўскі Ям, пад нагляд мясцовага службоўца Г. А. Каляміна. Сяніцкія прабылі там паўгода, навучаючы яго дзяцей, але па загадзе цара (выконваючага нібы просьбу пасла Рэчы Паспалітай) былі сасланыя ў Якуцк.

Падчас шляху, пакутуючы ад цынгі, Крыштаф Казімір Сяніцкі памёр на рацэ Об, паміж Сургутам ды Нарымом і быў пахаваны на безназоўным месцы берага ракі Об.

Крыштаф Сяніцкі, верагодна, сям’і не стварыў. Яго спадчыннікамі былі стрыечны брат Людвік і Зоф’я, жонка Мікалая Красінскага, судзіліся яны па сканчэнні некалькіх гадоў з Янам Ліндорфам, якому Крыштаф у 1707 г. пакінуў частку нерухомасці на суму ў 83 тыс. злотых.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Kaźmirz Krzysztof Sienicki przez Juliana Bartoszewicza // Księga świata. Ks. 2. Warszawa. 1857. S. 125—128;
  • Осада Быхова въ 1702 и 1707 годахъ и препровожденіе в Сибиръ бывшаго тамъ комендантомъ Литовскаго мечнаго, генералъ-маіора Синицкаго // Могилевскія губернскія вѣдомости. Могилевъ. 1860. № 13. С. 131—132; № 14. С. 141—143; № 15. С. 153—154; № 16. С. 162—163; № 17. С. 172—174; № 24. С. 261—263;
  • F. M. S. [Sobieszczański] Sienicki (Kaziemierz) // Encyklopedyja powszechna S. Orgelbranda. Warszawa. Tom Dwudziestztrzeci. 1866. S. 425;
  • Sienicki (Kaziemierz) // Encyklopedyja powszechna S. Orgelbranda. Tom Dziesiąty. Nowe stereotypowe wydanie. Warszawa. 1878. S. 443;
  • H. W. Bracia Sieniccy // Tygodnik ilustrowany. Warszawa. Nr. 28. S. 546—547. Nr. 29. Nr. 569—571. Nr. 30. 592—594. 1902;
  • Быхаўскі раён. IV Быхаў. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. Мінск. 1986. С. 129;
  • Andrzej Rachuba. Sienicki Krzysztof Kazimierz h. Bończa (1671—1711) // Polski słownik biograficzny. Warszawa-Kraków. Tom XXXVII/1. Źeszyt 152. 1996. S. 151—153.