Куршы
Куршы (аг.-усх.-слав.: корсь) — заходнебалцкае племя, якое жыло на паўднёва-заходнім узбярэжжы Балтыйскага мора, пераважна на захадзе сучаснай Латвіі і Літвы ў колішняй Куроніі.
Упершыню куршы згаданы ў канцы IX ст. У VIII—X ст. у куршаў адбываўся працэс разлажэння першабытнаабшчыннага ладу і зараджэнне феадальных адносін. Апроч земляробства і жывёлагадоўлі, займаліся рыбалоўствам, паляваннем, рамёствамі і гандлем. У VII—VIII ст. змагаліся з экспансіяй скандынаваў, якія захапілі частку ўзбярэжжа куршскай тэрыторыі. Адбіўшы нарманскую плынь, куршы сталі здзяйсняць напады на Швецыю і Данію. Нягледзячы на працяглую барацьбу (1210—1267), куршы трапілі пад уладу Лівонскага ордэна.
Да пачатку XVII ст. куршы цалкам зліліся з латгаламі і земгаламі, а таксама літоўцамі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 54. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- История Латвийской ССР. — Т. 1. — Рига, 1952.