Кыска

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Кыска
У параметры «Нацыянальная назва» парушаны сінтаксіс: яго дакладнае запаўненне: «код мовы/назва/код другой мовы/назва». Калі ласка, выпраўце гэтую памылку!
Kiska Island seen from Little Kiska Island.jpg
Узбярэжжа
Характарыстыкі
Плошча277,7 км²
Насельніцтва
  • 0 чал.
Размяшчэнне
51°57′38,30″ пн. ш. 177°29′41″ з. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Кыска (Паўночная Амерыка)
Кыска
Кыска
Лагатып Вікісховішча Аўдыё, фота і відэа на Вікісховішчы

Кы́ска (англ.: Kiska) — востраў у групе Алеуцкіх астравоў. Уваходзіць у склад амерыканскага штата Аляска. Плошча — 277,7 км². Сталага насельніцтва няма.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Кыска з'яўляецца адным з найбуйнейшых астравоў групы Пацучыныя Алеуцкага архіпелага. Месціцца ў 3045 км на захад ад Джуна, сталіцы штата Аляска. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 38,51 км. Найбольшая шырыня — 12,9 км.

Мае вулканічнае паходжанне. Стратавулкан Кыска ўзвышаецца на 1220,4 м і з'яўляецца актыўным. Апошнія вывэржэнні зафіксаваны ў 1962 г., 1964 г. і 1990 г. Бухта Кыска на ўсходнім узбярэжжы лічыцца адным з найбольш прыдатных месцаў для стаянак марскіх суднаў на поўначы Ціхага акіяна. З усходу яна зачынена невялікім востравам Літл-Кыска.

Клімат пераходны ад умеранага да арктычнага. На заходнім узбярэжжы сярэднія тэмпературы рэдка апускаюцца ніжэй за 0°C. Аднак у гарах прахалодна нават у летнія месяцы.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Большую частку вострава Кыска займае тундра, якую на ўзвышшах змяняюць карст, зараснікі моху і лішайнікаў. Фаўна адметна мноствам марскіх птушак. У выніку чалавечай дзейнасці былі інтрадуцыраваны пацукі і пясцы. У 1995 г. на востраве выяўлена 5 экалагічна небяспечных месц, дзе знойдзены атрутныя рэчывы або адыходы, пакінутыя чалавекам.

Кыска разам з востравам Ату ўваходзіць у склад асобнай прыроднай ахоўваемай зоны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што востраў Кыска быў населены продкамі алеутаў каля 4500 гадоў таму. Яны займаліся рыбалоўствам і паляваннем на ластаногіх, будавалі хаціны зямлянкавага тыпу. 25 кастрычніка 1741 г. востраў быў адкрыты расійскай экспедыцыяй на чале В. Берынга. Доўгі час расійскія здабытчыкі футра мала цікавіліся яго берагамі. У 1758 - 1759 гг. на ім зімавала каманда пацярпелага крушэнне расійскага судна «Святы Капітан». Аднойчы яна была атакавана абарыгенамі, якія, аднак, спужаліся стрэлаў і адступілі.

У 1810 г. і 1812 г. Руска-амерыканская кампанія выселіла тубыльцаў Кыскі на астравы Ату і Амчытка, дзе з-за змяньшэння насельніцтва не хапала рабочых рук. Выселеныя на Амчытку некаторы час сезонна наведваліся на Кыску, але ў выніку таксама былі пераселены на Ату.

У 1867 г. Кыска разам з іншымі Алеуцкімі астравамі была прададзена ЗША. Востраў сезонна наведваўся паляўнічымі на каланаў. У 1898 г. была высунута прапанова стварэння на ім буйной базы ВМС, але яна была пабудавана ў Пёрл-Харбар. Тым не меней, у 1901 г. заходняя частка была перададзена ў карыстанне ваенным. Тут быў пабудаваны пост. З 1912 г. наведванне Кыскі замежнымі суднамі было абмежавана. У 1913 г. астатняя частка вострава была абвешчана прыродным заказнікам. У 1936 г. была адчынена метэаралагічная станцыя.

6 ліпеня 1942 г. востраў Кыска быў акупаваны часткамі японскай арміі ў колькасці 500 чалавек. На метэаралагічнай станцыі знаходзіліся 10 амерыканскіх ваенных і сабака. Падчас штурму станцыі загінулі 2 амерыканцы, 7 трапілі ў палон, галоўны малодшы афіцэр В.К. Хаўс збёг, але праз 50 дзён з-за голада і прахалоднага надвор'я быў вымушаны таксама здацца ў палон. Усе палонныя былі інтэрніраваны ў Японію, адкуль вярнуліся толькі пасля заканчэння другой сусветнай вайны. На працягу ўсёй акупацыі ВПС ЗША і Канады несупынна бамбавалі японскія пазіцыі. Пасля захопу амерыканцамі вострава Ату 28 ліпеня 1943 г. японцы патаемна эвакуяваліся з Кыскі. 15 жніўня 1943 г. амерыканскія салдаты занялі востраў. Пры гэтым з-за мін, памылковых абстрэлаў і абмаражэнняў загінула 313 амерыканцаў.

У пасляваенны перыяд месца дыслакацыі японскіх войск было абвешчана нацыянальным гістарычным помнікам ЗША. Прырода Кыскі часткова пацярпела падчас выпрабаванняў ядзернай зброі на суседнім востраве Амчытка.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]