Ату

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ату
англ. Attu
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча896 км²
Насельніцтва
  • 0 чал.
Размяшчэнне
52°54′03,40″ пн. ш. 173°00′36,80″ з. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Ату (Аляска)
Ату
Ату
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

А́ту (англ.: Attu) — востраў у групе Алеуцкіх астравоў. Уваходзіць у склад амерыканскага штата Аляска. Плошча — 896 км². У нашы дні сталага насельніцтва няма.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Горная даліна

Востраў Ату — найбольш заходні ў групе Алеуцкіх астравоў. Месціцца ў 2366 км на захад ад Анкарыджа. Даўжыня з захаду на ўсход — 66,63 км. Найбольшая шырыня з поўначы на поўдзень — 26 км.

Мае вулканічнае паходжанне. Суша першасна сфарміравалася ў эацэне ў выніку тэктанічных зрухаў пліт. У алігацэнеміяцэне яна некалькі разоў апыналася пад паверхняй акіяна. У гэты перыяд назапасіўся значны пласт асадкавых парод. У чацвярцічны перыяд адбылася новая серыя вулканічных вывяржэнняў, якія выштурхнулі старажытныя пласты наверх, стварылі лававыя палі і расколіны.

Сучасная паверхня Ату ўяўляе шэраг горных ланцугоў з далінамі і западзінамі. Берагі нізкія з шырокімі пляжамі і забалочанымі вусцямі рэк і ручаёў.

Клімат пераходны ад умеранага да арктычнага. У лютым сярэдняя тэмпература трымаецца каля −1°C, а ў жніўні — каля +10,3°C.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

На востраве Ату ёсць некалькі дрэваў, пасаджаных амерыканскімі ветэранамі пасля II Сусветнай вайны. Аднак большую частку тэрыторыі займаюць горныя, нізінныя і прыбярэжныя лугі, балотныя раслінныя комплексы. На берагах часцяком сустракаюцца зараснікі ханкеньі, папарацяў, карлікавых бяроз і г. д. Фаўна прадстаўлена пераважна грызунамі і марскімі птушкамі.

Далікатная паўночная прырода Ату часткова пацярпела ад чалавечай дзейнасці, асабліва падчас II Сусветнай вайны. У нашы дні адбываецца ачыстка ад рэштак ваенных аб'ектаў. Ату разам з востравам Кыска ўваходзіць у склад асобнай прыроднай ахоўваемай зоны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Малады алеут з Ату, каля 1950 г.

Ату быў населены выхадцамі з больш усходніх Алеуцкіх астравоў толькі каля 3000 гадоў таму. Першапачаткова продкі алеутаў спыняліся на берагах паўднёвых заліваў, дзе меліся неабходныя для існавання рэсурсы. На паўночным беразе іх паселішчы ўзніклі толькі каля 2000 гадоў таму. Першыя паселішчы мелі невялікую плошчу, аб'ядноўвалі групы з 20 - 30 чалавек. Аднак пасля 1 тысячагоддзя н. э. алеуцкае насельніцтва імкліва расло і да сустрэчы з еўрапейцамі магло дасягаць 2000 - 5000 чалавек. Асноўнымі заняткамі тубыльцаў былі лоў ласосяў і паляванне на ластаногіх звяроў.

У 1745 г. Ату быў адкрыты расійскай экспедыцыяй на чале Аляксея Чырыкава і названы ў гонар Святога Хведара. Сучасная назва вострава паходзіць ад наймення адной з алеуцкіх вёсак. Ужо першая высадка расійскай экспедыцыі скончылася нападамі на 2 мясцовыя паселішчы. У далейшым расійскія прамыслоўцы прымушалі алеутаў паляваць для іх і збіралі ясак. Інтэнсіўнае паляванне на ластаногіх выклікала хуткае скарачэнне іх колькасці, у выніку чаго тубыльцы былі вымушаны цярпець нястачы. Наступствы мелі катастрафічны характар, паколькі да 1762 г. колькасць насельніцтва на Ату і суседніх астравах скарацілася да 100 чалавек. Выжылыя аб'ядноўваліся вакол правадыроў Бакутана і Чынтуяха, гандлявалі і карысталіся пэўнай пратэкцыяй з боку прамыслоўцаў.

У 1799 г. урад Расійскай імперыі перадаў правы на асваенне Алеуцкіх астравоў Руска-амерыканскай кампаніі. У 1805 г. па яе рашэнню на Ату былі пераселены алеуты з усходніх астравоў. Рапарт 1811 г. паказвае, што вёска перасяленцаў паступова расла, а колькасць карэнных астравіцян працягвала змяньшацца. Кантактаў паміж перасяленцамі і тубыльцамі амаль не было. Першы выпадак хрышчэння атуанцаў адбыўся ў 1758 г. У 1825 г. Руска-амерыканская кампанія пабудавала праваслаўную капліцу. Сюды перыядычна прыязджаў святар. На чале праваслаўнай абшчыны стаў крэол. У 1832 г. адбылося другое перасяленне алеутаў з вострава Амчытка. У 1860 г. насельніцтва вострава дасягала 278 сталых жыхароў, яшчэ 60 чалавек прыязджалі часова для палявання.

Пасля далучэння Аляскі да ЗША насельніцтва Ату зноў скарацілася да 107 чалавек у 1880 г. Гэта тлумачыцца далейшым драматычным вынішчэннем прыродных багаццяў і перасяленнем астравіцян на ўсход. З 1877 г. пачалося навуковае даследаванне Ату. У 1909 г. культуру і мову тубыльцаў вывучала экспедыцыя У. І. Іахельсона. Для паляпшэння іх эканамічнага становішча амерыканскія ўлады прыцягвалі астравіцян да трымання статкаў карыбу.

7 чэрвеня 1942 г. Ату быў акупаваны японскім баталёнам. Карэнныя жыхары былі прымусова пераселены ў часовы лагер на Хонсю. 11 мая 1943 г. на востраве высадзіліся часткі амерыканскай арміі. У выніку двухтыднёвых баёў амерыканцы здолелі вызваліць большую частку Ату, аднак панеслі значныя чалавечыя страты. Японскае камандванне рыхтавала флот для падтрымкі свайго гарнізона, але 29 мая 1943 г. рэшткі японскага батальёна паспрабавалі выйсці з акружэння самастойна, уступілі ў рукапашную сутычку, але былі знішчаны. Некаторыя японскія салдаты хаваліся ад амерыканцаў і супраціўляліся да чэрвеня 1943 г.

У 1945 г. алеуты і крэолы, карэнныя насельнікі Ату, былі вернуты з Японіі на Аляску, але сам востраў фактычна быў пакінуты. На ім была пабудавана навігацыйная станцыя, якая дзейнічала да 1 жніўня 1940 г.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]