Кіга

З пляцоўкі Вікіпедыя
Кіга
(Bakiga)
Cultural dance in Uganda.jpg
Агульная колькасць 3038000 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання Уганда
Мова рукіга
Рэлігія політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы баньяруанда, нколе

Кі́га, бакі́га (саманазвы Bakiga, abakiga літаральна «горцы») — афрыканскі народ. Насяляюць паўднёвы захад Уганды, таксама жывуць у памежных раёнах Руанды. У Руандзе кіга звычайна адносяць да хуту. У Угандзе разглядаюцца як асобная супольнасць, там іх агульная колькасць (2020 г.) складае 3 038 000 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Згодна гістарычным паданням кіга, яны першапачаткова насялялі поўнач Руанды, дзе сфарміравалася манархічная дзяржава на чале прадстаўнікоў рода Бамухуту. У XVIII ст. яно было заваявана тутсі і далучана да Руанды. Частка насельніцтва на чале культурнага героя Какіга мігрыравала ў горныя раёны на паўднёвым захадзе сучаснай Уганды. Але параўнальнае вывучэнне вуснай генеалогіі паказала, што міграцыя розных родаў кіга з Руанды займала некалькі стагоддзяў. Апошнія перасяленні зафіксаваны пачаткам XX ст. На новым месцы кіга не стварылі новую дзяржаву і гуртаваліся вакол родавых арганізацый. Тым не меней, паданні могуць адлюстроўваць сапраўдныя падзеі, паколькі сярод кіга існуе тытул мукама («правадыра правадыроў»), які прыпісваецца манархам Бамухуту. Акрамя таго, назвы родаў кіга часцяком супадаюць з назваі родаў хуту паўночнай Руанды.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным заняткам кіга здаўна з'яўляецца сельская гаспадарка. Яны вырошчваюць сорга, проса, бабовыя, ямс, трымаюць кароў, коз, у нашы дні — авечак. Зямлю апрацоўваюць як мужчыны, так і жанчыны. Жанчыны клапоцяцца пра дом і свойскую жывёлу. Кіга сезонна здабываюць мёд дзікіх пчол, у апошнія гады інтэнсіўна развіваюць пчалярства. Яны славяцца ўменнем апрацоўваць жалеза і вырабляць якасную кераміку.

Кіга звычайна жывуць у вёсках з раскіданай планіроўкай не далёка ад крыніц пітной вады. У мінулым было распаўсюджана падсечна-агнявое земляробства, калі палеткі хутка трацілі сваю ўраджайнасць. Вёскі мелі часовы характар і знаходзіліся на адным месцы некалькі гадоў. Калі вакол не заставалася тэрыторый, годных для далейшай неашчаднай эксплуатацыі, жыхары пераязджалі ў новае паселішча. Таму хаціны будавалі са сценамі з саломы і трыснёгу. У 1935 г. каланіяльныя ўлады абавязалі будаваць сцены з гліны, і паселішчы набылі больш сталы характар.

Народная вопратка вельмі простая, складаецца з каровінай скуры. Мужчыны загортваліся ў яе так, каб яна звісала з плячэй і затулялаа інтымныя месцы. Падчас бойкі яе падвязвалі, а падчас працы наогул здымалі. Жанчыны насілі спадніцы з некалькіх скур. У багатых сем'ях было прынята ўпрыгожваць жаночае цела меднымі кольцамі і бранзалетамі.

Асновай традыцыйнай сацыяльнай арганізацыі з'яўляецца род, усе чальцы якога маюць адзінага продка па мужчынскай лініі. Род падзяляецца на некалькі сваяцкіх груп, кожная з іх мае свайго правадыра. Галоўная роля правадыра заключана ў судовых функцыях. Правадыры — выдатныя аратары, часам практыкуюць магію або займаюцца лекаваннем суродзічаў. Да XX ст. кіга вялі несупынныя войны з тутсі і хіма. Іх ваенныя аб'яднанні ўзначальвалі асобныя ваенныя правадыры.

Шлюбы знутры рода забаронены. У мінулым яны заключаліся бацькам або дзядзькам ад імя хлопчыка. За нявесту выплочвалі выкуп свойскай жывёлай і жалезнымі матыкамі. Такую жывёлу нельга было прадаваць, але яна магла пайсці на выкуп жонкі для братоў нявесты. У мінулым практыкавалася палігінія. Цнатлівасць лічылася важнай для незамужняй дзяўчыны. Цяжарнасць да шлюбу часам каралася смерцю. Замуж выходзілі ва ўзросце каля 14 гадоў. Шлюбны ўзрост хлопчыкаў быў каля 16 — 18 гадоў. Вяселле акухінгірэ суправаджалася падарункамі маладым ў выглядзе хатняга начыння. Яно станавілася маёмасцю мужа. Разводы з дазволу старэйшын разглядаліся як норма, звычайна былі выкліканы бясплоддзем ці лянотай.

Кіга вядомы як выдатныя танцоры. Іх танец экізіна ўзнік як размінка пастухоў у прахалодную пару, ён суправажэаецца скокамі, тупатам і дэманстрацыяй цягавітасці. Народныя музычныя інструменты: флейта, трубы, цытра, барабаны.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова кіга адносіцца да групы моў банту, блізкая да мовы нколе.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Кіга вераць у бога-творцу Рухангу, але лічаць, што ён мала клапоціцца пра людзей. Больш важную ролю адыгрывае культ бога-заступніка Н'ябінгі на чале жрацоў эндара. У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]