Баньяруанда
Баньяруанда (Abanyarwanda) | |
Агульная колькасць | 14665000 (2020 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Руанда |
Мова | кіруанда |
Рэлігія | політэізм, хрысціянства, іслам |
Блізкія этнічныя групы | кіга, рундзі |
Баньяруа́нда, руан́да (саманазва Abanyarwanda) — афрыканскі народ, асноўнае насельніцтва дзяржавы Руанда. У выніку эміграцыі або палітычнага бегства значныя па колькасці абшчыны склаліся ў суседніх краінах. Агульная колькасць (2020 г.) — 14 665 000 чалавек.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Асаблівасцю баньяруанда з’яўляецца тое, што ўсе яны размаўляюць на адной мове кіруанда з групы моў банту і атаясняюць сваё паходжанне з Руанды, аднак падзяляюцца на 3 этна-сацыяльныя або нават расава-сацыяльныя групы тва, хуту і тутсі.
Тва з’яўляюцца нашчадкамі найбольш старажытнага пігмейскага насельніцтва Цэнтральнай Афрыкі. У выніку з’яўлення новых хваляў мігрантаў у раён Вялікіх азёр яны былі вымушаны прыстасоўвацца да новых умоў, прынялі мову банту, займаліся паляваннем і абменам прадуктаў лясной на прадукты сельскай гаспадаркі, спецыялізаваліся на вырабе керамікі. У першай палове XX ст. яны насялялі землі вакол азёр Эдвард і Ківу. Стварэнне на гэтых землях нацыянальных паркаў прывяло да перамяшчэння часткі супольнасці за межы звыклай тэрыторыі, немагчымасці займацца традыцыйнымі заняткамі. У нашы дні тва з’яўляюцца адносна невялікай дыскімінуемай групай без асобных правоў[1].
Хуту — нашчадкі перасяленцаў, што мігрыравалі з захаду ў 1 тысячагоддзі н. э. Генетычна яны вельмі блізкія да іншых супольнасцей афрыканскіх банту[2]. Аб іх з’яўленні на тэрыторыі Руанды кажуць знаходкі рэштак металургічнай вытворчасці, што адносяцца да III — VII стст.[3] Да фарміравання адзінай дзяржавы Руанда продкі хуту падзяляліся на буйныя родавыя арганізацыі і дробныя дзяржаўныя ўтварэнні. Нават у нашы дні захоўваюцца разнастайныя рэгіянальныя і родавыя назвы. Відавочна, супольная назва хуту ўзнікла ў выніку заваявання супольнасцей банту з боку тутсі. У XVII — XIX стст. статус квіхутру надаваўся залежным групам насельніцтва, аднак ад яго можна было пазбавіцца дзякуючы накапленню багаццяў[4].
Паходжанне тутсі больш спрэчнае. У XIX ст, калі пачаліся кантакты паміж баньяруанда і еўрапейцамі, яны складалі прывілеяваны пласт насельніцтва, які валодаў зямлёй і свойскай жывёлай (яна была сімвалам багацця), але ў той жа час адрозніваўся ад хуту абліччам. Тутсі вышэй за хуту і маюць больш вузкія абрысы твару[5]. Гэта стала падставай для меркавання, што тутсі паходзяць ад пазнейшых мігрантаў-жывёлагадоўцаў, чые продкі былі хамітамі або нілотамі і заваявалі продкаў хуту. Генеалогія некаторых родаў тутсі адносіць іх да хіма або нколе, але яны складаюць меншасць сярод астатніх тутсі. Прыхільнікі другой версіі сцвярджаюць, што тутсі не адрозніваюцца па паходжанню ад хуту і вылучыліся як сацыяльны пласт у дзяржаве Руанда. Канчаткова яны адасобіліся ад хуту ў XX ст. пад уплывам каланіяльнай палітыкі бельгійскіх уладаў. Сучасныя генетычныя даследаванні даюць вельмі спрэчныя вынікі для іх аднабаковага тлумачэння [6][7][8].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XVI — XVII стст. род тутсі Н’ігін’я заснаваў манархічную дзяржаву Руанду і пачаў заваяванне зямель суседніх родаў і дробных дзяржаўных утварэнняў. У пэўны перыяд манархам Руанды падпарадкоўваліся суседнія тэрыторыі Танзаніі і Конга. Яны стварылі сістэму кіравання ігікінгі, якая ператварала роды жывёлагадоўцаў у кліентаў кіруючай дынастыі, а навакольнае земляробчае насельніцтва ставіла ў залежнае становішча ад уладальнікаў статкаў[9]. Жывёлагадоўцы звычайна адносіліся да тутсі, а залежныя земляробы — да хуту. Валадар Кігелі IV Рвабугіры (1840—1895 гг.) пераразмеркаваў зямельныя валоданні і канчаткова замацаваў сацыяльны падзел паміж тутсі і хуту.
У 1885 г. Руанда была далучана да нямецкіх каланіяльных валоданняў ва Усходняй Афрыцы. Хаця каланіяльныя чыноўнікі ўмешваліся ва ўнутранае кіраванне і суд, увялі падушны падатак як для хуту, так і тутсі, яны захавалі манархічны лад і спрыялі першынству тутсі. Межы Руанды былі вызначаны дагаворамі Германіі з Бельгіяй і Бугандай, якія не ўлічвалі рэчаіснае рассяленне баньяруанда, а таму частка гэтага народа апынулася па-за ўладай свайго валадара. Акрамя таго адбывалася эміграцыя хуту і тутсі ў іншыя рэгіёны па палітычных і эканамічных прычынах. Так, у 1910—1911 гг. на поўначы Руанды адбылося антыкаланіяльнае паўстанне, задушанае тутсі з дапамогай нямецкіх чыноўнікаў. Яно выклікала бегства баньяруанда на тэрыторыю суседніх Конга і Уганды. Другой важнай прычынай была эпізаотыя буйной рагатай жывёлы, якая руйнавала эканамічны дабрабыт тутсі і вымушала іх шукаць працу на радовішчах на захадзе ад Руанды. Хваля эмігрантаў канца XIX — пачатку XX ст. складалася пераважна з тутсі. Іх нашчадкі, што сяліліся ў іншых краінах, але працягвалі захоўваць родную мову і культуру, атрымалі назву баньямуленгэ.
У 1916 г. Руанда была акупавана бельгійскімі ваеннымі сіламі і згодна мандату Лігі Нацый перададзена пад кіраванне гэтай дзяржавы. Фармальна хуту і тутсі былі абвешчаны роўнымі перад законам. Бельгійскія ўлады спрыялі распаўсюджанню новых сельскагаспадарчых культур, што павінны былі падвысіць харчорвую бяспеку земляробаў. Апошняе стала прычынай таго, што бяднейшыя тутсі станавіліся земляробамі падобна хуту. Пераход ад жывёлагадоўлі да земляробства або комплекснай гаспадаркі быў асабліва характэрны падчас голаду II Сусветнай вайны. Разам з гэтым, праз касцёл і адукацыйныя ўстановы распаўсюджвалася тэорыя, заснаваная на расісцкіх поглядах, быццам бы тутсі мелі біялагічную перавагу перад хуту і тва, тутсі часцей атрымоўвалі пасады ў каланіяльнай адміністрацыі, былі ўведзены пашпарты, у якіх фіксавалася паходжанне ад хуту і тутсі. Пазней гэта стала прычынай абвінавачванняў з боку часткі палітыкаў і даследчыкаў другой паловы XX ст., быццам бы падзел на хуту і тутсі быў штучна ўтвораны каланіялістамі. Працягвалася рабочая эміграцыя баньяруанда ў больш эканамічна развітыя рэгіёны бельгійскага Конга.
Пасля II Сусветнай вайны была адменена залежнасць сялян (хуту і бедных тутсі) ад уладальнікаў зямлі (пераважна тутсі), сельгагаспадарчыя ўгоддзі падзелены паміж прадстаўнікамі дзвюх найбуйнейшых груп. Аднак у другой палове 1950-х гг. адносіны паміж імі пагоршыліся. У 1959 г. навіна пра забойства палітыка-хуту ад рук тутсі прывяла да распраў з тутсі ў адказў. Было забіта болей за 20 тысяч чалавек, манарх і тысячы яго прыхільнікаў збеглі з краіны. У 1962 г. Руанда была абвешчана на рэферэндуме незалежнай рэспублікай. Новы ўрад фарміраваўся пераважна з хуту. Да 1973 г. дзейнічалі квоты, якія абмяжоўвалі магчымасць тутсі займаць месцы ў адукацыйных установах і органах кіравання. У 1978—1993 гг. у Руандзе існавала аўтарытарная сістэма. Хаця яна была аднолькава ненапулярнай сярод хуту і тутсі, дзяржава часам абмяжоўвала сацыяльныя магчымасці тутсі, каб атрымаць падтрымку ад хуту.
Пасля абвяшчэння незалежнасці суседніх краін Афрыкі эмігранты-баньяруанда і іх нашчадкі, што жылі там, апынуліся ў розных умовах. Напрыклад, ва Угандзе большасць з іх атрымала грамадзянства, і баньяруанда нават былі ўзгаданы ў Канстытуцыі як адно з плямён гэтай дзяржавы[10]. У Заіры закон 1981 г. пазбаўляў грамадзянства ўсіх, чые продкі не жылі на яго тэрыторыі да 1885 г.[11] У памежных правінцыях, дзе сяліліся бежанцы з Руанды, часцяком узнікалі разлады з мясцовымі народамі. Тым не меней, у абедзвюх дзяржавах баньяруанда актыўна ўдзельнічалі ў палітыцы, у тым ліку ва ўзброеных канфліктах. У 1990 г. бежанцы-тутсі ва Угандзе пры падтрымцы афіцэраў-баньяруанда ўгандыйскай арміі стварылі Патрыятычны Фронт Руанды і выступілі супраць дыктатуры на радзіме.
У 1993 г. улады Руанды былі вымушаны заключыць у Арушы пагадненне з паўстанцамі і стварыць кааліцыйны ўрад, дзе пасаду прэм’ер-міністра ўпершыню за многія гады атрымаў прадстаўнік тутсі. Аднак у 1994 г. напружанасць у адносінах паміж буйнейшымі групамі насельніцтва прывяла да масавага генацыду тутсі. Загінула таксама каля 30 % тва[12]. У 1996 г. армія Руанды урывалася ў суседнія раёны ДРК, адкуль прымусова вяртала бежанцаў. Ваеннае супрацьстаянне паміж арміяй ДРК і сіламі ААН з аднаго боку і ўзброенымі баньяруанда з другога працягвалася да 2012 г. Гэта спарадзіла недавер да бежанцаў і мясцовых абшчын баньяруанда сярод грамадскіх супольнасцей суседніх дзяржаў. У выніку ў 2013 г. Танзанія прымусова выселіла ўсіх бежанцаў са сваёй тэрыторыі, нават тых, хто нарадзіўся ўжо ў Танзаніі і ніколі не быў у Руандзе[13]. Спрэчкі вакол тоеснасці баньяруанда вядуцца ва Угандзе[14].
Зноскі
- ↑ Batwa Land Rights in Rwanda(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 верасня 2020. Праверана 17 студзеня 2021.
- ↑ mtDNA variability in two Bantu-speaking populations (Shona and Hutu) from Eastern Africa: implications for peopling and migration patterns in sub-Saharan Africa
- ↑ Byanafashe, D. History of Rwanda. — P. 41
- ↑ Bakiga People and their Culture Архівавана 18 студзеня 2021.
- ↑ Tutsi Probably Differ Genetically from the Hutu
- ↑ Tishkoff S et al. — In Africa Project Архівавана 23 студзеня 2021.
- ↑ The Belgians Did Not Invent The Hutu And Tutsi Ethnic Groups, Who Have Different Origins
- ↑ Tutsis Are Genetically Very Similar To Masai
- ↑ Byanafashe, D. History of Rwanda. — P. 126—132
- ↑ Are Banyarwanda Uganda’s biggest tribe? Look around, they could well be
- ↑ Banyarwanda — Minority Rights Group
- ↑ Forgotten people: the Batwa 'Pygmy' of the Great Lakes region of Africa
- ↑ Why has Tanzania deported thousands to Rwanda?
- ↑ The question of Banyarwanda citizenship in the Great Lakes
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Byanafashe, D. History of Rwanda / Deo Byanafashe, Paul Rytayisire. — Kigali, 2016 ISBN 978-99977-709-6-7