Нколе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нколе
(Banyankole)
Агульная колькасць 4422000 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання Уганда
Мова руньянколе
Рэлігія культ продкаў, політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы кіга, хіма, рундзі, баньяруанда, баганда, ньёра

Нколе, баньянколе (саманазва Banyankole) — афрыканскі народ, жыхары паўднёвага захаду Уганды. Агульная колькасць (2020 г.) — каля 4 422 000 чалавек.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Нколе сфарміраваліся як этнічная супольнасць у межах дзяржавы Анколе, што існавала ў канцы XV — другой палове XX стст. Яны складаюцца з 2 буйных груп насельніцтва — бахіма і баіру. У мінулым бахіма складалі прывілеяваны пласт насельніцтва, які падпарадкоўваўся непасрэдна манарху Анколе і займаўся выпасам каралеўскіх статкаў кароў. Баіру займаліся пераважна земляробствам і рамяством і лічыліся падначаленымі ў дачыненні да бахіма. Шлюбы паміж імі былі забаронены. У нашы дні сацыяльны стан і заняткі прадстаўнікоў абедзвюх груп не маюць істотных адрозненняў.

Найбольш распаўсюджай гіпотэзай паходжання бахіма і баіру з’яўляецца тое, што продкі бахіма былі нілотамі, выхадцамі з тэрыторыі Паўднёвага Судана, якія заваявалі мясцовых тубыльцаў-банту. Другая гіпотэза сцвярджае, што нілоты маглі ўдзельнічаць у фарміраванні пласта бахіма, але большасць з іх складалася з банту, што перайшлі на службу манархам Анколе.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Каровы анколе

Нколе насяляюць гарыстую мясцовасць, дзе клімат на працягу года блізкі да ўмеранага і маюцца аднолькава прыдатныя ўмовы для земляробства і жывёлагадоўлі. У перыяд існавання дзяржавы Анколе нколе-баіру вялі комплексную гаспадарку, хаця яе асновай было земляробства, а трыманне дробнай жывёлы, рыбалоўства і паляванне адыгрывалі другасную ролю. Традыцыйнымі земляробчымі культурамі былі проса, клубневыя і бананы. У нашы дні вырошчваюць кукурузу, гародніну, бабовыя, ананасы і інш. Акрамя таго, баіру з’яўляліся выдатнымі рамеснікамі, апрацоўвалі жалеза, драўніну, выраблялі тканіны і кераміку.

Традыцыйным заняткам бахіма была адгонная жывёлагадоўля. Яны трымалі кароў пароды анколе, знакамітай масіўным целам і доўгімі рогамі. Ялавічыну ўжывалі рэдка, пераважна ў выпадку натуральнай смерці каровы, затое ўжывалі шмат малака. Ядомыя прадукты жывёлагадоўлі лічыліся прэстыжнымі. Аднак для падтрымання нармальнай дыеты бахіма патрабаваліся таксама прадукты земляробства, у тым ліку для прыгатавання важнага культурнага напоя — піва. Існаваў рытуальны абмен, калі баіру прапаноўвалі збожжа і клубні ў якасці дару, а бахіма даравалі ў адказ малочныя прадукты, скуры, радзей мяса. Фармальна ўладальнікам усіх кароў быў манарх Анколе, таму родавыя арганізацыі бахіма даравалі частку рагатай жывёлы і ў яго статак. Багацце і магутнасць родаў вызначаліся не падначаленымі ім тэрыторыямі, а колькасцю кароў. Акрамя таго, бахіма павінны былі ўмець валодаць зброяй, служыць у войску.

Крызіс традыцыйнай сістэмы падзелу на 2 адрозныя групы насельніцтва пачаўся ў канцы XIX ст., калі здарылася эпізаотыя, і бахіма пазбавіліся значнай часткі статкаў. Яны былі вымушаны займацца адыходніцтвам, наймацца на працу на будоўлі, на плантацыі ў Бугандзе. Напады з боку баньяруанда і кіга вымушалі браць на службу баіру. У XX ст., калі забарона на ўзаемныя шлюбы саслабла, з’явіліся абамбары, дзеці ад супольных саюзаў, якія нароўні з іншымі патрабавалі частку рагатай жывёлы ў карыстанне. У другой палове XX ст. сацыяльны стан бахіма і баіру стаў прыкладна роўным. Тым не меней, захоўваюцца некаторыя перажыткі ранейшай сістэмы падзелу. Нягледзячы на тое, што бахіма складаюць меншасць сярод нколе, яны валодаюць прыкладна паловай каровіных статкаў, імкнуцца мець шлюб з іншымі бахіма або суседзямі-тутсі, сувязь з родамі бахіма з’яўляецца прэстыжнай.

Рэканструкцыя хаціны бахіма

Традыцыйна бахіма выбіралі для будаўніцтва жытла месцы на паверхні пагоркаў, агароджвалі іх, знутры ўзводзілі жылыя і гаспадарчыя хаціны, трымалі кароў. Кожныя 2 гады месца жытла мянялася. Асабліва вялікія жылыя комплексы належалі манархам Анколе. Яны маглі ўключаць некалькі сотняў хацін, дзе жылі правадыры, слугі, жонкі, воіны, і займаць да 40 га. У агарожы рабілася галоўная брама, каля якой будавалі навесы для наведвальнікаў, што чакалі аўдыенцыю. Баіру жылі ў вёсках, будавалі аднакамерныя каркасныя круглявыя хаціны, крытыя саломай. У XX ст. хаціны набылі форму чатырохкутніка.

Народная вопратка падкрэслівае сацыяльны статус і пол. Правадыры насілі доўгія плашчы з каровінай скуры. Астатнія мужчыны апраналі кавалак каровінай скуры праз плячо. Жаночая вопратка таксама шылася з каровіных скур. Замужнія жанчыны прыкрывалі галаву і твар. У нашы дні народную вопратку апранаюць падчас святаў, аднак каровіны скуры замяняюць баваўнянымі тканінамі.

Традыцыйнае грамадства абапіралася на буйныя родавыя арганізацыі, чые члены вялі радавод ад адзінага продка па мужчынскай лініі. Кожны род займаў пэўную тэрыторыю. Паколькі бахіма і баіру мелі розныя заняткі, межы тэрыторый іх родаў маглі перасякацца. Кожны род меў свой сацыяльны ранг, прычым роды бахіма заўсёды разглядаліся вышэй, чым баіру. Магутнасць родаў бахіма вызначалася не кантралюемымі землямі і не колькасцю людзей, а колькасцю кароў. Шлюбы знутры родаў былі забаронены, не дазвалялася сваяцтва паміж бахіма і баіру. Да распаўсюджвання хрысціянства нормай была палігінія. Вяселлю папярэднічаў выкуп нявесты сваякамі жаніха. Існаваў звычай прымусу ў адносінах да дзяўчыны, што не адказвала на звароты хлопца. Ён не вітаўся грамадствам, але і не аспрэчваўся. Нявеста перад вяселлем павінна была мала рухацца і піць шмат малака, паколькі жанчыны з масіўным целам цаніліся вышэй за хударлявых. У сям'і мужчына меў заўсёды больш улады, чым жанчына. Спадчына традыцыйна перадавалася старэйшаму сыну, хаця бацька меў права прызначыць спадчыннікам любога з сыноў. Дзядулі і бабулі актыўна ўдзельнічалі ў выхаванні ўнукаў. Сястра бацькі адказвала за маральнасць дзяўчат. Дзень надання імя хлопчыку святкаваўся жыхарамі ўсяго паселішча.

Нколе захавалі багатую вусную фальклорную спадчыну. Гістарычныя паданні дзяржавы Анколе ляглі ў аснову сучаснай гісторыі Уганды. Вядомы таксама казкі эбэвуга, прымаўкі эфуму, загадкі эбііта. Святы суправаджаюцца танцамі пад барабаны, якія часцей вырабляюць з керамікі, і толькі барабаны манархаў — з драўніны.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова нколе належыць да групы моў банту, вельмі блізкая да мовы кіга. Першыя запісы слоў лацінскімі літарамі пачалі рабіць у канцы XIX ст. У сярэдзіне XX ст. Чарлз Тэйлар, аўстралійскі місіянер і прафесійны лінгвіст, распрацаваў так званы «спрошчаны варыянт» граматыкі, якім карыстаюцца да нашых дзён.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У мінулым нколе верылі ў Рухангу, адзінага бога-стваральніка сусвету і людзей, аднак ён разглядаўся як далёкі ад паўседзённых праблем. Ва ўспрыманні вернікаў большую ролю адыгрывалі эмандва, богі асобных родаў. Для іх арганізоўвалі месцы шанавання, ахвяравалі піва, маліліся. У Анколе існаваў культ памерлых манархаў. У нашы дні большасць вернікаў належаць да розных хрысціянскіх канфесій, аднак захоўваюць веру ў магію, духаў прыроды і продкаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]