Перайсці да зместу

Кілім

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хатаміс Кілім (дэталь), Цэнтральная Анатолія, пачатак XIX стагоддзя
Дыяграма тэхнікі пляцення кіліма, якая паказвае, як уточныя ніткі кожнага колеру заварочваюць на мяжы колеру, пакідаючы шчыліну (заклад)
Фрагмент турэцкага кіліма, які ілюструе выкарыстанне некалькіх матываў

Кілім[1] — тканы гладкі дыван ручной працы. Аснова любога дывана таксама называецца кілімам.

Кілім бярэ свой пачатак у Старажытнай Персіі (цяперашні Іран). Вядома, што менавіта на тэрыторыі гэтай дзяржавы прыблізна 2500 гадоў таму быў вытканы першы ўсходні дыван "ў перакладзе з персідскай «гілім» або турэцкага «кілім» — «груба зробленая коўдра»). Самы старажытны выраб, які захаваўся да нашых дзён, быў створаны майстрамі каля 2000 гадоў таму. Знойдзены ён быў рускім археолагам С. Рудэнкам  (руск.) у 1949 годзе падчас археалагічных раскопак у Сібіры і прадстаўляў сабой ваўнянае палатно з выявай дзікіх жывёл. У сапраўдны момант гэты твор майстроў дыванаткацтва старажытнасці захоўваецца ў Эрмітажы. Пазней кілімы атрымалі шырокае распаўсюджанне і ўжыліся ў побыт у краінах Еўропы (вытворчасць распаўсюджана ў Польшчы, Балгарыі). На тэрыторыі краін былога СССР найбольш вядомыя малдаўскія і ўкраінскія, туркменскія і ўзбекскія кілімы.

Паколькі спрадвеку ткаліся кілімы ў народзе і ў асноўным для ўласных патрэб, арнамент кілімаў пераклікаюцца з побытам, традыцыямі, жыццём і веравызнаннем простага народа.

Шырока распаўсюджанымі з’яўляюцца кілімы з воўны, напрыклад у Вялікай савецкай энцыклапедыі кілім пазначаны менавіта як ваўняны бязворсавы двухбаковы дыван ручной працы. Але сустракаюцца кілімы і з бавоўны, з далікатнага шоўку (персідскія) альбо з даданнем шоўку, і наадварот, з грубай пянькі  (руск.) і ільняной ніткі. З развіццём тэхналогій сталі выкарыстоўваць сінтэтычныя матэрыялы акрыл, нейлон, віскозу.

Кілімы ва Усходняй Еўропе

[правіць | правіць зыходнік]

На ўсходнеславянскіх землях клімы вядомыя з XVII стагоддзя, атрымалі асаблівае распаўсюджанне ў XVIII—XIX стагоддзях. Вопісы маёмасці XVI—XVII стагоддзяў сведчаць, што беларуская шляхта Слонімскага і Мінскага паветаў мела ў сваёй уласнасці турэцкія і персідскія кілімы[2]. У вопісах XVII стагоддзя сустракаюцца ўказанні на дываны «літоўскія», «літоўскай справы»[3], што сведчыць пра існаванне на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ўласнай вытворчасці кілімаў, якія вывозіліся на экспарт[4]. Даныя мытных кніг XVII стагоддзя па гандлю гарадоў Магілёва і Оршы з Курскам у Расіі кажуць пра тое, што беларускія гандляры ў перыяд 1641—1642 гадоў увезлі і прадалі ў Курску адзін «кілім турскі» і «10 кілімаў перскіх», якія, гледзячы па іх назвах, былі імпартаваным таварам. Таксама 37 «кілімаў» і два «паўдываны», якія, хутчэй за ўсё, прадукцыяй мясцовай вытворчасці[5].

Асноўнымі цэнтрамі ўласнай вытворчасці кілімаў былі беларускія (Гродзенскі, Слонімскі, Нясвіжскі, Ашмянскі паветы), заходнеўкраінскія, у меншай ступені ўсходнепольскія тэрыторыі. Ткалі ў хатніх умовах, у рамесніцкіх майстэрнях, на магнацкіх і шляхецкіх дварах, фальварках, на мануфактурах, у прыватнасці на Карэліцкай, Слонімскай, Нясвіжскай, Слуцкай, на Каралеўскіх мануфактурах у Гродне[1].

У XVII — пачатку XIX стагоддзя мелі розныя назвы ў залежнасці ад характару выкарыстання: «гуня», «гунька», «дэрка», «коўдра», «коц», «дыван». Мелі рознае кампазіцыйнае вырашэнне: у гарызантальныя палосы, у клетку, з рапортнай пабудовай па тыпу каберцаў. На некаторых выяўлялі буеты кветак, вазоны, кошыкі з кветкамі, пейзажныя і сюжэтныя матывы, падобна як у шпалерах[1].

Сучасная тэхналогія

[правіць | правіць зыходнік]

Са старажытных часоў тэхналогія вырабу практычна не змянілася. Ткуць кілімы на вертыкальных і гарызантальных станках. Вертыкальныя станкі ўяўляюць сабой драўляныя рамы з нацягнутымі ніткамі асновы, такія станкі дазваляюць майстрам ўручную, вельмі гнутка працаваць з лініямі і колерам малюнка, таму на рамах часцей ткуць жывапісныя кілімы з раслінным арнаментам і кветкавымі ўзорамі (на такіх жа станках ткалі французскія шпалеры, мільфлёры і габелены). Гарызантальныя механічныя і паўмеханічныя станкі больш зручныя для вырабу кілімаў з геаметрычным арнаментам.

Кілімы служаць упрыгажэннем інтэр’еру, падлогавымі і насценнымі пакрыццямі, ствараюць атмасферу хатняга цяпла і камфорту, з кілімаў шыюць мяшкі і сумкі, фрагменты кілімаў упрыгожваюць верхнюю вопратку і нават жаночыя аксэсуары і біжутэрыю.

Уплыў кілімаў на беларускае ткацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Імпарт і ўласная вытворчасць кілімаў, несумненна, аказалі ўплыў на фарміраванне мастацкай традыцыі рагачоўскіх, брагінскіх, лоеўскіх ручнікоў. Пытанне засваення беларускім народным тэкстылем кілімовых узораў і закладнога ткацтва неабходна разглядаць у шырокім гістарычным і сацыяльна-культурным кантэксце[6]. Можна казаць пра тое, што беларускае і ўкраінскае народнае ткацтва творча перапрацавала мастацка-тэхналагічныя традыцыі кілімаў усходняй і мясцовай вытворчасці. З выкарыстаннем закладной тэхнікі і характэрных для кілімаў прыёмаў пабудовы арнаменту і матываў, народныя ткачы стварылі арыгінальны тып дэкаратыўнага прадмету сакральнага прызначэння, звязанага з хрысціянскай традыцыяй, — завеска, кілімавы ручнік для ўпрыгажэння абразоў. Паліхрамія, уласцівая ўсходнім кілімам, у ручніках была заменена традыцыйнай трыядай чырвонага, белага і чорнага колераў, якая ў народнай культуры мела сакральна-сімвалічнае значэнне[7].

Зноскі

  1. а б в Лазука, Барыс Андрэевіч. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII стагоддзя. Малы лексікон / Б. А. Лазука; [фота: Б. А. Лазука, М. П. Мельнікаў]. ― Мінск : Беларусь, 2015. — 170, [2] с. : каляр. іл., партр. ; 30 см. Фактычная дата выхаду ў свет ― 2014. ― Бібліяграфія: с. 170―171.
  2. Бабкова, В. У. …І цуды, і страхі: эсэ па гісторыі штодзённасці Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVII стагоддзяў / Вольга Бабкова. — Мінск: І. П. Логвінаў, 20210. — 152 с. — (Галерея «Б»). с. 106
  3. Щербаківський, Д. М. Український килим (попередні студії) / Д. М. Щербаківський. — Зб. 1: Репринт. перевид. 1927 р. — Київ: Фенікс, 2007. — С. 127—157. с. 137—138.
  4. Лобачевская, Ольга Александровна. Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. ― Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. Библиография: с. 492―515 (610 назв.). С. 217.
  5. Раздорский, А. И. Материалы курских таможенных книг о торговле с белорусскими городами (1640-е гг.) // Белорус. сб.: статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. — Вып. 1. / Рос. нац. библиотека, Санкт-Петерб. Ассоциация белорусистов, Санкт-Петербург, 1998.
  6. Лобачевская, Ольга Александровна. Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. ― Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. Библиография: с. 492―515 (610 назв.). С. 217
  7. Лобачевская, Ольга Александровна. Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. ― Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. Библиография: с. 492―515 (610 назв.). С. 219
  • Килим // Большая российская энциклопедия. Том 13. — М., 2009. — С. 672.