Лоеўскае геалагічнае агаленне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лоеўскае геалагічнае агаленне — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння на Беларусі з 1963 г. Размешчана ў парку г.п. Лоеў Гомельскай вобласці, на правым беразе р. Дняпро, за 300 м ніжэй ад вусця р. Сож. Вывучаецца беларускімі вучонымі з 1930 г. Уключае адклады муравінскага міжледавікоўя і папярэдняга позналедавікоўя — лоеўскага міжстадыяла. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (торф, суглінкі, супескі) да 5,3 м, залягаюць яны ў паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца супескамі і суглінкамі паазерскага часу.

Па пылку, спорах, пладах, насенні, насякомых вызначана 111 відаў дрэў, хмызнякоў, травяністых раслін — бяроза, елка сібірская, ляшчына, бразенія, альдраванда, кальдэзія, чарот і інш., 6 відаў жукоў, якія далі магчымасць высветліць паслядоўнасць змен клімату і расліннасці міжледавікоўя. Лоеўскае геалагічнае агаленне з'яўляецца апорным разрэзам антрапагенных адкладаў на Беларусі, на якіх вывучаны лоеўскі міжстадыял у позналедавіковых адкладах дняпроўскага зледзянення, і эталонам у стратыграфіі антрапагенных адкладаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]