Лукомскае гарадзішча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гарадзішча
Лукомскае гарадзішча
54°42′24″ пн. ш. 29°08′58″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Лукомль
Будаўніцтва VVIII стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000820шыфр 213В000820
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Лукомскае гарадзішча — археалагічны помнік у аграгарадку Лукомлі Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Выгляд з боку вёскі

Знаходзіцца на правым беразе ракі Лукомкі. Мясцовая назва — Замак. На пагорку вышынёй 15—20 м размешчана пляцоўка памерам 63×36 м. Культурны пласт у цэнтры пляцоўкі дасягае 2,2 м, каля паўночнага краю — больш за 5 м. Пры раскопках гарадзішча на правым беразе Лукомкі даследавана пляцоўка плошчай 704 м².

Выяўлены рэшткі некалькіх археалагічных культур, якія храналагічна змяняюць адна адну: днепра-дзвінская, тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны, матэрыялы XI — пачатку X стагоддзяў, якія належалі крывічам, вялікі магутны пласт XIXIII стагоддзяў з вялікай колькасцю знаходак, верхні пласт перыяду Вялікага Княства Літоўскага[1].

Сярод знаходак вырабы з жалеза — сашнікі, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, ключы ад замкоў і інш. Знойдзены бранзалеты, розныя жаночыя ўпрыгажэнні, зробленыя з каляровых металаў, а таксама вырабы з косці — грабяні, праколкі, накладкі, з каменя — сланцавыя прасліцы, тачыльныя брускі. Былі вырабы са шкла — бранзалеты, каралі. Да рэдкіх знаходак належыць касцяная шахматная фігурка чалавека, касцяная пласцінка з выявамі звяроў, залатая ажурная пацерка. Гарадзішча было месцам старажытнага горада Лукомля.

Даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Выгляд з боку вёскі

Гарадзішча ўпершыню даследаваў Аляксандр Каваленя ў 1930 годзе. У 1969—1970 гадах Г. В. Штыхаў даследаваў пляцоўку на поўдзень ад гарадзішча на тэрыторыі школьнага двара і выявіў рэшткі селішча VVIII стагоддзяў. Даследавана паўзямлянкавае жытло XV стагоддзя. Знойдзены 2 бронзавыя крыжы, валютападобны нож VIII—IX стагоддзяў і шмат глінянага посуду.

На левым беразе ракі Лукомкі, насупраць гарадзішча, было выяўлена другое селішча, якое займала некалькі гектараў. Таксама даследаванае ў 1973—1974 гадах Г. В. Штыхавым. Знойдзены матэрыялы XI—XIII стст.: гліняны посуд, жалезныя і касцяныя вырабы, каменная форма для адліўкі жаночых упрыгажэнняў, ключ ад накладнога замка, падковападобная фібула.

За 0,9 км ад гарадзішча ва ўрочышчы Праклятае поле, каля дарогі на вёску Чарэя, Е. Р. Раманаў у 1886 годзе знайшоў і апісаў курганную групу, дзе 6 курганоў вышынёй 2 м размяшчаліся ў 2 рады. Знойдзены трупапалажэнні з вялікай колькасцю рэчаў, сярод якіх сякера-чакан, наканечнікі дзідаў, берасцянае вядро з жалезнымі абручамі. Датуецца XI стагоддзем. У 1966 годзе Г. В. Штыхаў раскапаў пахаванне воіна з інвентаром (у тым ліку нож, на касцяным дзяржанні якога выкаваны трызубец). Пахаванні сведчаць аб існаванні дружыннага некропаля[2].

Выгляд ад ракі

Курганны могільнік можна разглядаць як рэшткі некропаля старажытнага Лукомля. У 1888 годзе Е. Р. Раманаў адзначыў яшчэ 2 курганы ў ваколіцах Лукомля. У 1966 годзе быў даследаваны яшчэ адзін курган — «валатоўка» сярод хмызняку на левым беразе ракі Лукомкі, вядомы з 1873 года.

Зноскі

  1. Археалагічная гісторыя Лукомля // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. — Мінск : Медисонт, 2007. — С. 23-25.
  2. Штыхов, Г. В. Лукомль: археологический комплекс железного века и средневековья / Г. В. Штыхов. — Минск : Беларуская навука, 2014. — 166 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 28. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Гусева, Е. Земля курганов и капищ / Е. Гусева // Планета. — 2012. — № 11. — С. 64 −71.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.
  • Штыхов, Г. В. Лукомль / Г. В. Штыхов // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 2. — С. 84.