Людвіг Зарэчны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Людвіг Зарэчны
Людвіг Галубовіч
 
Партыя:
Дзейнасць: ваенна-палітычны дзеяч, выдавец, святар
Веравызнанне: Каталіцтва
Нараджэнне: 17 мая 1915(1915-05-17)
Смерць: 15 верасня 1964(1964-09-15) (49 гадоў)
Пахаванне:
 
Ваенная служба
Род войскаў: Беларуская краёвая абарона
Званне: маёр

Людвіг Зарэчны (Галубовіч) (17 мая 1915 — 15 верасня 1964, Мюнхен-Гладбах, Германія)[1] — беларускі ваенна-палітычны дзеяч, выдавец, афіцэр Беларускай краёвай абароны падчас Другой сусветнай вайны, святар у пасляваенны перыяд.

Жыццяпіс[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 17 мая 1915 ў Ратамцы пад Мінскам. Праз хваробу бацькі мусіў кінуць школу і ў 16 гадоў пайсці працаваць. Уладкаваўся на сакратарскую працу ў трэсце «ЛесБел». У 1930-я гады быў сакратаром Вярхоўнага Суда Беларускай ССР. Пазней працаваў на іншых пасадах. Удзельнічаў у беларускім антысавецкім падполлі. Атрымаць вышэйшую адукацыю не паспеў. У 1935 г. быў рэпрэсаваны і правёў у высылцы 6 гадоў, працаваў у Хабараўску.[2]


У Беларусь вярнуўся ў 1941 г. На пачатку нямецка-савецкай вайны быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Патрапіў у нямецкі палон, быў вызвалены ўвесну 1942 г. Працаваў у структуры Вермахту. Займаў становішча інспектара пры 9-й Арміі па наглядзе за дзейнасцю мясцовых аддзелаў паліцыі, а таксама працаваў на іншых пасадах[2]. Дзейнічаў на Смаленшчыне падчас нямецкай акупацыі. На пачатку 1944 г. уступіў да Беларускай краёвай абароны і атрымаў званне маёра. Больш за два гады заставаўся пад арыштам пасля капітуляцыі Германіі ў 1945 г.

У эміграцыі ў Заходняй Германіі. Аднак па вызваленні навязаў кантакты з Брытанскай адміністрацыяй у Германіі і ў 19491953 гг. працаваў у сістэме Брытанскай кантрольнай камісіі на Германію на становішчы дарадчыка па пытаннях савецкай сістэмы і яе органаў. Здолеў зацікавіць Брытанскую выведку справай арганізацыі беларускага збройнага супраціву ў БССР, ладзіў навучанне дыверсійных групаў. На пачатку 1950 г. пачаў ствараць палітычна-ваенную арганізацыю «Беларускі вызвольны рух», якая была афіцыйна заснавана 27 лютага 1952 г. і пазней ў супрацоўніцтве з брытанскімі спецслужбамі адпраўляла ўзброеныя групы ў Беларусь і Польшчу. У сакавіку 1952 г. заснаваў афіцэрскую школу ў раёне Манчэстэра. Выдаваў газету «Незалежная Беларусь». Пасля канфлікту Людвіга Зарэчнага з прэзідэнтам Беларускай цэнтральнай рады Радаславам Астроўскім у 1954 арганізацыя «Беларускі Вызвольны Рух» раскалолася ў выніку адхілення Зарэчнага ад пасады кіраўніка БВР Радаславам Астроўскім.[2]

Людвіг Зарэчны беспаспяхова спрабаваў арганізаваць «трэцюю сілу» ў беларускім руху на эміграцыі. У 1948—1951 гг., пакуль быў радным БЦР, аднім з першых апісаў гісторыю беларускага нацыянальнага руху падчас Другой сусветнай вайны у рэфераце «Акупацыя Беларусі нямецкай арміяй і калабарацыя мясцовага насельніцтва», які зараз знаходзіцца ў зборах Александэра Даліна Гувераўскага інстытуту (Каліфорнія, ЗША).[2]

У 1955 г. адышоў ад справаў арганізацыі і беларускага жыцця наогул. Пасля адыходу ад актыўнай палітычнай дзейнасці стаў каталіцкім святаром «Беларускай (Літоўскай) Рэфармаванай Каталіцкай Субожні». Праз некаторы час стаў падпісвацца як «ксёндз Людвік Тытулярны Пастар Копыльскага Рэфармаванага Каталіцкага Кальвінскага Касьцёлу». Таксама пісаў вершы.

Памёр пры нявысветленых абставінах. Пахаваны ў Глядбаху, ФРГ.[1][2]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 ЗАРЭЧНЫ Людвіг (Галубовіч, 17.5.1915 — 15.9.1964)
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 Гардзіенка Алег. Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР): Стварэнне — дзейнасць — заняпад (1943—1995). / Прадмова Вітаўта Кіпеля, Янкі Запрудніка. — Мінск: Кнігазбор, 2016—480 с. ISBN 978-985-7144-02-0 °C.19, 20, 138, 208, 252—254, 266, 288, 295, 302, 339, 400—402, 425, 457

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]