Макоўза

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Макоўза
Рака Макоўза ля вёскі Паграбішча
Рака Макоўза ля вёскі Паграбішча
Характарыстыка
Даўжыня 5,2 км
Вадацёк
Выток  
 • Месцазнаходжанне за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі Паграбішча
 • Каардынаты 54°15′40,50″ пн. ш. 27°59′43,60″ у. д.HGЯO
Вусце Цна
 • Месцазнаходжанне а 1,2 км на поўнач ад вёскі Масцішча
 • Каардынаты 54°16′10,90″ пн. ш. 28°04′14,30″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Цна → Гайна → Бярэзіна → Дняпро → Чорнае мора

Краіна
Рэгіён Мінская вобласць
Раён Лагойскі раён
physical
Макоўза
Макоўза
physical
выток
выток
вусце
вусце
— выток, — вусце

Мако́ўза — рака ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Цна (басейн Дняпра).

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва Макоўза балцкага паходжання.

Балцкія гідранімічныя аналагі — літоўскія водныя назвы Makys (возера), *Makia (рака), Mak-a-raistis (балота), латышскае Maka, назва дняпроўскай ракі Маконя (прыток бярэзінскай Ушы).

Гідранімічны корань Mak- звязаны з літоўскім makoti «брысці (праз гразь)», makynė «балаціна», maknus «топкі», латышскім makņa «балаціна, балоцістае месца»[1].

Рэдкі пашыральнік -auz- таксама ў літоўскім мікратапоніме (назва балаціны) Ramaũzė (< Ramaũza «Рамоўза», ад ramus «спакойны»)[2]. У такі рэдкі гукавы спосаб часам афармляўся слоўны фармант -z-[3], які таксама ў назве лагойскай ракі Лагаза на захадзе ад Макоўзы.

Значэнне назвы Макоўза можна перадаць як «Балацінная (рака)». Паабапал ракі ў верхнім яе цячэнні, ад вытоку да в. Паграбішча — шматлікія крыніцы, якія i забалочваюць берагі Макоўзы.

Балцкімі таксама з’яўляюцца як назва ракі Цна, у якую Макоўза ўцякае, так і назвы іншых цнянскіх прытокаў рэк Ісга (таго ж паходжання, што і бярэзінская Сха), Пядынь, Лавоша[4]. На Бярэзіне (як і на Сажы) Ул. Тапаровым адзначалася адмысловая канцэнтрацыя балцкіх гідронімаў.

Водаапісанне[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня ракі 5,2 км[5]. Пачынаецца за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі Паграбішча, вусце за 1,2 км на поўнач ад вёскі Масцішча.

У верхнім цячэнні ракі, каля вёскі Паграбішча — крыніцы, абвешчаныя гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння «Паграбішчанскія крыніцы» рашэннем выканаўчага камітэта Лагойскага раёна № 1512 ад 27.10.2008. Плошча ахоўнай зоны крыніцаў — 17,1 га. Згодна з хімічным даследаваннем, вада і з крыніцаў, і ў самой Макоўзе ля вёскі Паграбішча — добрай якасці.

На ўсходняй ускраіне вёскі Паграбішча на рацэ плаціна і сажалка. Адразу за сажалкай уладкаванае рыбная гаспадарка. Рэчышча ракі каналізаванае пачынаючы ад сажалкі і да ўтоку ў раку Цну.

Зноскі

  1. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 202.
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 272.
  3. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 390—391.
  4. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 189—190, 203.
  5. Агульная характарыстыка рачной сеткі Мінскай вобласці // Даведнік «Водныя аб’екты Рэспублікі Беларусь» (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Ліст карты N-35-69. Выданне 1987 года. Стан мясцовасці на 1982 год. (руск.)