Сха

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сха
Характарыстыка
Даўжыня 80 км
Басейн 577 км²
Расход вады 3,9 м³/с
Вадацёк
Выток  
 • Месцазнаходжанне каля в. Міхайлава
 • Каардынаты 54°20′25″ пн. ш. 28°41′39″ у. д.HGЯO
Вусце Бярэзіна
 • Каардынаты 54°13′54″ пн. ш. 28°30′56″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Бярэзіна → Дняпро → Дняпроўскі ліман[d]

Краіна
physical
Сха
Сха
— выток, — вусце

Сха — рака ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Бярэзіна (басейн Дняпра).

Даўжыня 80 км. Плошча вадазбору 577 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,9 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 .

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва балцкага паходжання.

Захаваная форма назвы Сха мяркуецца змененай з цягам часу, як і роднасная ёй назва ракі Ісга (таксама ў басейне Бярэзіны, прыток гайненскай Цны). У назве Ісга пачатковы галосны І- другаснага і пазнейшага паходжання.

Абедзве назвы зводзяцца да агульнай ім прамежкавай формы *Сга (фрыкатыўнае г дало пазней форму Сха). Далей да *Зьга (з выбухным ґ), ад балцкага *Zĭgā[1].

Далей да балцкага *žei- / *ži- «гарэць; свяціць, ззяць», ад якога латышскае zīt «світаць, віднець», zaigs «зіхоткі» (*žei-, -g-), літоўскае žibus «зіхоткі» (*ži-, -b-)[2].

Літоўскія гідранімічныя аналагі — назвы тыпу Žiba, Žiegas, Žied-upė, Žyd-a-upis[3]. «Зіхоткія» водныя назвы ў балцкай гідраніміі на ўсходзе — Лучоса (на старой балцкай тэрыторыі тройчы), Свіцязь (двойчы).

Ад таго ж балцкага кораня таксама азёрныя назвы Жыд-возера (у басейне Прыпяці) і *Zeitō, ад якой назва нёманскай ракі Zietela (> Дзятлаўка). Гэтыя назвы, рачныя і азёрныя, значаць «Блішчастае (возера)», «Блішчастая (рака)» і матываваныя «блішчастасцю» воднай паверхні.

На Бярэзіне (як і на Сажы) Ул. Тапаровым адзначалася адмысловая канцэнтрацыя балцкіх гідронімаў.

Асноўныя прытокі[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Глініца, Бродня. Злева: Неманіца

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаецца за 0,5 км на ўсход ад вёскі Міхайлава, вусце ў горадзе Барысаў. Рака цячэ па Верхнебярэзінскай раўніне. Замярзае ў сярэдзіне — канцы снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.

Даліна да ўпадзення ракі Глініца невыразная, ніжэй скрынкападобная, шырынёй 0,3—0,4 км, месцамі 1—2 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія (вышыня 15—20 м), парэзаны ярамі і далінамі прытокаў. Характэрны шматлікія выхады грунтовых водаў. Пойма двухбаковая, зрэдку чаргуецца па берагах або адсутнічае; шырыня яе ў вярхоўі каля 0,1 км, у месцы ўпадзення Неманіцы 0,9 км, у нізоўі зліваецца з далінай Бярэзіны. Паверхня роўная, месцамі забалочаная і перасечаная меліярацыйнымі каналамі. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,3—0,5 м тэрмінам да 5—10 сутак.

Рэчышча ад вытоку на працягу 12,5 км каналізаванае, ніжэй моцназвілістае, шырынёй 6—12 м. Берагі стромкія і абрывістыя. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, найбольшая вышыня над межанным узроўнем 1,7 м.

Зноскі

  1. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 189—190.
  2. S. Karaliūnas. Iš baltų kalbų puodininkystės terminijos istorijos // Lietuvių kalbotyros klausimai. XVI. 1975. С. 137—141.
  3. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 400, 401.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.