Перайсці да зместу

Маральная шкода

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Маральная шкода ў праве — фізічныя і маральныя пакуты, што прычыняюцца грамадзяніну неправамернымі дзеяннямі, якія парушаюць яго асабістыя немаёмасныя правы (даброты). Да такіх правоў адносяцца гонар і годнасць асобы, аўтарскія правы, а таксама іншыя нематэрыяльныя даброты.

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 60) грамадзяне ў адпаведнасці з законам правамоцны спагнаць з парушальніка ў судовым парадку і маёмасную шкоду і матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды. Як правіла, кампенсацыя маральнай шкоды належыць пры наяўнасці віны парушальніка. Аднак у выпадках, прама прадугледжаных заканадаўствам, напрыклад, пры прычыненні шкоды жыццю і здароўю крыніцай павышанай небяспекі (транспартныя сродкі і да т.п.) незалежна ад віны яе ўладальніка маральная шкода павінна быць кампенсавана. Пры вызначэнні памераў кампенсацыі маральнай шкоды суд абавязаны ўлічваць ступень маральных і фізічных пакут пацярпелага і віны парушальніка, іншых акалічнасцей, і зыходзіць з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці.