Перайсці да зместу

Марыкультура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рыбагадоўля ў Ганконгу

Марыкульту́ра (ад лац.: marinus «марскі» і лац.: cultura «культура») — галіна аквакультуры, вырошчванне марскіх арганізмаў для перапрацоўкі і спажывання.

Марыкультура вядома з сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. Напрыклад, старажытныя рымляне вырошчвалі вустрыц, крабаў і рыбу ў міжземнаморскіх лагунах, ладзілі «віварыі» — сажалкі, куды памяшчалі рыбу да моманту яе спажывання. У XIII ст. у Заходняй Еўропе пачалося штучнае вырошчванне мідый у вусцях рэк. З XIX ст. у сувязі са скарачэннем натуральных рэсурсаў будуюцца штучныя інкубатары для гадавання моладзі каштоўных парод рыб і далейшага выпуску іх у прыроднае асяроддзе. Значны поспех быў дасягнуты ў размнажэнні ласасёвых. Японія стала першай краінай у свеце, дзе развіццё атрымала штучнае вырошчванне марскіх водарасцей. У 1896 г. японскі прадпрымальнік Мікімота Какіці запэнтаваў вырошчванне жэмчугу ў ракавінах марскіх двухстворкавых малюскаў.

У другой палове XX ст. у развіцці марыкультуры адбыліся значныя змены. З 1950-х гг. пачаў ужывацца штучны грануляваны корм. У 1970-я гг. на змену дарагім матэрыялам, накшталт вялізных металічных пасудзін або коркавых плытоў, для стварэння марыкультурных ферм і плантацый, сталі выкарыстоўваць болей танныя палімерныя і кампазітныя матэрыялы, што стымулявала стварэнне камерцыйных прадпрыемстваў. У пачатку XXI ст. марыкультура і іншыя галіны аквакультуры набылі вялікую значнасць. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН канстатавала, што ў глабальным аб’ёме вытворчасці ў 2013 г. штучна гадаваныя рыба і водныя расліны пераўзышлі аб’ём прамысловага рыбалоўства.

Марыкультура ўжывае розныя тэхналогіі вырошчвання і размнажэння марскіх арганізмаў у залежнасці ад іх фізіялогіі, экалагічных асаблівасцей і тэхнічных рашэнняў. Так, для вырошчвання рыбы і крыветак здаўна выкарыстоўваюць сажалкі з марской вадою. Малюскаў традыцыйна вырошчваюць на вяроўках, у мяшках і клетках або нават на літаральным субстраце, шматклетачныя водарасці — на вяроўках, прывязаных да коркавых плытоў. Такія першасныя тэхналогіі адносна экстэнсіўныя, паколькі гадаваныя арганізмы вымушаны сілкавацца пажыўнымі рэчывамі з навакольнага асяроддзя, суадносна вытворчасць залежыць ад наяўнасці натуральных кармоў.

З 1970-х гг. на плыткаводдзі або ў ціхіх лагунах будуюцца буйныя марскія фермы на аснове сеткавых садкоў, дзе моладзь рыбы, ракападобных і малюскаў мае магчымасць жывіцца як натуральнымі, так і штучнымі кармамі. Пры вырошчванні водарасцей таксама ўжываюцца штучныя ўгнаенні. З канца XX ст. будаўніцтва марскіх ферм вядзецца і ў адкрытым акіяне. У 2004 г. у Аўстраліі была апрабаваная тэхналогія вырошчвання на штучных платформах. Для паляпшэння засваяльнасці кармоў выкарыстоўваюць аўтаматычныя дазатары, часам рэгулюемыя камп’ютарам.

З аднаго боку, марыкультура садзейнічае захаванню прыродных рэсурсаў сусветнага акіяну. З іншага, яна нясе пэўныя экалагічныя пагрозы праз пашырэнне інвазійных відаў, забруджвання наваколля адыходамі гадавальных гаспадарак, перанос хвароб і паразітаў, мадыфікацыю навакольнага асяроддзя для гаспадарчых патрэб. Так, на Філіпінах сажалкі для гадавання крыветак часцяком ладзяцца на месцы мангравых зараснікаў, суадносна пашырэнне плошчы сажалак вядзе да скарачэння плошчы манграў. Тым не меней, большасць тэхналогій, выкарыстоўваных у марыкультуры, з’яўляюцца болей ашчаднымі ў дачыненні да прыроды, чым рыбалоўства і іншыя формы эксплуатацыі марскога асяроддзя.