Людвіка Марыя Ганзага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Марыя Луіза Ганзага)
Людвіка Марыя Ганзага
Marie Louise Gonzaga de Nevers
французская гравюра
французская гравюра
Герб Ганзагаў
Герб Ганзагаў
1-я Каралева польская і вялікая княгіня літоўская
1644 — 1667
Папярэднік Цэцылія Рэната Габсбург
Пераемнік Элеанора Марыя Юзэфа Габсбург

Нараджэнне 18 жніўня 1611(1611-08-18)[1]
Смерць 10 мая 1667(1667-05-10)[1] (55 гадоў)
Месца пахавання
Род Ваза і Ганзага[d]
Бацька Карл I Ганзага[d][3]
Маці Кацярына Латарынгская[d]
Муж Уладзіслаў Ваза[4] і Ян II Казімір Ваза[4]
Дзеці Марыя Ганна Ваза[d] і John Sigismund, Crown Prince of Poland[d]
Веравызнанне каталіцтва
Дзейнасць палітык
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Людвіка Марыя Ганзага Неверская (польск.: Ludwika Maria Gonzaga de Nevers, фр.: Marie Louise Gonzaga de Nevers; 18 жніўня 1611, Невер ці Парыж, Францыя — 10 мая 1667, Варшава, Польшча) — каралева Польшчы і вялікая княгіня літоўская, жонка апошніх каралёў дынастыі Ваза — Уладзіслава і Яна Казіміра.

Ранняе жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Дачка французскага князя Шарля дэ Невера з дому Ганзага (з 1627 — князя Мантуі) і Катарыны дэ Маен (пляменніцы знакамітага князя Гіза). Выхаваннем Марыі займалася сястра яе бацькі, аўдавелая княгіня Лангвіль. Дзякуючы ёй дзяўчына мусіла ў 1627 выйсці замуж за Гастона Арлеанскага, брата караля Людовіка XIII. Гэты шлюб не ўваходзіў у планы кардынала Рышэльё, які, асцерагаючыся ўцёкаў жаніха і нявесты з Парыжу, зняволіў яе ў Венсенскім замку, а потым перавёў у кляштар. Пасля ўвесь каралеўскі двор прапаноўваў яе ў жонкі фаварыту караля, шэвалье Анры Сен-Мару, але кардынал палічыў такі саюз нявартым яе высакароддзя.

Першая прапанова шлюбу Марыі Ганзагі і Уладзіслава Вазы была зробленая ў 1634, але ў 1637 той ажаніўся з Цэцыліяй Рэнатай Габсбург. У 1640 пазнаёмілася з братам Уладзіслава і таксама вязнем Рышэльё Янам Казімірам, тады ж адчыніла ў Парыжы літаратурны салон.

Каралева Польшчы і вялікая княгіня літоўская[правіць | правіць зыходнік]

На партрэце пэндзля Юстуса ван Эгманта (1645)

У 1644 пасля смерці Цэцыліі Рэнаты Ян Казімір Ваза аднавіў сватаўство да яе ад імя свайго брата Уладзіслава, які пасварыўся з Габсбургамі і марыў аб звязе з урадам Мазарыні. Толькі 5 лістапада 1645, калі Марыі было далёка за 30 і яна выйшла з дзіцянараджальнага веку, яна здолела ўступіць у шлюб, заручыўшыся з Янам Казімірам, які на цырымоніі прадстаўляў свайго брата. Тады ж яна прыняла новае імя Людвіка, бо ў Рэчы Паспалітай імя Марыя было зарэзервавана за Маці Божай. Уласна шлюб адбыўся 10 сакавіка 1646. Вынікаючы запаветам бацькі, Людвіка Марыя падбівала мужа на вайну з туркамі і і ўвогуле часта ўмешвалася ў палітыку, за што яе і не любіла шляхта. Але ў цэлым уплыў яе быў абмежаваны пытаннямі культуры і адукацыі. 20 мая 1648 Людвіка Марыя стала ўдавой.

Праз паўгады новым гаспадаром стаў Ян Казімір, а 30 мая 1649 Людвіка Марыя выйшла за яго замуж. На другога мужа, меней спрактыкаванага ў дзяржаўных пытаннях, яна мела вялікі ўплыў. Падчас шведскага патопу сама ўзначаліла войска, дапамагала каралю ў змаганні з магнацкай партыяй князя Любамірскага, настойвала на ўзмацненні ўлады караля і сената, спрабавала змяніць сістэму галасавання ў сойме і настойвала на абранні новага караля пры жыцці старога (прынцып vivente rege). Шляхта негатыўна адклікалася аб яе кіраванні дзяржавай; Рудаўскі параўнаў яе з «малюсенькім эфіопам, які асядлаў слана»[5].

Запрасіла ў Рэч Паспалітую тры Ордэны: ксяндзоў місіянераў у 1651, сёстраў міласэрнасці ў 1652 і візітак у 1654. Заснавала першы ў Рэчы Паспалітай літаратурны салён, сярод гасцёй якога быў у тым ліку Ян Анджэй Морштын. Не без яе ўдзелу ў Рэчы Паспалітай стала выходзіць першая газета — Merkuriusz Polski Ordynaryjny. Спансавала італьянскага эрудыта, аднаго з першых егіптолагаў і вынаходніка «лятаючых машын» Ціта Лівіа Бураціні, які ад 1641 жыў у Рэчы Паспалітай.

У шлюбе з Янам Казімірам людвіка Марыя нарадзіла двух дзяцей, але яны памерлі ў дзяцінстве. Не маючы ўласных дзяцей, яна марыла бачыць наступным каралём мужа сваёй пляменніцы, князя Энгіенскага, альбо ўнука сваёй выхавальніцы, юнага князя Лангвіля.

Людвіка Марыя памерла 10 мая 1667 і была пахавана ў Вавельскім саборы. Сэрца ж яе і пахавальная маска з воску захоўваюцца ў Касцёле візітак у Варшаве. Страціўшы з яе смерцю апошнюю апору, кароль адрокся ад пасады і з’ехаў дажываць сваё жыццё плябанам у тым горадзе, дзе яны сустрэліся, — Неверы. Па іроніі лёсу ўсяго праз некалькі гадоў, пасля абрання на прастол Яна Сабескага, каралевай Польшчы стане іншая францужанка — Марыя Казіміра д'Арк'ен, якая прыбыла ў Польшчу ў свіце Марыі Неверскай, і праціўнікамі каралевы нават называлася яе пазашлюбнай дачкой ці то ад князя Людовіка II Бурбона-Кандэ, ці то ад маркіза Анры Куаф'е дэ Рузэ.

Зноскі

  1. а б Maria Ludovica Gonzaga // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 12 снежня 2014.
  3. Lundy D. R. The Peerage
  4. а б (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. [1]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Zofia Libiszowska. Źona dwóch Wazów. Warszawa, 1963
  • Karolina Targosz. Uczony dwór Ludwiki Marii Gonzagi, Wrocław, 1975
  • Bozena Fabiani. Warszawski dwor Ludwiki Marii. Warszawa, 1976.
  • Zofia Libiszowska. Krolowa Ludwika Maria. Warszawa, 1985.
  • Karolina Targosz. Sawantki polskie XVII wieku, Kraków, 1997

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]