Маўрытанскі стыль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хіральда

Маўрыта́нскі стыль, Маўрыта́нская архітэктура — архітэктурны стыль, які сфарміраваўся пад уплывам берберскага  (англ.) і іспанскага стыляў  (руск.) у Паўночнай Афрыцы і Аль-Андалусе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку VIII стагоддзя арабы ўтварылі ў Іспаніі халіфат, які ў XIII стагоддзі скараціўся да дробнага Гранадскага эмірата і быў ліквідаваны ў 1492 г. Непасрэднае суседства з хрысціянскім Захадам, няспыннае чаргаванне мірных адносін і непрыязных сутыкненняў з ім, фізічныя асаблівасці Пірэнэйскага паўвострава, урадлівасць глебы, мяккасць клімату і наогул умовы, якія дазволілі іспанскім маўрам жыць жыццём, асобным ад іх супляменнікаў у іншых краінах, карэнным чынам змянілі іх характар з суровага і ваяўнічага ў мяккі, культурны, рыцарскі, і паспрыялі высокаму развіццю іх мастацтва.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

У маўрытанскай архітэктуры варта адрозніваць тры перыяды: прадстаўніцай першага можа служыць Вялікая мячэць у Кордаве (цяпер каталіцкі сабор); узорамі другога, або пераходнага перыяду з'яўляюцца вежа Хіральда і Алькасар  (руск.) у Севільі. Пра трэці перыяд — перыяд найвышэйшай дасканаласці маўрытанскага стылю — даюць выдатнае паняцце гранадскія палацы Альгамбра і Хенераліфэ  (руск.). Маўрытанскі стыль яскрава выявіўся пазней ў архітэктуры сінагог Еўропы і некаторых іншых яўрэйскіх грамадскіх будынкаў, і быў адным з праяўленнем эклектыкі.

Характэрнымі элементамі стылю лічацца сотавыя  (руск.) скляпенні (мукарны), падковападобныя аркі, клінцовыя, цыбульныя і стрэльчатыя зводы вокнаў, купалы і інш. Апроч архітэктуры, стыль праявіў сябе таксама ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, і аказаў значны ўплыў як на заходнееўраепейскую готыку, так і на архітэктуру Маскоўскай Русі.

У Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Будынак гарадской яўрэйскай бальніцы ў Мінску
Будынак былой Харальнай сінагогі ў Мінску. Здымак 1942 г.

На Беларусі будынкі ў такім стылі вядомыя з пачатку ХІХ ст., але найбольшую папулярнасць стыль набыў на пачатку ХХ ст. Як і ў Заходняй Еўропе, рэтраспектыўнае ўзнаўленне маўрытанскага стылю звязанае з росквітам рамантызму. У пэўнай ступені, яго распаўсюджанне ў Беларусі звязана таксама з імкненнем яўрэйскіх грамад прадэклараваць сваё блізкаўсходняе паходжанне, якое пазней праявілася ў зацвярджэнні стандарту вымаўлення ў мове іўрыт на аснове сефардскіх гаворак, т. зв. гаворак яўрэяў, якія жылі ў мусульманскіх краінах, каб такім чынам супрацьстаяць пагрозе асіміляцыі ў Еўропе. Адным з першых будынкаў маўрытанскага стылю на Беларусі з'яўляецца будынак гарадской яўрэйскай бальніцы ў Мінску, пабудаваны ў 1828 г. Сёння гэты будынак, значна перабудаваны, знаходзіцца ў ліку карпусоў 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я. У. Клумава, і цалкам страціў прыкметы маўрытанскага стылю. Іншым значным будынкам гэтага стылю ў беларускай сталіцы была вялікая харальная сінагога, цяпер — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, 1901—1906 гг. Найбольш значным будынкам у Беларусі, які ў асноўным захаваў рысы гэтага стылю, можна лічыць Вялікую харальную сінагогу ў Гродне, пабудаваную ў 1902—1905 гг.

Сінагогі ў маўрытанскім стылі вядомыя таксама ў Магілёве, Лідзе і іншых месцах Беларусі. У маўрытанскім стылі будаваліся і мячэці, у т.л. Мінская мячэць пачатку ХХ ст. Мода на эклектыку сярод заможнай часткі арыстакратыі прывяла да выкарыстання гэтага стылю таксама ў будаўніцтве прыватных рэзідэнцый і гаспадарчых пабудоў літоўска-беларускай шляхты — млын у в. Траскоўшчына Мінскага раёна, і інш. У гэтым стылі быў пабудаваны і дом заможнага мінскага кандытара Офлі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]