Мбунда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мбунда
(Wambúùnda)
Агульная колькасць 407 тыс. (2017 г.)
Рэгіёны пражывання Паўднёвая Афрыка:

 Ангола — 262 тыс.
 Замбія — 145 тыс.

Мова чымбунда
Рэлігія хрысціянства, культ продкаў, анімізм
Блізкія этнічныя групы чоквэ

Мбунда (саманазва: Wambúùnda, літаральна "людзі чырвонай глебы") — народ на поўдні Афрыкі. Жывуць пераважна ў Анголе і Замбіі. Агульная колькасць (2017 г.) — 407 000 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мбунда лічаць сябе старажытным народам, які ў даўнія часы перасяліўся на поўдзень Афрыкі з Паўднёвага Судана ў пошуках тэрыторый з чырвонай глебай. Яны таксама прызнаюць блізкасць іх традыцый з народамі дзяржаў Лунда і Луба, але мяркуюць, што гэтыя гістарычныя дзяржавы былі толькі прамежкавымі землямі для спынення падчас доўгай міграцыі.

У XVII - XVIII стст. мбунда сфарміравалі сваю манархічную дзяржаву на тэрыторыі сучаснай Анголы. Прыкладна тады ж яны прасунуліся на захад Замбіі. Усталяванне дзяржавы і далейшае перасяленне суправаджаліся войнамі з суседнімі народамі, асабліва з чоквэ. Разам з гэтым, блізкасць культуры і мовы садзейнічала з'яўленню сваяцкіх сувязяў з чоквэ. Мбунда, што перасяляліся ў Замбію, падтрымлівалі саюзніцкія адносіны з лозі. Яны ўдзельнічалі ў міжнародным гандлі рабамі і слановай косцю.

У 1914 г. партугальцы далучылі дзяржаву мбунда да сваіх калоній. Пазней яе тэрыторыя ўвайшла ў склад незалежнай Анголы. Пасля набыцця незалежнасці Замбіі мясцовыя мбунда імкнуліся да аўтаноміі. Гэта выклікала непаразуменні з традыцыйным кіраўніцтвам лозі, але ў выніку ў 2015 г. было абвешчана аб усталяванні самастойнай аўтаномнай манархіі мбунда.

Плямёны мбунда[правіць | правіць зыходнік]

Мбунда падзяляюцца на 8 буйных сваяцка-тэрытарыяльных груп, кожная з якіх размаўляе на асабістым дыялекце. Вылучаюць наступныя плямёны мбунда:

  • Матзі
  • Машака
  • Мбаланга
  • Нбунду
  • Нкангала
  • Танга
  • Шамука
  • Яума

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Хаця мбунда здаўна займаліся ручным земляробствам і жывёлагадоўляй, іх асноўнай спецыялізацыяй былі рамесная вытворчасць, камерцыйнае паляванне і гандаль. Так, у XIX ст. найбольш важным заняткам стала здабыча слановай косці, якую абменьвалі на рабоў, а рабоў — на еўрапейскія тавары. Сучасныя мбунда вядомы як выдатныя разьбяры і будаўнікі.

Большасць сем'яў манагамныя. На чале сям'і стаіць мужчына, аднак адлік сваяцтва і перадача спадчыны адбываюцца па жаночай лініі.

Захоўваюцца шматлікія абрады, у тым ліку мужчынскай ініцыяцыі муканда і жаночай ініцыяцыі бвалі. Яны суправаджаюцца барабаннай музыкай мвая і традыцыйнымі танцамі мунда.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова чымбунда адносіцца да групы моў банту[2]. Выкарыстоўваецца пісьмовасць на аснове лацінкі. У 2009 г. у Замбіі адбылося першае выданне Бібліі на чымбунда[3].

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні заснаваны на шанаванне шматлікіх духаў, асабліва духаў продкаў. Сучасныя вернікі таксама спавядаюць хрысціянства.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]