Мелькарт

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Статуэткі з храма Мелькарта у Гадэсе
Скульптура Мелькарта(?)

Мелька́рт, Меліке́рт (ад грэч.: Μελικέρτης, элінізаванае фінікійскае מלקרְתְּ, Milk-Qart, «цар горада») — у фінікійскай рэлігіі і міфалогіібог-заступнік мараплаўства і горада Ціра, які атаясамляўся грэкамі з Гераклам. Шанаваўся ў Ціры і Фасасе[1].

Спачатку быў богам прыроды, якая адраджаецца. Паводле сведчання Менандра Эфескага свята Мелькарта адзначалі ў лютым-сакавіку [2]. Пераказы называлі Мелькарта сынам Дэмара [3] і Астарты [4], якога выгадавала казачная лань з меднымі нагамі. З самага нараджэння вёў непрымірымую барацьбу з богам смерці Мотам. Перамог жахлівага змяя з сямю галовамі, адолеў пасланых Мотам львоў і грыфонаў (апошніх — з дапамогай свайго спадарожніка Эшмуна), перамог самага Мота, які ператвараўся ў вепрука і быка, пасля ўсё ж быў забіты Мотам, але адрадзіўся (дзякуючы Эшмун, які даў яму пачуць пах перапёлкі [5]), спусціўся ў царства мёртвых і вынес з яго душу паплечніка — з дапамогай багіні сонца.

Пазней Мелькарт і сам ператварыўся ў бога сонца і заступніка агню [6]. Адпаведна зведала змены і легенда аб адраджэнні Мелькарта, які цяпер спальваў сябе ў свяшчэнным агні і набіраўся новай маладосці. У Гадэсе, дзе нібыта існавала магіла Мелькарта [7][8] падчас свята ў яго гонар з горада выганялі ўсіх іншаземцаў і спальвалі выяву Мелькарта, які сядзеў на гіпакампе [9].

Гіпакамп ператварыўся ў спадарожніка Мелькарта з развіццём фінікійскага мараплаўства і ператварэннем Мелькарта на марскога бога. Тады ж з'явілася новая версія гібелі і адраджэння бога — нібыта Астарта з нованароджаным Мелькартам, якую перасладваў Мот, кінулася ў мора, але Мелькарт выплыў, ператварыўшыся ў дэльфіна. Гэта легенда была запазычана грэкамі (міф пра Мелікерта).

Мелькарт быў таксама богам горада Цір (уласна, яго імя часта інтэрпрэтуюць як «ўладальнік Ціра», падобна да біблскай Баалат-Гебал ці сідонскага Ваал-Цыдона). Легенда аб заснаванні Ціра сцвярджала, што Мелькарт загадаў жыхарам ўзбярэжжа пабудаваць карабель (па ўзоры рыбы наўціл), пераплысці на Амбразійскія скалы, што блукалі ў моры, прынесці ахвяры і, калі скалы спыняцца, пабудаваць на іх горад [10]. Іншая легенда прыпісвала Мелькарту (дакладней яго сабаку) адкрыццё пурпуру[11].

Ужо як абаронца Ціра Мелькарта ўшаноўвалі і як заступніка каланізацыі (усе фінікійскія калоніі былі заснаваныя ціранамі). Пазней з'явіліся і пераказы аб плаванні гэтага бога на захад Міжземнага мора - да Гібралтара [12]), які самі фінікійцы называлі «слупамі Мелькарта» (адсюль, верагодна, і пайшла яго грэчаская назва Геркулесавы слупы), хоць, магчыма, што гэта назва тычылася не столькі Гібралтара, колькі вострава Кацінуса, дзе быў размешчаны храм Мелькарта, калоны якога былі выраблены з бронзы. Ёсць легенда, як яго статуя прыплыла на плыце з Ціра ў Эрыфры [13].

У класічную эпоху грэкі атаясамлялі Мелькарта з Гераклам. Лічылася, што «цірыйскі Геракл» быў пахаваны ў Іспаніі[14]. У двухмоўным надпісе з Мальты імя Мелькарт перакладзена як Геракл-архегет [15]. Паводле Менандра Эфескага, яго храм у Ціры узвёў цар Хіром [16]. Герадот згадвае сваё наведванне цірскага храма Мелькарта, называючы яго храмам Геракла Цірскага.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Герадот. Гісторыя II 44; Паўсаній. Апісанне Элады V 25, 12; Курцый Руф. Гісторыя Аляксандра Вялікага IV 2, 3
  2. Іосіф Флавій. Пра старажытнасць яўрэйскага народа, I, 18
  3. Еўсевій Кесарыйскі. Падрыхтоўка да Евангелля. I, 10, 27
  4. Цыцэрон. Пра прыроду багоў, III, 16, 42
  5. Афінах, IX, 47, 392
  6. Нон. Дыянісіяка XL, 369—374
  7. Пампоній Мела, III, 46
  8. Арнобій. Супраць язычнікаў, I, 36
  9. Паўсаній. Апісанне Элады, IX, 4, 6
  10. Нон. Дыянісіяка, XL, 443—534
  11. Полукс. Анамастыкон, 1, 45
  12. Салюсцій. Югурцінская вайна, XVIII, 2—3
  13. Паўсаній. Апісанне Элады VII 5, 5-7
  14. Арнобій. Супраць язычнікаў I 36
  15. Malkin I. Myth and territory in the Spartan Mediterranean. Cambridge UP. 2003. P.214
  16. Іосіф Флавій. Пра старажытнасць яўрэйскага народа I 18