Меса-Вердэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нацыянальны парк Меса-Вердэ*
Mesa Verde National Park**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Тып культурны
Крытэрыі iii
Спасылка 27
Рэгіён*** Еўропа і Паўночная Амерыка
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1978  (2 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Ме́са-Ве́рдэ (англ.: Mesa Verde) — нацыянальны парк на тэрыторыі штата Каларада (ЗША). У 1978 г. быў уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Агульная плошча — 21 043 га.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Меса-Вердэ — плато на паўднёвым захадзе Каларада, якое дасягае вышыні болей за 2600 м над узроўнем акіяну. Паверхня складаецца з некалькіх плоскіх вяршыняў, нахіленых на поўдзень. Паміж імі месцяцца паніжэнні, адзначаныя выразнымі абрывамі.

Ландшафт пачаў утварацца ў позні мелавы перыяд, калі навакольныя землі з'яўляліся часткай марскога дна. Плато сфарміравана вапняковымі адкладаннямі, глінай, лупнякамі і пясчанікам. Частка паверхні занята зараснікамі хвоі і ядлоўцу.

Клімат кантынентальны з сухім спякотным летам, калі тэмпература можа падвышацца да +29,4 °C, і адносна мяккай зімой. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 446 мм.

Гісторыка-культурная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

У 8 тысячагоддзі да н. э. на тэрыторыі Меса-Вердэ з'явіліся стаянкі палеаіндзейцаў. Доўгі час плато насялялі паляўнічыя і збіральнікі, ад якіх засталіся напамінкі ў форме петрогліфаў і каменных прылад. Да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. мясцовыя жыхары асвоілі земляробства, іх асноўнай ежай стала кукуруза.

Паміж 750 г. і 1300 г. Меса-Вердэ ператварылася ў адзін з галоўных вядомых цэнтраў культуры старажытных пуэбла. На тэрыторыі нацыянальнага парка знойдзена каля 600 іх скальных жытлаў, пабудаваных з пясчаніку і гліны, у тым ліку шматпавярховы «Скальны палац», «Дом з балконамі» і «Квадратная вежа». Калісьці населеныя скальныя будынкі маюць розныя памеры ад невялікіх складскіх памяшканняў да вялікіх паселішчаў ад 50 да 200 пакояў. Усяго захавалася 4300 помнікаў археалогіі. Сведчаннем складанай арганізацыі гаспадаркі з’яўляюцца тэрасаваныя палеткі, плаціны, адрыны, саджалкі і ровы. Акрамя таго, анасазі заставілі пасля сябе рытуальныя месцы, муры, кераміку, наскальныя малюнкі.

Адкрыццё і даследаванне[правіць | правіць зыходнік]

Меса-Вердэ быў адкрыты ў 1776 г. іспанскімі місіянерамі. Менавіта яны і далі яму сучасную назву, якая значыць на іспанскай мове «зялёнае плато». У XIX ст. мясцовыя землі належалі індзейцам-ютам. Яны паведамілі амерыканскім каўбоям пра жытлы «старажытных». Такім чынам у 1888 г. стала вядома пра «Скальны палац». Першыя аматарскія даследаванні пачаліся амаль адразу пасля знаходкі. Частка знойдзеных артэфактаў трапіла ў еўрапейскія і амерыканскія прыватныя калекцыі. Толькі невялікая колькасць ад знойдзенага ў канцы XIX ст. была захавана музеямі.

Сітуацыя змянілася толькі ў 1906 г., калі быў прыняты закон аб ахове старажытнай спадчыны. З гэтага часу ў Меса-Вердэ вяліся прафесійныя археалагічныя даследаванні, адбывалася кансервацыя старажытных будынкаў. У нашы дні гэта буйны навуковы цэнтр амерыканскай археалогіі і найбуйнейшы археалагічны парк у ЗША.

Ахова[правіць | правіць зыходнік]

У 1889 г. было прынята рашэнне аб федэральнай ахове Гудмэн-Пойнт пуэбла, якое і ў нашы дні з'яўляецца адной з найбольш цікавых частак Меса-Вердэ. У 1906 г. Тэадор Рузвельт ухваліў стварэнне нацыянальнага парку. Яго межы ўсталёўваліся адпаведна з інтарэсамі ютаў, якія пацярпелі ад адчужэння часткі іх тэрыторый. У 1978 г. нацыянальны парк быў уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]