Старажытныя пуэбла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Анасазі)
Анасазі
Скальны палац у Меса-Вердэ
Геаграфічны рэгіён Паўночная Амерыка
Лакалізацыя Юта, Арызона, Нью-Мексіка, Каларада
Датаванне VIII стагоддзеXIV стагоддзе
Носьбіты індзейцы
Тып гаспадаркі земляробства, рамяство
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Старажытныя пуэ́бла (англ.: Ancient Puebloans, Ancestral Puebloans), або анаса́зі (англ.: Anasazi) — адна з найбольш славутых дакалумбавых археалагічных культур Паўночнай Амерыкі. Існавала на працягу VIIIXIV ст. на паўднёвым захадзе сучасных ЗША.

Назвы старажытныя пуэбла і анасазі таксама вызначаюць носьбітаў гэтай культуры, якія дасягнулі значных поспехаў у развіцці земляробства, архітэктуры і мастацтва.

Помнікі архітэктуры старажытных пуэбла Меса-Вердэ, Чака і Таас-Пуэбла з’яўляюцца часткай сусветнай спадчыны чалавецтва.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Культура старажытных пуэбла была непісьменнай, таму мы не ведаем тагачаснай саманазвы яе носьбітаў. Назвы «пуэбла» (ісп.: Pueblo) і «старажытныя пуэбла» (англ.: Ancient Puebloans) пачалі выкарыстоўвацца амаль адразу пасля адкрыцця рэштак іх паселішчаў у Меса-Вердэ і каньёне Чака, паколькі мелася відавочнае падабенства з пабудовамі індзейцаў-пуэбла. З 1927 г. у навуковых выданнях таксама замацавалася назва «анасазі»[1]. Яна паходзіць з мовы індзейцаў-наваха і літаральна значыць «продкі ворагаў»[2]. Наваха і апачы з’явіліся на паўднёвым захадзе сучасных ЗША толькі ў 2 тысячагоддзі і сапраўды мелі варожыя адносіны з пуэбла.

У 1990-х гг. сучасныя індзейцы-пуэбла выступілі супраць ужывання назвы «анасазі». У 2007 г. іх актыўна падтрымала частка амерыканскіх археолагаў. Замест гэтага быў уведзены тэрмін англ.: Ancestral Puebloans (літаральна «продкавыя пуэбла»)[3]. Аднак назва «анасазі» пакуль шырока ўжываецца, у тым ліку на афіцыйным узроўні.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

З’яўленню культуры старажытных пуэбла папярэднічала археалагічная культура «вытворцаў кошыкаў» (КВК)[4]. Яна склалася на паўночным захадзе ЗША пасля заканчэння архаічнага перыяда ў сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. і атрымала сваю назву дзякуючы вырабу яе носьбітамі кошыкаў, якія ў значнай ступені замянялі кераміку, вядомую ў тым рэгіёне толькі з 200 г. н. э.[5] Носьбіты КВК спярша вялі вандроўны лад жыцця, займаліся паляваннем і збіральніцтвам. Аднак яны аднымі з першых пачалі вырошчваць кукурузу і гарбузы, так што да канца 1 тысячагоддзя да н. э. перайшлі да аселага ладу. На падставе шматлікіх знаходак археолагі лічаць, што існуе прамая пераемнасць паміж КВК і культурай старажытных пуэбла.

Паходжанне саміх носьбітаў КВК пакуль спрэчнае. Мяркуецца, што насельніцтва рэгіёна складалася з абарыгенаў плато Каларада і мігрантаў з поўдню, магчыма з Саноры, папярэднікаў культуры магаён. Так, у Меса-Вердэ вылучаюць носьбітаў позняй КВК, што сяліліся на заходніх і ўсходніх ускраінах. Заходнія носьбіты КВК маглі паходзіць ад мігрантаў з Арызоны, а ўсходнія — ад тубыльцаў Каларада[6]. Але і тыя, і другія ўсё ў большай ступені залежалі ад земляробства, будавалі ямныя жытлы, стваралі сховішчы для лішкаў прадуктаў, вялі актыўны абмен з суседнімі народамі.

Перыядызацыя[правіць | правіць зыходнік]

Даследаванне руін пуэбла Баніта ў Чака стала асновай для перыядызацыі часткі гісторыі анасазі

Традыцыйная перыядызацыя Пекас гісторыі старажытных пуэбла заснавана на вывучэнні развіцця іх архітэктуры. Прынята вылучаць наступныя перыяды[7][8]:

  • Пуэбла I (750900 гг.): пераход ад ямных жытлаў да наземных з саману.
  • Пуэбла II (900 — 1150 гг.)
Фаза Баніта ў каньёне Чака (900 — 1000 гг.), вызначаная павелічэннем колькасці вёсак, узнікненнем шматпакаёвых пабудоў
Фаза класічнага Баніта ў Чака (1000 — 1150 гг.), звязаная з актыўным узвядзеннем паселішчаў са шмат'яруснымі і шматпакаёвымі пабудовамі, ірыгацыйнай сістэмы і сеткі дарог
  • Пуэбла III (1150 — 1300 гг.)
Фаза позняга Баніта (1150 — 1220 гг.) характарызуецца скарачэннем насельніцтва ў Чака, спыненнем узвядзення складаных пабудоў
Фаза Меса-Вердэ (1220 — 1300 гг.) — канчатковы заняпад паселішчаў у Чака, узвышэнне паселішчаў у Меса-Вердэ
  • Пуэбла IV (1300 — 1600 гг.): пераход ад культуры старажытных пуэбла да культур сучасных пуэбла

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ужо на апошняй стадыі развіцця культуры «вытворцаў кошыкаў» назіраўся рост насельніцтва, што было абумоўлена адмовай ад вандроўнага ладу жыцця і поспехамі ў развіцці земляробства. Гэта ў значнай ступені тлумачыцца тагачасным адносна цёплым, але засушлівым кліматам, які зацяжарваў жыццё вандроўных паляўнічых і збіральнікаў, затое спрыяў атрыманню добрых ураджаяў на поймавых глебах. Адбылося перамяшчэнне земляробаў у раёны, багатыя на прыродныя рэсурсы. Так, у рэгіёне Меса-Вердэ да сярэдзіны VIII ст. насельніцтва было не меней за 4500 чалавек[9]. Пераход да стадыі Пуэбла I вызначаўся павелічэннем памераў паселішчаў. Людзі пакідалі ямныя жытлы на карысць наземным, зробленым з саману. Археолагі лічаць, што старажытнае ямнае жытло трансфармавалася ў ківу і ператварылася ў рытуальнае месца[10]. Некаторыя вёскі ў каньёне Чака і, магчыма, у Меса-Вердэ, выконвалі функцыі цырыманіяльных цэнтраў, дзе сталае насельніцтва значна папаўнялася падчас святочных дзён за лік пілігрымаў. Разам з гэтым, назіраюцца адрозненні ў вырабе керамікі розных рэгіянальных цэнтраў, што сведчыць пра іх адносную культурную самастойнасць.

Археалагічныя даследаванні выявілі, што ў IXXII стст. паселішчы ў Чака выконвалі выключную ролю ў развіцці анасазі[11]. Іх росквіт прыйшоўся на сярэдзіну XI ст. Мясцовыя жыхары першымі пачалі ўзвядзенне шмат'ярусных і шматпакаёвых сіметрычных будынкаў з пясчаніку, распрацавалі складаную сістэму арашэння палеткаў, стварылі разгалінаваную сетку шырокіх дарог агульнай даўжынёй каля 644 км[12]. Наскальныя малюнкі паказваюць, што анасазі Чака вялі астранамічныя назіранні, вылічалі сонечныя зацьменні[13]. Пасля 1160 г. адбывалася ўзвядзенне вялікіх пуэбла, шматпакаёвых скальных жытлаў і вежаў. Аднак у XII — першай палове XIII ст. культура Чака зведала крызіс і заняпад. Пасля сярэдзіны XIII ст. паселішчы ў Чака былі канчаткова пакінуты тубыльцамі.

Заняпад Чака доўгі час тлумачыўся кліматычнымі і экалагічнымі наступствамі. Пасля 1090 г. і зноў пасля 1130 г. назіраліся працяглыя засухі[14]. Яны маглі выклікаць знясіленне і эрозію глебы і ў выніку — памяншэнне ўраджайнасці. Анасазі былі вымушаны шукаць узвышшы, дзе колькасць ападкаў была большай, чым у нізінах. Другая гіпотэза сцвярджала, што ў перыяд росквіту будаўніцтва жыхары Чака вырубілі большую частку навакольнага лесу, які патрабаваўся для бэляк пры ўзвядзенні жытлаў і ў якасці паліва для прыгатавання ежы[15]. Такім чынам яны сутыкнуліся з экалагічнымі бедствамі, выкліканымі іх асабістай дзейнасцю. Але ў нашы дні доказы памяншэння плошчаў лясоў вакол Чака лічацца сумніўнымі[16]. Археолагі былі вымушаны звярнуць увагу на рост гвалту ў другой палове XII — першай палове XIII ст. Пра гэта сведчаць імкненне да стварэння вялікіх умацаваных пабудоў, прыдатных да абароны, пахаванні гвалтоўна забітых, выпадкі рытуальнага або выпадковага канібалізму[17]. Гвалт мог адбывацца па ўнутраных прычынах, калі скарачэнне рысурсаў выклікала канкурэнцыю паміж паселішчамі, чалавечыя ахвярапрынашэнні і ваенныя сутычкі. Знешняй прычынай магла стаць міграцыя ў наваколлі Чака паўднёвых атабаскаў, продкаў наваха і апачы. Паміж імі і пуэбла традыцыйна меліся варожыя адносіны. Аднак сапраўдных сведчанняў тагачасных канфліктаў са знешнім ворагам пакуль не выяўлена.

Адным з месцаў, куды адбывалася перасяленне выхадцаў з Чака, стала плато Меса-Вердэ. У канцы перыяду Пуэбла I большасць мясцовых насельнікаў перамясцілася на поўдзень. Толькі ў XI ст. людзі пачалі вяртацца, прывабленыя прадукцыйнымі горнымі глебамі. Носьбіты позняга Пуэбла II жылі ў невялікіх сядзібах, згрупаваных вакол агульных цырыманіяльных цэнтраў у форме ківы або вялікага дома. Прыкладна ў 10801140 гг. культура Меса-Вердэ зведала моцны ўплыў культуры Чака, у тым ліку на архітэктуру і кераміку[18]. Да сярэдзіны XIII ст. адбыліся драматычныя змены, калі назіралася рэзкае павелічэнне насельніцтва да 20 000 чалавек паміж 1200 і 1250 гг., заняпад сядзіб і ўзвышэнне цэнтралізаваных паселішчаў. Часцяком яны будаваліся на вяршыні скал і былі цяжка дасяжныя для патэнцыйных ворагаў. Тым не меней, перыяд росквіту рэгіёна Меса-Вердэ быў кароткім. Да канца XIII ст. яго пакінулі меркавана на карысць паселішчам у Арызоне і Нью-Мексіка[19]. Магчымымі прычынамі маглі стаць пагаршэнне стану навакольнага асяроддзя, недахоп харчу і сацыяльныя канфлікты. Заняпад Меса-Вердэ не быў імклівым. Археолагі заўважылі паступовае назапашванне смецця ў калісьці важных грамадскіх месцах, былі выяўлены масавыя пахаванні гвалтоўна забітых[20].

Акрамя знакамітых паселішчаў у Чака і Меса-Вердэ існавалі і больш дробныя цэнтры старажытных пуэбла. Напрыклад, у Нью-Мексіка захаваліся рэшткі вялікіх паселішчаў Ацтэк[21] (назва ўзнікла ў выніку першапачатковага памылковага атаесамлення з культурай ацтэкаў) і Салман[22], пабудаваныя ў другой палове XI — XIII стст. Іх жыхары былі або выхадцамі з Чака, або знаходзіліся пад моцным уплывам культуры Чака. Бетатакін, адно з апошніх прыстанішчаў анасазі, месціцца ў каньёне Цэгі ў Арызоне[23]. Яно было створана ў 12601270 гг., уяўляе сабою ўмацаваную скальную пабудову са 120 пакоямі.

Грамадства і культура[правіць | правіць зыходнік]

Матэрыяльныя здабыткі[правіць | правіць зыходнік]

Каменная тарка для кукурузы

Паколькі старажытныя пуэбла не заставілі пасля сябе пісьмовыя помнікі, даследчыкі пры ўзнаўленні іх культуры абапіраюцца галоўным чынам на дадзеныя археалогіі і аналогіі з пазнейшымі культурамі сучасных індзейцаў-пуэбла. Археалагічныя даследаванні паказалі, што насельнікі Чака і Меса-Вердэ ў значнай ступені працягвалі залежыць ад збіральніцтва і палявання. Аднак з сярэдзіны 1 тысячагоддзя ўсё больш важную ролю адыгрывала вытворчая гаспадарка, у першую чаргу ручное земляробства. Анасазі вырошчвалі культуры, вядомыя пад назвай «тры сястры»[24]. У асноўным яны эксплуатавалі сухадольныя палеткі на вяршынях узвышшаў і ўздоўж рэк і ручаёў.

Засушлівы клімат вымушаў будаваць ірыгацыйныя збудаванні і распрацоўваць новыя тэхналогіі для захавання вільгаці ў глебе. Так, было выяўлена, што анасазі дадавалі ў глебу сітаватую пемзу[25], што затрымлівала вільгаць і не дазваляла вымываць карысныя рэчывы. Практыкавалася тэрасаванне схілаў. Некаторы час высоўвалася думка, што жыхары Чака не маглі забяспечыць сябе прадуктамі земляробства з-за шчолачаў у мясцовай глебе, а таму павінны былі завозіць частку харчу звонку. Аднак пазней гэтая думка была абвергнута[26][27]. Даследаванне Меса-Вердэ дэманструе, што земляробства заставалася эфектыўным для забеспячэння насельніцтва нават падчас працяглай засухі[28]. Дадатковую ежу давала збіранне насення дзікарослых раслін, што перамолваліся каменнымі ступамі ў земляных паглыбленнях. Відавочна, земляробства і прыгатаванне ежы былі пераважна жаночай справай. Нездарма шкілетныя рэшткі жанчын маюць прыкметы цяжкага артрыту[29].

Сандаль XII ст. з каньёна Чака

Для захавання сельскагаспадарчай прадукцыі выкарыстоўвалі яміны, унутр якіх памяшчаліся плеценыя кошыкі з харчам. Традыцыі пляцення бралі пачатак ад больш старажытнай культуры вытворцаў кошыкаў, калі з’явілася тэхналогія вырабу складаных кошыкаў з лазы, шчыльна аплеценых больш тонкімі валокнамі. У такіх кошыках можна было захоўваць ваду і нават гатаваць ежу. Галоўнай крыніцай валакна была юка[30]. З валакна юкі рабілі вяроўкі, ніткі, вопратку, сандалі. Для адзежы таксама выкарыстоўвалі футра трусоў і пер'е індыкоў. У позні перыяд анасазі была вядома бавоўна[31].

Прыклады ганчарнага мастацтва

Выдатным прыкладам майстэрства старажытных пуэбла з’яўляецца кераміка[32]. Яна сустракаецца ўжо ў пластах 200 г. н. э. Існуе 2 асноўныя думкі пра яе паходжанне. Частка даследчыкаў лічыць, што ганчарства было запазычана ў прадстаўнікоў суседняй культуры Магаён. Аднак моцныя адрозненні мясцовых вырабаў ад магаёнскіх вымушаюць меркаваць, што анасазі самі маглі вынайсці тэхналогію апрацоўкі гліны. Найбольш старажытная кераміка выраблялася з гліны, здабытай каля рэк. З-за высокага ўтрымання жалеза пасля абпальвання яна набывала карычневы колер. У VIVII стст. ганчары пачалі здабычу гліны ў сланцавых пластах. Яе апрацоўка патрабавала значных тэхналагічных змен, але ў выніку анасазі пачалі выраб шэрага посуду з больш вытанчанымі сценкамі і рыфленай паверхняй. Керамічныя вырабы выкарыстоўваліся галоўным чынам для прыгатавання ежы на вогнішчы. Нягледзячы на практычную карысць, іх па-мастацку упрыгожвалі пігментамі натуральнага паходжання. У XXIII стст. склалася асаблівая стылістыка афарбоўкі. Ганчарныя печы, знойдзеныя ў раёне Меса-Вердэ, памяшчаліся ўдалечыні ад паселішчаў, у месцах, багатых драўнінай для абпальвання.

Рамесная вытворчасць дазваляла не толькі забяспечваць сябе, але таксама абменьваць на тавары з іншых земляў. Кераміку анасазі знаходзяць далёка ад населенай імі мясцовасці. Наўзамен яны атрымоўвалі самародную медзь, марскія ракавіны, бірузу і г. д. Найлепей вывучана гандлёвая сетка, звязаная з пастаўкамі бірузы, якая мела надзвычайную каштоўнасць і выкарыстоўвалася ў ювелірнай справе. Раней меркавалася, што ўся біруза, знойдзеная ў Чака, здабывалася ў 200 км ад каньёна. Аднак аналіз ізатопаў абверг гэту думку[33]. На самой справе, большасць здабытай паблізу бірузы канцэнтравалася ў адным з паселішчаў. Яго жыхары маглі манапалізаваць здабычу і абмен. Астатнія насельнікі Чака былі вымушаны карыстацца пераважна бірузой з аддаленых радовішчаў на тэрыторы Каларада, Нью-Мексіка, Каліфорніі і Невады. У месцах, дзе здабывалася біруза, знойдзены артэфакты з Чака, што кажа пра сталыя гандлёвыя сувязі.

Развіццё архітэктуры анасазі мела некалькі важных этапаў[34]. Першым вядомым тыпам будынкаў былі ямныя жытлы. Яны ўяўлялі сабою круглыя падземныя збудаванні глыбінёй ад 91 см да 152 см і дыяметрам ад 2,7 м да 7,6 м са сценамі, абтынкованымі глінай і каменнем. Ямы былі пабудаваны з выкарыстаннем 4 слупоў, размешчаных вертыкальна, злучаных зверху 4 гарызантальнымі бэлькамі, перасечанымі стольнымі бэлькамі. Бакавыя адтуліны і адтуліна ў даху сіпапу забяспечвалі вентыляцыю і пранікненне святла. У цэнтры ямін ладзіўся агмень. Знутры знаходзяць рэшткі лавак, сметнікаў і адтулін для захавання рэчаў і харчу. На другім этапе прыкладна з 800 г. з’явіліся пуэбла з надземнымі пакоямі. Часцяком гэта былі шматпавярховыя пабудовы. Падмурак для іх рабілі з пясчаніку, сцены — з раствору з дадаткам друзу і камянёў. Кожны пакой меў свой дах, які ўяўляў пляцоўку для будаўніцтва наступнага паверха. Узвядзенне пуэбла магло займаць стагоддзі. Так, пуэбла Баніта ў Чака ўзводзілася паміж 850 г. і 1150 г. і ў выніку складалася з 650 пакояў, у ім адначасова жыло 400 — 1000 чалавек[35]. Вылучаліся так званыя «вялікія дамы», вакол якіх канцэнтраваліся меншыя. Другі тып пабудовы, распаўсюджаны ў гэтэ перыяд, — ківа. Лічыцца, што яна ўзнікла на аснове трансфармацыі ямнага жытла, але выкарыстоўвалася ў рытуальных мэтах. У XIII ст. анасазі пачалі перамяшчаць свае паселішчы на паўднёвыя уступы скальных каньёнаў, дзе працягвалі будаваць пуэбла.

У Чака захавалася старажытная сетка дарог, створаная анасазі. Яны ішлі ад «вялікіх дамоў» да невялікіх участкаў і прыродных аб'ектаў у межах і за межамі каньёна. Іх капалі ў карэннай пародзе, выдалялі расліннасць і глебу, пры ўздыме на скалы руйнавалі каменныя перашкоды. Працягласць дарог дасягала 300 км[36]. Прызначэнне дарог да сёй пары застаецца спрэчным. Раней меркавалася, што па іх дастаўлялі драўніну, неабходную для будаўніцтва. Некаторыя археолагі лічаць, што галоўная мэта дарожнай сістэмы была рэлігійнай. Ёю карысталіся пілігрымы для выканання пэўных рытуалаў. Рэгулярныя пілігрымкі для шанавання продкаў вядомы сярод сучасных індзейцаў-пуэбла.

Сацыяльныя адносіны[правіць | правіць зыходнік]

Петрогліф з выявай паляўнічага ў Чака

Пра сацыяльныя адносіны знутры грамадства анасазі можна меркаваць толькі па ўскосных дадзеных. Археолагі звяртаюць увагу на вызначальную ролю «вялікіх дамоў» у паселішчах. Верагодна, яны былі рытуальнымі цэнтрамі, а таксама пунктамі захоўвання і пераразмеркавання харчу і іншых рэчаў[20]. Жыхары «вялікіх дамоў» былі забяспечаны значна лепей, чым простыя абшчыннікі[37], што кажа пра існаванне сацыяльнай няроўнасці. Даследчыкі мяркуюць, што па аналогіі з пазнейшымі індзейцамі-пуэбла ўлада мела тэакратычны характар. У мінулым лічылася, што ўладная структура фарміравалася паступова і магла быць выбарнай. Аднак генетычныя даследаванні рэштак пахаванняў эліты ў пуэбла Баніта на працягу 300 гадоў выявілі іх прыналежнасць да адной дынастыі. Пахаваныя былі сваякамі па жаночай лініі[38]. Такім чынам, высокі сацыяльны статус з самога пачатку меў спадчынны характар. Прычым, ён перадаваўся не ад бацькі да сына, а ад маці да дачок.

Болей складаным пытаннем з’яўляецца наяўнасць адзіных палітычных структур, якія маглі аб’ядноўваць жыхароў розных паселішчаў. Супольная сетка дарог у Чака можа сведчыць пра адносную еднасць. Знаходкі масавых пахаванняў дарослых мужчын прывялі да думкі, што ў канцы XI — пачатку XII ст. валадары Чака імкнуліся да падпарадкавання болей паўднёвых паселішчаў з дапамогай невялікай арміі[39]. Павелічэнне гвалту ў Меса-Вердэ ў XII ст. таксама тлумачаць імкненнем выхадцаў з Чака да ўсталявання ўлады[40]. З’яўленне недаступных для ворагаў скальных паселішчаў можа сведчыць пра сталую пагрозу як з боку суседзяў, так і знешняга ворага. У XIII ст. канфлікты абвастрыліся з-за нястачы харчовых рэсурсаў[41]. Антраполаг К. Тэрнер, які адным з першых пачаў пісаць пра практыку канібалізму сярод анасазі, лічыць, што масавыя забойствы і людаедства былі выкліканы прыходам захопнікаў з поўдню, магчыма тальтэкаў[42]. Навукоўцы таксама тлумачаць канібалізм у позняй стадыі культуры старажытных пуэбла сацыяльнай паталогіяй, формай грамадскага кантролю, рэлігійнымі ахвярапрынашэннямі[43][44].

Дзякуючы даследаванню рэштак костак у пахаваннях вядома, што прыкладны памер сям'і анасазі складаў 4,6 чалавек. Сярэдняя працягласць жыцця высакародных мужчын была 67,1 гады, а жанчын - 75,1 гады[45]. У перыяд Пуэбла I узнікла традыцыя дэфармацыі чэрапаў[46], так што ў дарослых яны набывалі пляскатую форму.

Духоўная культура[правіць | правіць зыходнік]

Выявы сонца і месяца

Анасазі не мелі пісьмовасці, але карысталіся піктаграфіяй. Большасць знойдзеных піктаграм вядомы дзякуючы петрогліфам на скалах. Старажытныя мастакі знаходзілі камяні, пакрытыя цёмнай пацінай і выразалі на яе паверхні малюнкі. Часам малявалі з дапамогай пігментаў. Выявы піктаграм уключаюць жывёл, людзей, сцэны палявання, астранамічныя аб'екты. Мяркуюць, што некаторыя піктаграфічныя запісы з’яўляліся календарамі, якія прадказвалі летняе і зімняе сонцастаянне[47]. Пра цікавасць старажытных пуэбла астраноміяй кажуць пабудовы накшталт Каса-Рынканада каля Пуэбла-Баніта[48]. Гэта вялікая ківа дыяметрам 19,2 м. Яе будаўніцтва адбылося ў XI ст. У сцяне ківы былі выяўлены выступы адносна руху сонца ў перыяд сонцастаянне і раўнадзенства. У Чака знойдзена пячора, дзе піктаграмы адлюстроўваюць месячныя цыклы даўжынёй 18,61 года[49]. Астранамічныя назіранні маглі быць важнай часткай рэлігійнай практыкі.

Рэлігія аказвала моцнае ўздзеянне на мастацтва. На керамічных вырабах і на іншых артэфактах часам адлюстраваны выявы масак[50]. Некаторыя даследчыкі звязваюць іх з культам качына, распаўсюджаным сярод сучасных індзейцаў-пуэбла. Такі пункт гледжання з’яўляецца надзвычай спрэчным, паколькі прынята лічыць, што шанаванне качына пачало практыкавацца на паўночным захадзе ЗША ў пазнейшы час. Тым не меней, навукоўцы больш уважліва ставяцца да праблемы ўздзеяння рэлігіі на паўседзённае жыццё анасазі. Высоўваецца думка, што ў апошні перыяд існавання культуры старажытных пуэбла адбывалася ідэалагічная барацьба. Пра гэта сведчаць пабудовы пляцовак, прызначаных для масавых сходаў, новыя формы керамікі. Старыя догмы маглі руйнавацца на карысць новых, падобна таму, як адбывалася падчас Рэфармацыі[51]. Такім чынам, зыход насельніцтва і запусценне ўмацаваных паселішчаў тлумачацца апроч іншага зменамі ў духоўных патрабаваннях народа.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. What Does “Anasazi” Mean, and Why Is It Controversial?
  2. Anasazi - Online Etymology Dictionary
  3. Insider: What's in a Name?
  4. Snow, D. Archaeology of Native North America. — P. 123 — 124
  5. Welcome to Anthropology Labs - Northern Arizona University Архівавана 2 студзеня 2019.
  6. Basketmaker II - Crow Canyon Archaeological
  7. Anasazi Timeline - Chronology of the Ancestral Pueblo People
  8. Pueblo Construction Chronology Архівавана 15 лютага 2020.
  9. Ancestral Puebloans of the Four Corners Region
  10. Anasazi - Routledge Handbooks Online
  11. Ancient Puebloans of the Southwest
  12. An Ancient Road System Still Puzzles Us at Chaco Culture National Historical Park
  13. Petrogylph suggests ancestral Puebloans recorded eclipse at Chaco Canyon Архівавана 16 лютага 2020.
  14. Climate Change and Violence in the Ancient American Southwest(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 лютага 2020. Праверана 16 лютага 2020.
  15. The Chaco Anasazi Northwestern New Mexico 700 ce to 1300 ce
  16. Prehistoric deforestation at Chaco Canyon?
  17. Riddles of the Anasazi
  18. The Pueblo II Period: A.D. 900 to 1150
  19. The Pueblo III Period: A.D. 1150 to 1300
  20. а б Mesa Verde: Cliff Dwellings of the Anasazi
  21. Ancestral Pueblo People at Aztec Ruins
  22. Salmon Ruins Museum
  23. Betatakin Архівавана 16 лютага 2020.
  24. PREPARING FOR THE FUTURE WHILE STUDYING THE PAST: ANCESTRAL PUEBLO FARMING(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 сакавіка 2020. Праверана 20 сакавіка 2020.
  25. Ancestral Pueblo Farming
  26. Agriculture and community in Chaco Canyon: Revisiting Pueblo Alto
  27. Ancestral people of Chaco Canyon likely grew their own food
  28. The Mysterious Migration: Early Puebloans Abandon Their Pueblos
  29. The Life of the Anasazi Архівавана 21 кастрычніка 2020.
  30. Ancestral Pueblo Native Plant Use
  31. The Anasazi
  32. Anasazi Pottery
  33. Massive Turquoise Trade Network of Ancient Pueblos Revealed
  34. Anasazi Architecture Архівавана 21 сакавіка 2020.
  35. PUEBLO BONITO
  36. Ancient Pueblo Peoples
  37. Snow, D. Archaeology of Native North America. —P. 99
  38. Ancient DNA Yields Unprecedented Insights into Mysterious Chaco Civilization
  39. Were Some Ancestral Puebloan People the Victims of Ethnic Conflict?
  40. Violence in the Ancient Southwest Offers Insights Into Peace, Study Says Архівавана 22 сакавіка 2020.
  41. The Depopulation of Sand Canyon Pueblo, A Large Ancestral Pueblo Village in Southwestern Colorado
  42. A Theory of Anasazi Savagery
  43. Anasazi Ate Their Enemies
  44. Were the Anasazi Cannibals? Архівавана 24 сакавіка 2020.
  45. Health - The Anasazi Indians(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 кастрычніка 2020. Праверана 22 сакавіка 2020.
  46. anasazi/pueblo - Greenbutter.de
  47. Anasazi Rock Art Архівавана 24 сакавіка 2020.
  48. Casa Rinconada Chaco Research Archive
  49. Science: Cultural Astronomy
  50. Artifacts of the Anasazi Ancient Indian Tribe
  51. Vanished: A Pueblo Mystery

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]