Мог (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мог
(মগ)
Агульная колькасць 37893 (2011 г.)
Рэгіёны пражывання  Індыя
Мова араканская мова
Рэлігія будызм
Блізкія этнічныя групы араканцы, марма, бенгальцы

Мог (саманазва: মগ) — тыбета-бірманская этнічная група ў індыйскім штаце Трыпура. У 2011 г. іх колькасць дасягала 37 893 чалавекі.

Лічыцца, што мог — нашчадкі араканцаў, якія перасяліліся ў Трыпуру праз Чытагонг у XVXVIII стст. падчас існавання Араканскага каралеўства. Аднак сучасныя генетычныя даследаванні тыбета-бірманцаў Трыпуры паказваюць, што яны маюць болей старажытныя карані.

Мог насяляюць раўніны. Асноўны занятак — земляробства, пры гэтым практыкуецца лядная сістэма, калі селянін кожныя некалькі гадоў мяняе надзел, паколькі папярэдні страчвае ўраджайнасць. Мог славяцца сваёй народнай медыцынай, таму ў некаторых выпадках падпрацоўваюць лекарамі.

Традыцыйная кухня ўключае раслінныя, рыбныя і мясныя прадукты.

Аснову народнага строя складае саронг. Мужчыны апранаюць цюрбан. Вопратка жанчын мае шмат упрыгожванняў, у тым ліку з каштоўных металаў.

Мог падзяляюцца на 2 эндагамныя галіны, найбуйнейшая галіна — на 2 экзагамныя фратрыі. Правадыр банарауг абіраецца з ліку найбольш заможных і ўплывовых суграмадзян. Шлюбы заключаюцца па дамоўленасці, служэнню або ў выніку кахання. На чале сям'і стаіць мужчына. Старэйшы сын мае права на палову спадчыны, малодшыя сыны — на астатнюю палову. Дачкі могуць разлічваць толькі на ўспадкоўванне матчыных упрыгожванняў, прычым палову атрымоўвае старэйшая дачка. Нежанатыя хлопцы жывуць у асобнай вясковай хаціне, куды жанчыны наведваюцца толькі ўдзень.

Асноўная рэлігіябудызм, хаця мог таксама шануюць некаторых індуісцкіх багоў і духаў прыроды. Пасля смерці целы нябожчыкаў спальваюць. Народныя святы звязаны пераважна з рэлігійнымі нагодамі. Падчас штогадовага свята ва ўсе мог збіраюцца разам. Святкаванне суправаджаецца песнямі і танцамі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]