Араканцы
Араканцы (ရခိုင်လူမျိုး) | |
![]() | |
Агульная колькасць | 2758000 (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ![]() |
Мова | араканская мова |
Рэлігія | будызм |
Блізкія этнічныя групы | бірманцы, марма, мог, чын |
Арака́нцы, таксама ракха́йн (саманазва: ရခိုင်လူမျိုး) — тыбета-бірманскі народ, карэннае насельніцтва вобласці Аракан у М’янме. Невялікая колькасць араканцаў шчыльна жыве на паўднёвым усходзе Бангладэш. Агульная колькасць (2022 г.) — 2 758 000 чалавек[1].
Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]
Араканцы — тыбета-бірманскі народ. Згодна ўяўленням, распаўсюджаным у М’янме, іх продкі з’явіліся на тэрыторыі Аракана задоўга да нашай эры. Аднак археалагічных падцверджанняў гэтаму няма. Найбольш верагодны перыяд міграцыі тыбета-бірманцаў — канец 1 тысячагоддзя н. э. Іх прыход можа быць звязаны з заняпадам дзяржавы, заснаванай у III — IV стст. індыйскай дынастыяй Чандра. У пачатку 2 тысячагоддзя на Араканскім узбярэжжы склалася некалькі гарадоў-дзяржаў, залежных ад Паганскай імперыі. Акрамя таго, нашчадкі мігрантаў падзяляліся на розныя плямёны.
Агульная свядомасць араканцаў склалася ў XV — XVIII стст., калі адбылося станаўленне дзяржавы Мраук-У, вядомай сярод еўрапейцаў і індыйцаў як Араканскае каралеўства. Значную ролю ў гэтым працэсе адыграла распаўсюджанне будызму ў форме Тхеравада. У будысцкіх кляштарах поруч з палі выкарыстоўвалася араканская мова. Акрамя таго, будызм адрозніваў араканцаў ад індаарыйскага насельніцтва, што таксама сялілася ў гэтым рэгіёне і спавядала іслам. Апошнія сталі продкамі народа рахінджа.
Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]
Сельская гаспадарка Аракана здаўна арыентавана на вырошчванне рысу, які з'яўляецца асноўнай харчовай культурай. Тым не меней, асаблівасці мясцовага клімату, асабліва цыклоны, ствараюць пэўную рызыку для атрымання ўраджаю. Таму ў мінулым і ў нашы дні частка рысу завозіцца з іншых рэгіёнаў. Для спажывання і камерцыйных патрэб таксама вырошчваюць імбір, востры перац, тытунь, бавоўнік, джут, садавіну і гародніну. Жывёлагадоўля мае дадатковы характар. Хаця рыба займае важнае месца ў харчаванні, рыбалоўства развіта толькі ў прыбярэжнай зоне.
У Аракане здаўна існавалі гарады, якія былі цэнтрамі рамяства і гандлю. У XV — XVIII стст. араканцы былі шчыльна ўцягнуты ў пасрэдніцкі гандаль рабамі, але пазней спецыялізацыяй мясцовых гандляроў сталі ўвоз еўрапейскіх прамысловых тавараў, вываз чаю і харчу. У наш час дробным гандлем займаюцца пераважна жанчыны. Традыцыйныя рамёствы: апрацоўка дрэва, металаў, ювелірная справа, ткацтва. У мінулым амаль не было наземных дарог, таму важным заняткам з'яўлялася транспартыроўка грузаў на лодках.
Араканская кухня сумяшчае бірманскія і індыйскія традыцыі. Акрамя варанага рысу ядуць стравы з гародніны, мяса і рыбу — у выглядзе кары. Папулярны супы, дэсерты з салодкага рысу і садавіны. Найбольш распаўсюджаны напоі — чай і какосавае малако.
Народная вопратка складаецца з саронгу, закрытай кашулі ў мужчын і адкрытай кашулі ў жанчын. Звычайны абутак — сандалі. Дарослыя мужчыны робяць татуіроўкі. У старых яны займаюць амаль усю скуру на целе. Жанчыны ўпрыгожваюць валасы архідэямі і іншымі кветкамі.
Традыцыйныя хаціны каркаснага тыпу на па́лях. Жылая зона складае другі паверх. Перад уваходам будуецца веранда. Спальня месціцца ў задняй частцы. Першы паверх не мае сцен. Днём тут хаваюцца ад спякоты.
Асноўны сацыяльны інстытут — малая нуклеарная сям'я. У мінулым таксама вылучаліся племянныя і родавыя аб'яднанні, аднак яны былі канчаткова разбураны ў другой палове XX ст. у выніку палітыкі прымусовых перасяленняў. У шлюб уступаюць у канцы падлеткавага ўзросту. Сям'я жаніха забяспечвае пасаг. Будысцкія манахі абавязкова правяраюць гараскопы маладых, чытаюць малітвы падчас шлюбнай цырымоніі. Поўная шлюбная цырымонія можа цягнуцца болей за тыдзень, патрабуе значных выдаткаў, таму ў большасці выпадкаў маладыя правододзяць скарочаную цырымонію, а ўжо ў сталым узросце, калі маюць дзяцей, — поўную. Згодна будысцкім традыцыям, жанчына разглядаецца ніжэй па статусу, чым мужчына, і на чале сям'і стаіць або бацька, або старэйшы сын.
Араканская музычная культура і паэтычная лірыка эг’ін бяруць пачатак у прыдворных забавах XV — XVIII стст. Песні складаюцца для асобых жыццёвых выпадкаў ад заляцанняў і вяселляў да калыханак. Народныя аркестры ўключаюць барабаны, ксілафоны, музычныя талеркі і металічны рог хнэ. Яны суправаджаюць тэатральныя пастановы, у тым ліку тэатр марыянетак, а таксама калектыўныя танцы. Так, у танцы дон йін прымаюць удзел да 100 танцораў. Араканцы вядомы баявым мастацтвам к’ін. Рукапашныя спаборніцтвы суправаджаюць многія святы.
Мова[правіць | правіць зыходнік]
Араканская мова належыць да тыбета-бірманскай групы моў, вельмі блізкая да бірманскай мовы. Апошняя найчасцей выкарыстоўваецца ў дзяржаўнай адукацыі, што прывяло да выціскання араканскай з паўседзённага жыцця і сродкаў масавай інфармацыі. Аднак школы пры будысцкіх кляштарах захоўваюць вывучэнне тэкстаў на араканскай мове.
Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]
Большасць вернікаў спавядае будызм у форме тхеравада. У сельскай мясцовасці захоўваюцца анімістычныя культы духаў нат.
Канфлікт з рахінджа[правіць | правіць зыходнік]
Паўночную частку вобласці Аракан насяляе індаарыйскі народ рахінджа, які ў адрозненні ад араканцаў спавядае іслам. Да II Сусветнай вайны раёны супольнага пражывання араканцаў і рахінджа былі шырэйшымі. Аднак падчас вайны паўднёвы Аракан быў акупаваны японцамі. Значная частка араканскіх інтэлектуалаў пайшла на супрацоўніцтва з акупантамі. Безуладзе прывяло да вострага канфлікта паміж прадстаўнікамі 2 этнасаў. У пасляваенны перыяд рахінджа высоўвалі прапановы стварэння ў паўночным Аракане свайго штата або нават далучэння да Усходняга Пакістана. У сваю чаргу, араканскія палітыкі сцвярджалі, што іх народ вымушаны мірыцца з прыгнётам з боку бірманцаў і супраціўленнем рахінджа. У 2016 г. араканцы падтрымалі гвалтоўныя дзеянні ваенных М’янмы супраць рахінджа. У выніку крызісу некалькі тысяч рахінджа загінулі, каля 500 000 — 700 000 бежанцаў былі вымушаны пакінуць краіну.