Нараджэнне Найсвяцейшай Багародзіцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Нараджэ́нне Прасвято́й Багародзі́цы (Раство Багародзіцы, Прачы́стая другая, Бага́ч) — восенскае хрысціянскае свята, якое адзначаецца 8 верасня:

Праваслаўная традыцыя[правіць | правіць зыходнік]

Раство Багародзіцы, беларуская школа, каля 1700

Нараджэньне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі святкуецца Царквою як дзень сусветнае радасці. Гэтая дабратворная падзея адбылася ў невялікім галілейскім горадзе Назарэце. Бацькамі Дзевы Марыі былі праведны Іаакім з роду прарока і цара Давіда і Ганна з роду першасвяшчэньніка Аарона. Яны былі бязьдзетныя, бо Ганна была няплодная. І гэта ў тыя часы лічылася пакараньнем за грахі, таму Іаакім і Ганна цярпелі несправядлівыя зьдзекі ад сваіх суайчыньнікаў. Аднак яны не гублялі надзеі на літасць Божую і далі абяцаньне прысвяціць Богу для служньня ў храме дзіця, калі яго ім пашле Гасподзь. У адно са святаў старац Іаакім прынёс у Ерусалімскі храм сваё ахвярнае прынашэньне, але першасвяшчэньнік не прыняў яго, бо Іаакім быццам быў няварты гэтага па прычыне сваёй бясплоднасці. У вялікім смутку, прыгнечаны горам, святы Іаакім пайшоў у пустэльню, дзе са слязьмі маліўся Богу аб дараваньні яму дзіцяці. Святая Ганна, дазнаўшыся пра гэтае здарэньне, таксама шмат і шчыра малілася. Гасподзь выканаў іхнае прашэньне. Муж і жонка дасягнулі сталага ўзросту і падрыхтавалі сябе дабрадзейным жыцьцём да высокага званьня — быць бацькамі Прасвятой Дзевы Марыі, будучай Маці Госпада нашага Ісуса Хрыста. І вось Архангел Гаўрыіл прынёс Іаакіму і Ганьне радасную вестку: малітвы іх пачутыя Богам, і ў іх народзіцца Найблаславёная дачка Марыя, празь якую будзе дараванае выратаваньне ўсяму свету. Нараджэньне Багародзіцы наблізіла прышэсце на зямлю дабратворнага Царства Нябеснага, царства ісціны і бессьмяротнага жыцьця.

Ніжэй пададзеныя святочныя спевы ў рэдакцыі Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Трапар свята Нараджэньня Прасвятой Багародзіцы, глас 4[правіць | правіць зыходнік]

Нараджэньне Тваё, Багародзіца Дзева,/ радасць прынесла ўсяму свету,/ бо зь Цябе зазьзяла Сонца праўды — Хрыстос Бог наш;/ і зьняўшы пракляцьце, Ён даў благаславеньне,// і зьнішчыўшы сьмерць, дараваў нам жыцьцё вечнае.

Кандак свята Нараджэньня Прасвятой Багародзіцы, глас 4[правіць | правіць зыходнік]

Іаакім і Анна ад зьнявагі за бязьдзетнасць/ і Адам і Ева ад пагібелі сьмяротнай/ вызваліліся, Прачыстая, ў святым Нараджэньні Тваім./ Яго ж святкуюць і людзі Твае,/ ад віны саграшэньняў пазбавіўшыся,/ усклікаючы да Цябе:// няплодная нараджае Багародзіцу і Карміцельку жыцьця нашага.

Задастойнік свята Нараджэньня Прасвятой Багародзіцы[правіць | правіць зыходнік]

Велічай, душа мая, найслаўнейшае нараджэньне Божае Маці. Чужаснае для маці дзявоцтва і не ўласціва дзевам дзяцей нараджэньне, на Табе ж, Багародзіца, зьдзейсьнілася тое і другое. Таму мы, усе народы зямныя, несупынна Цябе велічаем.

Каталіцкая традыцыя[правіць | правіць зыходнік]

Народная традыцыя[правіць | правіць зыходнік]

Багач — старадаўняе земляробчае свята беларусаў, што спраўлялася пасьля заканчэньня жніва. З пашырэньнем хрысціянства Багач быў прымеркаваны да Другой Прачыстай — свята нараджэньня Божай Маці (8 верасьня), якая лічылася заступніцай ураджаю. Сымбаль свята Багача — сявенька з жытам ці пшаніцай і ўстаўленай васковай свечкай (збожжа вымалочвалі зь першага зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З Багачом абыходзілі ўсе двары ў вёсцы, а потым ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле народнага павер’я, Багач забяспечваў дому багацце і шчасце.

Вонкавыя спасылкі[правіць | правіць зыходнік]