Перайсці да зместу

Натан Майсеевіч Воранаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Натан Воранаў)
Натан Майсеевіч Воранаў
Фатаграфія
Дата нараджэння 19 мая 1916(1916-05-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 сакавіка 1978(1978-03-03) (61 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства  Расійская імперыяСцяг СССР СССР
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Жанр пейзаж, нацюрморт, партрэт, гістарычна-сюжэтная карціна
Вучоба
Мастацкі кірунак рэалізм
Уплыў Іван Ахрэмчык, Фёдар Фогт, Сямён Абугаў
Уплыў на Уладзімір Тоўсцік, Аляксей Кузьміч
Узнагароды
Ордэн Айчыннай вайны II ступені Ордэн Чырвонай Зоркі медаль «За працоўную адзнаку»
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР
Сайт voronov.by

Ната́н Майсе́евіч Во́ранаў (19 мая 1916, Магілёў — 3 сакавіка 1978) — беларускі жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1966)[1].

Нарадзіўся 19 мая 1916 года ў Магілёве. У сям’і Майсея і Соф’і раслі яшчэ двое сыноў — старэйшы Аарон і малодшы Веніямін. Бацька быў мастаком і выкладаў у мясцовай мастацкай школе. Відавочна, што творчая атмасфера, у якой рос маленькі Натан, паўплывала на яго жаданне прафесійна займацца мастацтвам[2].

У 1931—1934 гадах вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме ў выкладчыкаў Івана Ахрэмчыка і Фёдара Фогта. Удзельнічаў у мастацкіх выстаўках з 1933 года. Потым на працягу года Натан Воранаў выкладаў жывапіс і рысунак у школах № 3 і № 20 у Магілёве[2].

У 1934 годзе быў уведзены IV курс навучання ў Віцебску, і мастак працягнуў вучобу[2].

У 1935 годзе Воранаў у ліку лепшых студэнтаў быў накіраваны для працягу навучання ў Ленінград — у Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна, вучыўся ў Аляксандра Асмёркіна[2][3] і Сямёна Абугава[3]. У 1941 годзе ў гэтым інстытуце з поспехам прайшла першая персанальная выстава Натана Воранаў. Гэта быў апошні курс перад дыпломам і ўлетку малады чалавек павінен быў ехаць на мастацкую практыку ў Карпаты[2].

Вялікая Айчынная вайна

[правіць | правіць зыходнік]

Аднак 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. У гэты час Натан Воранаў знаходзіўся дома, на канікулах у бацькоў у Магілёве. Нягледзячы на тое, што студэнт меў права заставацца ў Ленінградзе да заканчэння вучобы, ён прыняў іншае рашэнне. Пасля кароткай падрыхтоўкі ў 3-м артылерыйскім вучылішчы ў Кастраме Натан Воранаў добраахвотнікам пайшоў на фронт. У 1941—1942 гадах камандаваў батарэяй 45-міліметровых супрацьтанкавых гармат на Паўднёва-Заходнім фронце, пазней быў камандзірам узвода разведкі 77-га артылерыйскага палка 248-й стралковай дывізіі на 4-м Украінскім фронце[2]

У вайну Воранаў рабіў графічныя замалёўкі. Не раз быў паранены: адзін асколак міны прайшоў у міліметры ад сэрца, у лютым 1945 года асколкі трапілі ў вочы, пазбавіўшы мастака зроку на некаторы час[2].

У 1946 годзе Воранаў дэмабілізаваўся. У 1948 годзе паспяхова скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна, напісаўшы дыпломную кампазіцыю «Рэйд Каўпака»[2].

Напрыканцы 1940-х, пераехаўшы ў Мінск, Воранаў хутка заваяваў прызнанне, стаў удзельнікам шматлікіх выставак[2].

У 1966—1978 гадах выкладаў на кафедры малюнка і жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута[1]. З 1970 года дацэнт[1]. Студэнты ласкава называлі яго «Наташа». Сярод яго вучняў — вядомыя мастакі У. Тоўсцік, Г. Баранаў, І. Грынберг, А. Сухан і іншыя[2].

Сябра секцыі жывапісу Саюза мастакоў БССР з 1949, у 1963—1965 гадах выконваў абавязкі старшыні Саюза мастакоў БССР.

Магіла Натана Воранава на Паўночных могілках

Апошні год жыцця Натан Воранаў цяжка хварэў. Памёр 3 сакавіка 1978 года. Пахаваны на Паўночных могілках.

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найбольш вядомыя творы прысвечаны падзеям Кастрычніцкай рэвалюцыі і барацьбе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты беларускіх кампазітараў Я. Цікоцкага (1949), У. Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія „мушкецёры“», 1971); лірычныя і індустрыяльныя пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Даждлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Сатана», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш[1].

Беларуская мастацтвазнаўца Наталля Сяліцкая лічыць, што Н. Воранаў «быў верны ідэалам свайго часу і прытрымліваўся ў творчасці асноўных догмаў сацыялістычнага рэалізму… Аднак творчасць Натана Майсеевіча выходзіла за рамкі гэтага метаду. Захоўваючы ідэалагічную аснову афіцыйнага мастацтва, у жывапісна-пластычным вырашэнні сваіх карцін ён творча пераасэнсоўвае спадчыну імпрэсіянізму, а таксама постімпрэсіянізму і фавізму. Такое спалучэнне розных мастацкіх традыцый і бясспрэчнага таленту каларыста робіць асабліва прывабнай творчасць мастака і для сучаснага гледача»[4].

Беларускі мастак Андрэй Дубінін, аналізуючы творчасць Н. Воранава, бачыць у ёй дзве лініі: «грамадска-палітычную» і прыватную, камерна-інтымную. А. Дубінін падкрэслівае цікавасць Воранава да «прыцемкавага» боку быцця і адзначае: «Ён патрабавальны да формы, што відаць у кампазіцыях партрэтаў, амаль заўсёды „экс-цэнтрычных“, ссунутых, на ломцы шаблона»[5].

Творы Н. Воранава захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, у фондах Беларускага саюза мастакоў, у Музеі гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, у прыватных калекцыях Беларусі і замежных краін[4].

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» і інш[4][2].

Унукі, Павел і Уладзімір Кандрусевічы, таксама сталі жывапісцамі[2].

Зноскі

  1. а б в г Воронов Натан Моисеевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 126. — 737 с.
  2. а б в г д е ё ж з і к л voronov.belartist.org - Наталия Селицкая . ru.voronov.belartist.org. Праверана 16 жніўня 2025.
  3. а б Воранаў Натан Майсеевіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998 = Belarussian union of artists, 1938—1998 : Энцыкл. давед. / Аўт.-склад.: Б. А. Крэпак і інш.. — Мн.: ВТАА «Кавалер Паблішэрс», 1998. — 663 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-6427-09-6.
  4. а б в http://belisrael.info/?p=15185
  5. http://belisrael.info/?p=15166
  • Воранаў Натан Майсеевіч // Бел. энцыкл. У 18 т. Т.4. Варанецкі-Гальфстрым. — Мн., 1997. — С.273.
  • Воранаў Натан Майсеевіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998 = Belarussian union of artists, 1938—1998 : Энцыкл. давед. / Аўт.-склад.: Б. А. Крэпак і інш.. — Мн.: ВТАА «Кавалер Паблішэрс», 1998. — 663 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-6427-09-6.
  • Н. М. Воранаў. — Мн., 1979