Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў
Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь | |
---|---|
Абрэвіятура | НЦЗПД |
Краіна | |
Адміністрацыйны цэнтр | Мінск, Маскоўскі раён, вул. Берсана, д. 1а |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | падрыхтоўка законапраектаў |
Тып арганізацыі | законатворчая |
Дата заснавання | 23 красавіка 1992 (32 гады таму) |
Дата скасавання | 1 ліпеня 2024 |
Колішняя назва | Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці (да 13 снежня 2007 г.), Беларускі інстытут дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства (да 1 лістапада 1997 г.) |
Колькасць супрацоўнікаў | 40 (2018 г.) |
Матчыная арганізацыя | Прэзідэнт Беларусі |
center.gov.by |
Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь — дзяржаўная ўстанова Беларусі ў галіне падрыхтоўкі законапраектаў, заснаваная ў 1992 годзе.
Паводле 4-га пункта Палажэння аб НЦЗПД 2007 года, «цэнтр з’яўляецца юрыдычнай асобай, падпарадкаванай прэзідэнту Рэспублікі Беларусь»[1]. На 2018 год НЦЗПД Беларусі ўключаў:
- 4 упраўленні — а) заканадаўства аб грамадзянскіх, фінансава-эканамічных і экалагічных адносінах; б) заканадаўства аб нацыянальнай бяспецы і праваахоўнай дзейнасці; в) канстытуцыйнага і міжнароднага права; г) сацыяльнага заканадаўства;
- 2 аддзелы — а) арганізацыйнага і тэхнічнага забеспячэння, б) фінансава-эканамічны;
- Інстытут прававых даследаванняў[2].
Паўнамоцтвы
[правіць | правіць зыходнік]Паводле 7-га пункта Палажэння аб НЦЗПД 2007 года, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь мае паўнамоцтвы:
- «запытваць і атрымліваць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ад дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і фізічных асоб дакументы, неабходныя для ажыццяўлення сваёй дзейнасці;
- выкарыстоўваць дзяржаўныя (у тым ліку ўрадавыя) сродкі сувязі і камунікацыі;
- заключаць у межах сваёй кампетэнцыі дагаворы з дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі і фізічнымі асобамі, а таксама з органамі і арганізацыямі замежных дзяржаў, міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі;
- фармаваць пры Цэнтры аналітычныя і іншыя групы для правядзення навуковых даследаванняў у галіне права і рэалізацыі іншых паўнамоцтваў»[3].
Задачы
[правіць | правіць зыходнік]Паводле 6-га пункта Палажэння аб НЦЗПД 2007 года, задачамі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў з’яўляюцца:
- «распрацоўка штогадовых планаў падрыхтоўкі законапраектаў, канцэпцыі праектаў законаў, унясенне іх ва ўстаноўленым парадку на зацвярджэнне (адабрэнне, узгадненне) прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ажыццяўленне кантролю за рэалізацыяй планаў падрыхтоўкі законапраектаў;
- ажыццяўленне арганізацыйна-мэтадалагічнага забеспячэння падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў, а таксама распрацоўка, абагульненне і ўкараненне перадавых тэхналогій падрыхтоўкі праектаў прававых актаў;
- непасрэдная распрацоўка праектаў законаў, за выключэннем праектаў, падрыхтоўка якіх ускладзена на іншыя дзяржаўныя органы (арганізацыі);
- непасрэдная распрацоўка праектаў нарматыўных прававых актаў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь і іншых міжнародна-прававых актаў, падрыхтоўка якіх ускладзена на цэнтр;
- падрыхтоўка праектаў прававых актаў, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь і іншых міжнародна-прававых актаў на аснове заключаных дагавораў;
- правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы праектаў законаў, якія ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, змяненняў і дапаўненняў, унесеных у законапраекты ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- распрацоўка прыярытэтных напрамкаў навукова-прававых даследаванняў, а таксама самастойнае правядзенне ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, навуковых даследаванняў і распрацовак у галіне права, уключна з фундаментальнымі і дастасоўнымі даследаваннямі, эксперыментальнымі работамі, накіраванымі на павелічэнне аб’ёму ведаў у галіне права і павышэнне эфектыўнасці выкарыстання гэтых ведаў, у тым ліку з мэтай забеспячэння нарматворчай дзейнасці;
- правядзенне аналітычных і навуковых даследаванняў стану, тэндэнцый развіцця і практыкі прымянення заканадаўства, выпрацоўка прапаноў аб напрамках яго ўдасканалення ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі, па даручэнні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ці Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або на аснове заключаных дагавораў;
- садзейнічае развіццю юрыдычнай навукі, унясенне адпаведным арганізацыям прапановы па тэматыцы даследаванняў у галіне права;
- распрацоўка рэкамендацый па выкарыстанні вынікаў навуковых даследаванняў і спрыянне іх практычнаму ўкараненню;
- правядзенне параўнальна-прававых даследаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў у адпаведнасці з зацверджанымі планамі, па даручэнні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ці Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або на аснове заключаных дагавораў;
- ажыццяўленне на 1-й ступені пасляўніверсітэцкай адукацыі (аспірантура) падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі па юрыдычных спецыяльнасцях;
- выступленне ва ўстаноўленым парадку ў якасці галаўной арганізацыі па дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў;
- каардынаванне навуковых даследаванняў, якія ім праводзяцца, з іншымі арганізацыямі, ўзаемадзеянне з навуковымі арганізацыямі і ўстановамі вышэйшай адукацыі ў развіцці навуковых даследаванняў і ў падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі па юрыдычных спецыяльнасцях;
- узаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі, навуковымі арганізацыямі, іншымі юрыдычнымі, а таксама фізічнымі асобамі Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў, з міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі па пытаннях, што ўваходзяць у кампетэнцыю Цэнтра;
- узаемадзеянне з Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь і саветамі па абароне дысертацый па юрыдычных спецыяльнасцях;
- удзел у выкананні міждзяржаўных навуковых праграм і праектаў, ажыццяўленне міжнароднай супрацы па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Цэнтра;
- правядзенне мерапрыемстваў па сістэматызацыі заканадаўства, а таксама забеспячэнне фармавання і вядзення Збору законаў Рэспублікі Беларусь;
- арганізацыя мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі работнікаў дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый па пытаннях нарматворчай дзейнасці, а таксама канферэнцыі (сімпозіумы, семінары і інш.) па актуальных навуковых праблемах у галіне права;
- тлумачэнне ва ўстаноўленым парадку пытанняў прымянення заканадаўства, якое рэгулюе нарматворчую дзейнасць;
- удзел у падрыхтоўцы навукова-практычных каментарыяў да кодэксаў і іншых законаў, у выданні навуковых часопісаў»[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]23 красавіка 1992 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Пастанову № 1610-XII «Аб стварэнні Беларускага інстытута дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства»[4] (БІДБЗ). 5 лістапада 1992 г. Вярхоўны Савет Беларусі ўхваліў Пастановай № 1915-XII Статут і колькасць работнікаў БІДБЗ у памеры 64 адзінак[5]. 28 ліпеня 1997 г. А. Лукашэнка падпісаў Указ № 407 «Аб стварэнні Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» з 1 лістапада 1997 года. Паводле 1-га пункта Указа, прадугледжвалася «ажыццяўляць прыём на працу ... цягам 1997—1999 гадоў пры ўмове адначаснага скарачэння штатнай колькасці Беларускага інстытута дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства (БІДБЗ) ... на колькасць адзінак, якая ўдвая перавышае лік работнікаў» Цэнтра. Згодна з 2-м пунктам, пастанаўлялася «падпарадкаваць БІДБЗ Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», якая мела да 1 студзеня 1998 г. ліквідаваць яго. Паводле 4-га пункта Указа, Адміністрацыі прэзідэнта даручалася «да 1 лістапада 1997 г. правесці атэстацыю службовых асоб і іншых супрацоўнікаў БІДБЗ і па яе выніках прыняць адпаведных асоб (да паловы ад штату) на працу ў цэнтр» (НЦЗД)[6].
13 снежня 2007 г. А. Лукашэнка падпісаў Указ № 630, паводле якога пераўтварыў НЦЗД у Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь «шляхам далучэння да яго дзяржаўнай навуковай установы „Інстытут дзяржавы і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі“»[7]. Паводле 3-га пункта Указа, «колькасць навуковых работнікаў і работнікаў, якія забяспечваюць дзейнасць дадзенага Цэнтра, складае 40 адзінак»[1]. На 8 лістапада 2017 г. НЦЗПД Беларусі падрыхтаваў каля 1000 заканадаўчых актаў за 20 гадоў[8].
1 ліпеня 2024 года арганізацыя спыніла сваё існаванне. Правапераемнікам па ўсіх правах і абавязках Нацыянальнага цэнтра заканадаўства стаў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь[9].
Кіраўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Антон Матусевіч (1994—1997)
- Ігар Андрэеў (1 кастрычніка 1997 — 1 лютага 2005)
- Валерый Міцкевіч (11 сакавіка 2005 — 4 чэрвеня 2009)[10]
- Вадзім Іпатаў[11] (з 13 кастрычніка 2009 г.)
Зноскі
- ↑ а б А. Лукашэнка (31 снежня 2017). "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 снежня 2007 г. № 630 «Аб некаторых захадах па ўдасканаленні праватворчай дзейнасці і навуковых даследаванняў у галіне права»"(руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 22 студзеня 2018.
- ↑ "Кіраўніцтва і структурныя падраздзяленні". Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь. 2017. Архівавана з арыгінала 30 кастрычніка 2021. Праверана 22 студзеня 2018.
- ↑ а б "Прававы статус". Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь. 2017. Архівавана з арыгінала 30 кастрычніка 2021. Праверана 22 студзеня 2018.
- ↑ Станіслаў Шушкевіч (28 сакавіка 2007). "Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 23 красавіка 1992 г. № 1610-XII «Аб стварэнні Беларускага інстытута дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства»"(руск.). Прававы партал Валерыя Леванеўскага. Праверана 22 студзеня 2018.
- ↑ Ст. Шушкевіч (25 мая 2007). "Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1992 г. № 1915-XII «Пытанні Беларускага інстытута дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства»"(руск.). Беларускі прававы партал «Кулічкі». Праверана 22 студзеня 2018.
- ↑ А. Лукашэнка (28 сакавіка 2007). "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 ліпеня 1997 г. № 407 «Аб стварэнні Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь»"(руск.). Прававы партал Валерыя Леванеўскага. Праверана 22 студзеня 2018.
- ↑ "Гісторыя". Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь. 2017. Архівавана з арыгінала 30 кастрычніка 2021. Праверана 22 студзеня 2018.
- ↑ Надзея Анісовіч. Каля 1000 заканадаўчых актаў // Звязда : газета. — 8 лістапада 2017. — № 215 (28579). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ↑ В Беларуси начал работу Национальный центр законодательства и правовой информации (руск.)
- ↑ "Міцкевіч Валерый Вацлававіч". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 2017. Праверана 22 студзеня 2018.
- ↑ Надзея Дрыла. Захаваць і папулярызаваць // Звязда : газета. — 19 чэрвеня 2012. — № 116 (27231). — С. 5. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- "Электронны зварот". НЦЗПД Беларусі. 2017. Архівавана з арыгінала 9 жніўня 2017. Праверана 22 студзеня 2018.
- Старая старонка
- "У Беларусі створаны Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў". БелаПАН. 17 снежня 2007. Праверана 22 студзеня 2018.