Нзінга Мбанды
Нзінга Мбанды | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
парт.: Ana de Sousa Nzinga Mbande | |||||||
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
каля 1581 |
||||||
Смерць |
17 снежня 1663[1] |
||||||
Бацька | Кія Самба | ||||||
Маці | Кангела | ||||||
Веравызнанне | хрысціянства | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ганна Нзінга Мбанды (парт.: Ana de Sousa Nzinga Mbande; 1583 г. — 17 снежня 1663) — гістарычная дзяячка афрыканскіх дзяржаў Ндонга і Матамба, нацыянальная гераіня Анголы.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Нзінга Мбанды нарадзілася каля 1583 г. у сям’і Кія Самба, манарха-нгола афрыканскай дзяржавы Ндонга. Паводле легенд амбунду, пры нараджэнні яна перажыла асфіксію, з пупавінай на шыі. Гэта прадвызначыла яе асабістае імя (ад kujinga — «спавіваць»). Жанчына-прадказальніца нібы паведаміла яе маці, што дзяўчынка стане нгола.
Перагаворы з партугальцамі
[правіць | правіць зыходнік]Каля 1610 г. Кія Самба быў зрынуты сваім сынам Мбанды. Мяркуецца, што Нзінга была выслана ім у Матамбу, але ў 1622 г. заклікана для вядзення перагавораў з партугальцамі. Паводле паведамленняў партугальскіх місіянераў, яна прыбыла ў Луанду з мноствам слуг. Калі губернатар замест крэсла прапанаваў дыван, яна села на спіну служкі і такім чынам не прынізіла сябе перад еўрапейцамі.
Падчас знаходжання ў Луандзе Нзінга прыняла хрысціянства і новае імя Ганна (парт.: Ana de Sousa) у гонар жонкі партугальскага губернатара. Паводле перагавораў было заключана пагадненне, згодна з якім нгола падпарадкоўваўся губернатару Луанды, а партугальцы абавязваліся аказваць дапамогу супраць ваяўнічых качавых плямён яга.
Грамадзянская вайна
[правіць | правіць зыходнік]У 1624 г. нгола Мбанды скончыў жыццё самагубствам, калі выявілася, што партугальцы не збіраюцца выконваць умоў пагаднення 1622 г. Новым манархам Ндонга быў абвешчаны сын Нзінгі. Яна прыняла абавязкі рэгента. У перапісцы з губернатарам Луанды называла сябе андонга. У лісце 1626 г. пасля смерці сына — каралевай андонга (парт.: rainha de Andongo).
Згодна з традыцыямі амбунду, улада манарха перадавалася па жаночай лініі, і жанчыны адыгрывалі важную ролю ў кіраванні дзяржавай, але манархам мог стаць толькі мужчына. Незадаволеныя мясцовыя правадыры склалі апазіцыю «каралеве» і выбралі нгола яе стрыечнага брата Хары Ндонга. Пад ціскам паўстанцаў і яга Нзінга была вымушана разам з паплечнікамі збегчы ў Матамбу, дзе ў 1630-х гг. захапіла ўладу. Каб узмацніць сваё становішча, яна прымала беглых рабоў з Луанды.
У 1641 г. Луанда была захоплена галандцамі. Партугальскія каланісты адступілі ва ўнутраныя раёны Афрыкі і працягвалі барацьбу. Нзінга выкарыстала гэта для заключэння саюза з галандцамі і Каралеўствам Конга. Яе войскі захапілі поўнач Ндонга і ў 1647 г. нанеслі сур’ёзнае паражэнне партугальцам. Каланісты былі вымушаны хавацца ў крэпасцях, якія вытрывалі аблогу з боку войска Нзінгі. У 1648 г. Луанда была вызвалена бразільскімі добраахвотнікамі. Нзінга была вымушана адступіць у Матамбу і заключыць перамір’е з партугальцамі.
У апошнія гады свайго жыцця імкнулася вярнуць уладу ў Ндонга першапачаткова праз шлюбны саюз з яга і адмову ад хрысціянства, потым — праз саюз с партугальцамі і Конга, вяртанне ў каталіцызм і шлюбны саюз сваёй сястры з нгола Ндонга. У абодвух выпадках пацярпела паражэнне. Памерла 17 снежня 1663 г. у Матамбе.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Постаць Нзінгі Мбанды стала шырока вядома ў Еўропе ў канцы XVII ст. пасля публікацыі капуцынамі нататак па гісторыі Каралеўства Конга. У XVIII ст. Маркіз дэ Сад маляваў яе вобраз як жанчыны-дэспата.
У сучаснай Анголе Нзінга Мбанды разглядаецца як сімвал барацьбы супраць партугальскага каланіялізма. У 2004 г. быў адкрыты помнік у яе гонар у Луандзе, у 2013 г. створаны кінафільм.
Зноскі
- ↑ Nzinga of Ndongo and Matamba // https://pantheon.world/profile/person/Njinga_of_Ndongo_and_Matamba Праверана 9 кастрычніка 2017.