Новазеландская біягеаграфічная вобласць
Новазеландская біягеаграфічная вобласць — біягеаграфічная вобласць, якая ўваходзіць у царства Натагею . Займае Паўднёвы і Паўночны астравы Новай Зеландыі, астравы Макуоры, Окленд, Чатэм і інш. (ад 29 да 54° паўднёвай шыраты).
У флоры больш за 1800 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш за 3/4 эндэмічныя. Шмат раслін-неабіёнтаў. Пераважаюць сямействы: архідныя, асаковыя, залознікавыя, злакавыя, казяльцовыя, марэнавыя, парасонавыя, складанакветныя і інш. Шмат папарацей, у т.л. буйных дрэвападобных, эпіфітаў і ліян. Генетычна раслінны і жывёльны свет вобласці звязаны з флорай і фаунай крайняга поўдня Паўднёвай Амерыкі і Паўдёва-Усходняй Аўстраліі. Фауна бедная па відах, астраўнога тыпу. З млекакормячых (акрамя неабіёнтаў) 2 эндэмічныя віды лятучых мышэй. Птушак больш за 200 відаў, шмат эндэмічных. Характэрны марскія птушкі: бакланы (Phalacrocorax), пінгвіны (Spheniscidae), трубканосыя (Procellariiformes), чайкі (Larus) і інш. З нелятаючых характэрны ківі, некаторыя пастушковыя. З паўзуноў (20 відаў) пашыраны эндэмічныя роды геконаў (5 відаў) і сцынкаў (9 відаў). Найбольш характэрны паўзун — гатэрыя (Sphenodon punctatus). З земнаводных — жабы з роду ліяпельм (Ascaphus). Прэснаводных рыб мала (1 від вугра, некалькі відаў з сямейства галаксіід і інш.). Фаўна насякомых багатая (матылёў больш за 1000 відаў). Шматлікія наземныя малюскі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).