Перайсці да зместу

Павел Мікалаевіч Рак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Павел Мікалаевіч Рак
Дата нараджэння 23 жніўня 1910(1910-08-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 30 чэрвеня 1944(1944-06-30) (33 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Прыналежнасць СССР
Званне лейтэнант
Бітвы/войны
Узнагароды і званні
Герой Савецкага Саюза
ордэн Леніна
Сувязі механік-вадзіцель А. А. Пятраеў, стралок-радыст А. І. Данілаў

Павел Мікалаевіч Рак (23 жніўня 191030 чэрвеня 1944, Барысаў) — савецкі афіцэр, танкіст, парторг роты 2-га танкавага батальёна 3-й гвардзейскай танкавай брыгады 3-га гвардзейскага танкавага корпуса 5-га гвардзейскага танкавага войска 3-га Беларускага фронту, гвардыі лейтэнант, Герой Савецкага Саюза (1945).

Нарадзіўся 23 жніўня 1910 года ў сяле Карпілаўка (цяпер — Лубэнскі раён Палтаўскай вобласці Украіны). Бацька Мікалай Сцяпанавіч быў старшынёй калгаса, з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны быў пакінуты ў сяле для арганізацыі падполля, загінуў. Маці Мялання Лук’янаўна — калгасніца, удзельніца першага ўкраінскага злёту перадавікоў.

Павел атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю. Працаваў у калгасе конюхам, пазней быў трактарыстам, пасля ўзначаліў трактарную брыгаду. Абіраўся старшынёй сельпо.

У Чырвонай Арміі з 1941 года. Скончыў Саратаўскае танкавае вучылішча, прымаў удзел у Сталінградскай бітве. Быў камандзірам узвода, парторгам танкавай роты. Браў удзел у фарсіраванні Дняпра, вызваленні Смаленска і Беларусі. У ноч на 30 чэрвеня 1944 года танкаваму ўзводу Паўла Рака было пастаўлена заданне ўварвацца ў горад Барысаў, заняты нямецкімі войскамі, завязаць бой і ваяваць да падыходу асноўных сіл корпуса. З чатырох танкаў толькі экіпаж Т-34-85 у складзе камандзіра танка Паўла Рака, механіка-вадзіцеля танка Аляксандра Пятраева і стралка-радыста танка Аляксея Данілава змог прадрацца праз раку Бярэзіну ў горад Барысаў Мінскай вобласці па замініраваным мосце.

На працягу 16 гадзін экіпаж ваяваў на вуліцах горада. У няроўным баі воіны загінулі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце змагання з нямецкімі захопнікамі і выяўленыя пры гэтым адвагу і геройства Паўлу Мікалаевічу Раку было пасмяротна нададзена званне Героя Савецкага Саюза. Таксама гэтым званнем ганараваны былі і члены экіпажа А. А. Пятраеў і А. І. Данілаў. Гэта адзіны выпадак у вайсковай гісторыі Беларусі, калі за здзейснены подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны найвышэйшым ўшанаваннем быў ганараваны адразу ўвесь танкавы экіпаж.

Бой экіпажа танка Паўла Рака

[правіць | правіць зыходнік]

29 чэрвеня 1944 года 2-му батальёну 3-й брыгады 3-га гвардзейскага танкавага корпуса паставілі задачу захапіць масты праз рэкі Сху і Бярэзіну каб прадухіліць іх падрыў праціўнікам і ўтрымліваць да падыходу асноўных сіл, тым забяспечыўшы іх пераправу ў заняты ворагам Барысаў[1].

Галаўны паходны атрад на чале з капітанам Аляксандрам Селіна у ноч на 30 чэрвеня высунуўся да моста. Танк Селіна здолеў прайсці мост, але быў падбіты артылерыйскім агнём. Экіпаж танка Т-34-85, які ішоў другім у калоне, у складзе з камандзіра Паўла Рака, механіка-кіроўцы Аляксандра Пятраева і стралка-радыста Аляксея Данілава, падавіўшы кулямётным агнём артылерыйскую батарэю, на вялікай хуткасці праскочыў замініраваны мост, пасля чаго праціўнік падарваў яго. Танкі лейтэнантаў Кузняцова і Юнаева былі падбіты яшчэ на падыходах да пераправы[2].

На беразе ракі танк Паўла Рака гарматна-кулямётным агнём знішчыў бронетранспарцёр і раздушыў гусеніцамі зенітную батарэю.

Замаскіраваўшы танк у руінах, экіпаж правёў разведку, а пасля здзейсніў рэйд у цэнтр горада, абстраляўшы будынак камендатуры і раздушыўшы аўтамашыны і штабны аўтобус каля яе.

На чыгуначнай станцыі танкісты спынілі гатовыя да адпраўкі эшалоны, расстраляўшы паравозы, заблакаваўшы гэтым пуці.

Пазней танк знішчыў яшчэ адну артылерыйскую батарэю.

Экіпаж на чале з Паўлам Ракам змагаўся 16 гадзін да 15:30 30 чэрвеня. Знішчыўшы шмат жывой сілы і тэхнікі праціўніка, танкісты паспрыялі вызваленню Барысава савецкімі войскамі 1 ліпеня. У няраўным баі супраць танкаў і самаходных гармат воіны загінулі.

Пасля вызвалення горада ад захопнікаў абгарэлыя целы танкістаў вынялі з танка іх баявыя таварышы. Камандзіра экіпажа гвардыі лейтэнанта Паўла Рака атрымалася апазнаць толькі па бранзалеце ад гадзінніка. «Што адбылося з танкам Паўла Рака, ніхто не ведаў, — пісаў пасля ў сваіх успамінах пра бой пад Барысавам у ноч з 29 на 30 чэрвеня 1944 года яго аднапалчанін Міхал Кузняцоў. — Усю ноч з розных месцаў Барысава даносіліся гарматныя стрэлы, кулямётныя чэргі. Мы дапускалі усякае: у горад прарваліся нашы падраздзяленні, дзейнічаюць партызаны. Але ніхто нават выказаць здагадкі не мог, што паядынак з цэлым варожым гарнізонам вядзе адзіны танк. Ён павінен быў быць знішчаны адразу ж. Калі мы трапілі ў Барысаў, я бачыў месца апошняга бою аднапалчан. І танк з вежай, развернутай простым трапленнем буйнакалібернага снарада, выпушчанага, мусіць, з блізкай адлегласці…»

24 сакавіка 1945 года камандзіру танка Паўлу Раку, механіку-вадзіцелю Аляксандру Пятраеву і стралку-радысту Аляксею Данілаву надалі званне Герояў Савецкага Саюза.

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]
Помнік экіпажу Паўла Рака ў Барысаве
  • На правым беразе ракі Бярэзіна ў Барысаве ўсталяваны манумент — легендарны танк ІС-2, помнік экіпажу П. Рака.
  • Імем Паўла Рака названы школа і адна з вуліц горада Барысава. У яго родным сяле Карпілаўка ўсталявана мемарыяльная дошка.
  • Загадам Міністра абароны СССР Павел Мікалаевіч Рак навечна залічаны ў спісы 5-й роты Н-скага гвардзейскага танкавага палка.
  • Гераічны экіпаж пахаваны ў горадзе Барысаве. На цэнтральнай плошчы горада збудаваны манумент, прысвечаны экіпажу, які ўзначальваў лейтэнант П. Н. Рак. На каменным пастаменце навечна ўзняты танк «Т-34».
  • Загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь № 360 ад 5 мая 2007 года дзеля захавання і прымнажэння баявых традыцый старэйшых пакаленняў абаронцаў Бацькаўшчыны, выхавання асабовага склада на гераічным мінулым, экіпаж танка Паўла Рака навечна залічаны ў спісы асабовага склада 1-й навучальнай танкавай роты 3-й гвардзейскай школы падрыхтоўкі спецыялістаў танкавых і артылерыйскіх падраздзяленняў 72-га гвардзейскага з’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. У размяшчэнні роты каля бюстаў герояў стаяць запраўленыя ложкі. Кожны дзень на вечаровай паверцы іх прозвішчы зачытваюцца першымі. Найлепшыя вайскоўцы роты адказваюць: «Герой Савецкага Саюза Павел Мікалаевіч Рак паў смерцю адважных у баях за волю і незалежнасць нашай Радзімы». Гэтыя словы вымаўляюцца, калі гучаць і прозвішчы Аляксея Ілліча Данілава і Аляксандра Акімавіча Пятраева.
  • У гісторыка-краязнаўчым музеі Барысава героям-танкістам прысвечаны адмысловы раздзел.
  • Пра подзвіг напісана шмат публікацый і ўспамінаў у газетах, часопісах, складанках, мемуарах палкаводцаў, якія ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Беларусі. У Палітвыдзе выйшла аповесць Героя Савецкага Саюза Н. Нікольскага «Цаною жыцця», прысвечаная легендарнаму экіпажу.

Зноскі

  1. Шаснаццаць гадзін перад неўміручасцю — артыкул на сайце warheroes.ru
  2. Семён Васильевич Коваленко. Раскаленная броня. Советская Белоруссия (11 июля 2009).
  • Герои Советского Союза: Краткий биографический словарь / Пред. ред. коллегии И. Н. Шкадов. — М.: Воениздат, 1988. — Т. 2 /Любов — Ящук/. — 863 с. — 100 000 экз. — ISBN 5-203-00536-2.
  • Навечно в строю. Книга 8. М.: Воениздат, 1985.
  • И. Илларионов. Три танкиста // Труд № 94 (18042), 23 апреля 1980.
  • Н. Никольский. Бессмертный экипаж // Московский рабочий, 1964.