Паляўнічыя на ІДІЛ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паляўнічыя на ІДІЛ
Гады існавання з 2017
Краіна  Сірыя
Уваходзіць у 5-ы армейскі корпус
Тып спецпрызн
Функцыя барацьба з ІДІЛ
Дыслакацыя
Удзел у Грамадзянская вайна ў Сірыі

Паляўнічыя на ІДІЛ (араб. صائدوا داعش‎‎, Саіду Даеш[1]) — атрад сірыйскага спецназа, сфарміраваны падчас грамадзянскай вайны ў Сірыі[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

«Паляўнічыя на ІДІЛ» створаны ў пачатку 2017 года. Старонка групы на Facebook з’явілася 27 лютага, а на наступны дзень таксама зарэгістраваны акаўнт у Twitter. Неабходнасць такога злучэння для ўрадавай арміі была абумоўлена паражэннем у Пальміры[2]. У фарміраванні падраздзялення актыўна ўдзельнічала Расія. Масква меркавала стварыць сілы, якія могуць служыць супрацьвагай Ірану ў Сірыі, паколькі яго мэты ў рэгіёне адрозніваюцца ад мэтаў Крамля[3]. У той жа час атрад «Паляўнічыя на ІДІЛ» стаў выкарыстоўвацца расійскімі ўладамі для абароны сваіх эканамічных інтарэсаў. Так, напрыклад, байцы былі прыцягнуты для аховы нафтавых і газавых радовішчаў[4][5].

«Паляўнічыя на ІДІЛ» звязаны з гісторыяй расійскіх вайскоўцаў Рамана Забалотнага і Рыгора Цуркану, якія трапілі ў палон да баевікоў. 5 кастрычніка 2017 года на афіцыйным акаўнце ў Твітары спецпадраздзялення з’явілася паведамленне, што атрад гатовы заплаціць за кожнага палоннага мільён долараў[6][7].

Атрад зліўся або звязаны з прыватнай ваеннай кампаніяй Al-Sayad Security Company, якая размешчана ў горадзе Аль-Сукайлябія[8]. Кампанія ўтворана ў сакавіку 2017 года[4]. Яна набірала добраахвотнікаў ад 22 да 46 гадоў з добрай фізпадрыхтоўкай. Станам на ліпень 2023 года менавіта гэтае баявое фарміраванне называлася «Паляўнічыя на ІДІЛ»[8].

Атрад[правіць | правіць зыходнік]

Атрад уваходзіў у 5-ы армейскі корпус[3]. Па іншай інфармацыі «Паляўнічыя на ІДІЛ» з’яўляліся самастойным незалежным фарміраваннем. Акрамя таго, падраздзяленне было добраахвотніцкім, і служба ў ім не раўнасільна рэгулярнай ваеннай службе ва ўрадавай арміі[1].

Колькасць групы, верагодна, складала ад 20[2] да некалькі дзесяткаў[3] чалавек. У многіх з іх баевікі ІДІЛ забілі сваякоў[3]. Навучанне асабістага складу кантралявалі расіяне з ПВК «Вагнер». Зброя і абсталяванне таксама пастаўляла Расія[2]. Навабранцы прыбывалі з мноства абласцей, уключаючы прыбярэжны рэгіён, паўночную і паўднёва-ўсходнюю сельскія мясцовасці Хамы. Набор у «Паляўнічыя на ІДІЛ» адбываўся на аснове цэлай серыі суровых навучальных курсаў, якія патрабавалі, каб баец быў знаёмы з усімі баявымі спецыяльнасцямі[1]. Навучальны цэнтр падраздзялення знаходзіўся ў Латакіі[9].

Рыштунак прадстаўлены стандартнай формай, каскамі і бронекамізэлькамі. Узбраенне складаецца з аўтаматаў АК-47, АКС-74У, АК-74М і АКМ, гранатамётаў РПГ-7 і кулямётаў. У наяўнасці таксама меліся беспілотнік і 122-мм гаўбіца Д-30[2][3].

Баявы шлях[правіць | правіць зыходнік]

Атрад змагаўся ў наступных рэгіёнах[1]: Пальміра (у пачатку 2017 года «Паляўнічыя на ІД» адказвалі тут за ахову ваеннага аэрапорта, а таксама радовішчаў газу і нафты[3]), Дэйр-эз-Зор (зафіксаваны ўдзел у баях пад Хашамам каля Дэйр-эз-Зора супраць Сірыйскіх дэмакратычных сіл[10]), Шаер (рэгіён газавага радовішча ў пустыні Хомс), Акрабат (сельская мясцовасць у Хаме), Джазаль (нафтавы рэгіён у пустыні Хомс), Гута (пад Дамаскам), пустынныя раёны.

23 сакавіка 2017 года на поўнач ад Пальміры ў раёне газавага радовішча Аль-Шаер атрад уступіў у бой з 120 байцамі Ісламскай дзяржавы, забіўшы 24 баевікоў і параніўшы яшчэ 12. Таксама «Паляўнічыя на ІДІЛ» з дапамогай дрона знішчылі варожую зенітку. У сутыкненні іх падтрымлівалі сірыйскія танкі Т-72[2][3].

Асабліва фарміраванне адзначылася ў зачыстцы «катла» пад Акербатам і здолела ўзяць пад кантроль кропку Джэбель-Бельяс[7].

Падчас наступлення пад Дэйр-эз-Зорам у верасні таго ж года атрад стаў першым, хто фарсіраваў Еўфрат[11].

Станам на красавік 2019 года падраздзяленне страціла 30 чалавек забітымі[1], з якіх 20 загінулі ў лютым 2018 года пад Хашамам, калі «Паляўнічыя на ІД» трапілі пад авіяўдар ВПС ЗША[10].

Сімволіка[правіць | правіць зыходнік]

У цэнтры эмблемы чэрап і скрыжаваныя косткі ў мішэні (сімвал Сірыйскай Рэспубліканскай гвардыі), па баках кулявыя адтуліны, а зверху і знізу надпіс «Паляўнічыя на ІДІЛ» на англійскай і арабскай мовах[2].

Эмблема групы ў кастрычніку 2017 года набыла пэўную папулярнасць у Расіі. Як пісалі ў «Кавказ.Реалии», «у Маскве сталі з’яўляцца маладыя людзі славянскай знешнасці ў куртках з эмблемамі элітнага падраздзялення сірыйскіх войск»[6][7].

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

  • Надхім Міхаіл Шахада — палявы камандзір у Дэйр-эз-Зоры[1].
  • Амір Ахмад Ахмад — адзін з байцоў. 14 мая 2017 года выступіў з відэазваротам, у якім абвінаваціў амерыканцаў у сувязях з ІДІЛ і асудзіў ракетны ўдар па базе Шайрат[3].
  • Іван Слышкін — супрацоўнік ПВК «Вагнер». Удзельнічаў у падрыхтоўцы байцоў фарміравання. Загінуў 12 лютага 2017 года ад рук снайпера пад Шаерам[2][3].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е Aymenn Jawad Al-Tamimi. Охотники за ИГИЛ, 17 апреля 2019.
  2. а б в г д е ё ж Historicoblog (4). Historicoblog (4): Soldats d'Assad 5/ISIS Hunters. Historicoblog (4) (14 красавіка 2017).
  3. а б в г д е ё ж з Syrie: les ISIS Hunters, ces soldats du régime de Damas formés par la Russie(недаступная спасылка). web.archive.org (18 лютага 2022). Архівавана з першакрыніцы 18 лютага 2022. Праверана 2 ліпеня 2023.
  4. а б 'ISIS Hunters' belies mercenaries' true intent: to protect Russian interests in Syria
  5. Немного бизнеса в сирийской войне, Фонтанка.ру (26 июня 2017)
  6. а б В Москве замечены "Охотники на ИГИЛ"
  7. а б в Откуда появилась мода на символику "Охотников на ИГИЛ", с чем это связано?
  8. а б Как будут делить сирийский “Вагнер”
  9. Vladimir Putin unleashes ‘ISIS HUNTERS’: Elite Russian-trained troops to terrify jihadists
  10. а б Pro-gov't ISIS Hunters release official statement after US airstrikes in Deir Ezzor(недаступная спасылка). web.archive.org (12 лютага 2018). Архівавана з першакрыніцы 12 лютага 2018. Праверана 2 ліпеня 2023.
  11. "Охотники на ИГИЛ" первыми пересекли Евфрат в исторической операции в Сирии