Пансіён Бельскай

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Пансіён Бельскай
53°54′00″ пн. ш. 30°19′59″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата пабудовы 1888 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Е000001шыфр 513Е000001
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Пансіён Бельскай — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва. Размешчаны па 1-м Крутым завулку, 4.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Верагодна, належаў Гранату і згодна з датай на франтоне быў збудаваны ў 1888 г. Тут знаходзіліся прыватны пансіён Бельскай і Магілёўская губернская ўстанова[1].

Будынак у пачатку XX ст.

Губернскія ўстановы былі створаны на падставе закона ад 12 ліпеня 1889 г. Яны сталі правапераемнікамі губернскіх па сялянскіх справах устаноў і былі вышэйшай мясцовай інстанцыяй для разгляду і вырашэння сялянскіх спраў і кіравання дзейнасцю павятовых устаноў. Аднак у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях губернскія прысутнасці былі створаны толькі ўвосень 1901 г., а ў Віленскай і Гродзенскай губернях — у снежні 1903 г[1].

Атрад міліцыі ўпраўлення Магілёўскай акругі, які браў удзел у ліквідацыі крымінальных банд і хеўраў

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў будынку былога жандарскага ўпраўлення было размешчана акруговае ўпраўленне міліцыі (1924—1930 гг.). Яно ажыццяўляла кантроль за выкананнем дырэктыў і ўказанняў савецкай улады, удзельнічала ў барацьбе з контррэвалюцыяй, сабатажам і спекуляцыяй, садзейнічала ў вышуку і затрыманні злачынцаў, ліквідацыі бандыцкіх груп, дзіцячай бездагляднасці. У 1939 г. у будынку знаходзілася міліцыя (адрасны стол)[1].

У перыяд акупацыі Магілёва падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941—1944 гг. ў будынку былога жандарскага ўпраўлення размяшчалася нямецкая гарадская паліцыя, якая складалася толькі з рускіх (150 чалавек) і ўтрымлівалася за кошт гарадской Управы. Гарадская паліцыя адносілася да Службы парадку (OD), якая была створана ў жніўні 1941 г. і падпарадкоўвалася нямецкай Службе бяспекі (СД-8). Служба парадку займалася грамадскай бяспекай і падтрыманнем парадку сярод мясцовага насельніцтва. Той, хто знаходзіўся на службе OD, не насіў форму, а толькі павязку на рукаве з надпісам «Ordnungsdienst der Stadt»[1].

Да 2003 г. у будынку размяшчаўся Цэнтральны раённы аддзел унутраных спраў г. Магілёва, пасля Следчы камітэт пры Міністэрстве ўнутраных спраў, затым Камітэт папярэдніх расследаванняў Упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, пасля Следчы камітэт РБ па Магілёўскай вобласці, затым Упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК РБ па Магілёўскай вобласці. Зараз будынак належыць Упраўленню ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Балконы і казырок. На атыку дата пабудовы

Двухпавярховы цагляны будынак з сіметрычнымі двухпавярховымі аб’ёмамі, якія выступаюць па баках і накрытыя пакатым двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю пабудовы з уваходам у цэнтры галоўнага фасада, ганак якога аздоблены каваным кансольным навесам і мае ўваходы з бакавых фасадаў[1].

Галоўны ўваход акцэнтаваны таксама рызалітам, які завершаны трохступеньчатай кампазіцыяй у стылі мадэрна. Абапал размешчаны два балконы на дзве восі кожны з каванай балюстрадай і кансолямі. Абодва паверхі падзелены прафіляванымі паяскамі. Вокны першага і другога паверхаў маюць паўарачныя завяршэнні аконных праёмаў і ліштвы[1].

Унутраны фасад мае эркер пасярэдзіне асноўнага аб’ёма будынка з высокімі паўарачнымі вокнамі на другім паверсе. Бакавы франтон мае чатыры акны з арачнымі завяршэннямі аконных праёмаў. Фасад завершаны прафіляваным гзымсам з сухарыкамі[1].

Каваны кансольны навес ганка галоўнага фасада мае эмблему двухгаловага царскага арла. Вясной 1917 г. з галоў арла сарвалі карону, але птушку не кранулі. Часовы ўрад Керанскага планаваў пакінуць герб краіны ў такім урэзаным выглядзе[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з kropki.by — інтэрактыўная мапа Магілёва(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2022. Праверана 24 чэрвеня 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]