Паўмоту
Паўмоту (Pa’umotu ) | |
Хлопчык з вострава Факарава
| |
Агульная колькасць | 22 тыс. чал. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Французская Палінезія |
Мова | паўмоту |
Рэлігія | політэізм, культ продкаў, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | таіцяне, маркізцы |
Паўмоту, або Туамоту (саманавзва Pa’umotu, літаральна «астравіцяне») — карэнныя палінезійскія насельнікі астравоў Туамоту ў Французскай Палінезіі. Агульная колькасць — 22 тыс. чал. (2011 г.)[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Туамоту былі населены палінезійцамі прыкладна ў VII — XI стст. н. э. выхадцамі з астравоў Таварыства. Легенды і паданні паўмоту дазваляюць таксама прасачыць іх сувязь з маркізцамі. На розных астравах складваліся асобныя малыя групы нашчадкаў перасяленцаў, якія мелі мелі асобныя саманазвы і дыялектныя адрозненні ў мове. Гэта не перашкаджала сталым кантактам паміж астравіцянамі. Захоўваліся сувязі з Таіці. З вострава Факарава паходзіў род таіцянскіх каралёў Памарэ.
У 1521 г. астравы Туамоту былі адкрыты Ф. Магеланам. У XVIII — пач. XIX стст. актыўна даследаваліся еўрапейскімі мараплаўцамі. З пач. XIX ст. сярод астравіцян дзейнічалі хрысціянскія місіянеры. Канкурэнцыя паміж брытанскімі місіянерамі-пратэстантамі і французскімі місіянерамі-каталікамі з аднаго боку абвастрала адносіны паміж паўмоту, якія далучаліся да розных канфесій, а з іншага — садзейнічала большаму еўрапейскаму ўплыву праз адкрыццё місіянерскіх школ, арганізацыю камерцыйных какосавых плантацый, пераклад на мясцовую мову Бібліі і г. д.
У XIX ст. астравы Туамоту былі падначалены таіцянскімі каралямі. У 1842 г. быў усталяваны пратэктарат Францыі, а ў 1880 г. астравы былі афіцыйна анэксаваны Францыяй. Да сяр. XX ст. уплыў каланіяльных уладаў на мясцовае жыццё быў значна меншым, чым на астравах Таварыства. Сітуацыя рэзка змянілася пасля адкрыцця радыёвяшчання і французскай ваеннай базы, на якой выпрабоўвалася ядзерная зброя. Былі заснаваны дзяржаўныя школы з адукацыяй на французскай і таіцянскай мовах. Частка паўмоту ў пошуках працы мігрыравала на востраў Таіці.
Асаблівасці традыцыйнай культуры
[правіць | правіць зыходнік]Матэрыяльная культура паўмоту развівалася ў значнай залежнасці ад мясцовай геаграфічнай прасторы. Насельнікі малых каралавых астравоў, яны займаліся земляробствам (вырошчвалі тара, какосавую пальму, хлебнае дрэва і інш.) і ловам рыбы. Гэтыя заняткі лічыліся мужчынскімі. Тара вырошчвалі ў доўгіх траншэях, якія капалі да ўзроўню падземных вод і часткова напаўнялі кампостам. Рыбу лавілі пераважна ў лагунах.
Доўгія засушлівыя сезоны, нястача пітной вады і летнія ўраганы не дазвалялі спадзявацца на забеспячэнне прадуктамі толькі на месцы. Таму важную ролю мелі кантакты з іншымі астравамі, асабліва з Таіці. Паўмоту здабывалі ракавіны жамчужніц, з якіх выраблілі на продаж рыбалоўныя гаплікі, лёзы для ваенных булаў і г. д. Іншыя распаўсюджаныя рамёствы — разьба па дрэву, вытворчасць тапы, будаўніцтва лодак.
Шлюбы экзагамныя патрылакальныя. Часам юнак, які збіраўся ажаніцца, быў вымушаны накіравацца ў вандроўку на іншыя астравы у пошуках нявесты. Вялікія пашыраныя сем’і складалі абшчыну. На чале грамадства стаялі правадыры арыкі.
Шчыльная сувязь з астравамі Таварыства прасочваецца ў падабенстве фальклору і традыцыйных рэлігійных культаў. У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства (каталіцтва і пратэстантызм).
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мова паўмоту належыць да малайска-палінезійскай групы аўстранезійскіх моў. На ёй размаўляе каля 6700 чал на астравах Туамоту і на Таіці.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- History : The Tuamotu Архівавана 4 снежня 2012.
- A little bit of History, Culture and Local Observations on the Tuamotu Islands Архівавана 2 ліпеня 2012.