Племянныя герцагствы
«Племянныя герцагствы» (ням.: Stammesherzogtum) — традыцыйная назва для групы некалькіх найбуйнейшых княстваў, якія ўтварыліся ў складзе Усходне-Франкскага каралеўства (Германіі) у IX—X стагоддзях на аснове тэрыторый, якія раней займалі розныя плямёны германцаў. Гэтыя княствы паступова дамагліся значнага ўзроўню незалежнасці ад каралёў Германіі і на працягу некалькіх стагоддзяў пасля падзення Каралінгаў адыгрывалі ролю базавых дзяржаўных утварэнняў «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Развіццё феадалізму і сепаратысцкіх тэндэнцый у Германіі прывялі ў XII стагоддзі да распаду герцагстваў. Тым не менш традыцыя вылучэння некалькіх найбуйнейшых «племянных» рэгіёнаў захавалася і пазней знайшла сваё адлюстраванне ў сістэме курфюрстваў і імперскіх акруг.
Звычайна вылучаюць наступныя пяць племянных герцагстваў:
Рассяленне германскіх плямёнаў
[правіць | правіць зыходнік]У перыяд Вялікага перасялення народаў розныя германскія плямёны рассяліліся на тэрыторыі сучаснай Германіі. Паўночна-заходнія рэгіёны, уздоўж берагоў Паўночнага мора і ніжняга цячэння Эльбы занялі саксы. На паўднёвы ўсход ад іх рассяліліся цюрынгі. Землі на ўсход ад Рэйна займалі франкі. Тэрыторыі ў вярхоўях Рэйна, Майна і Дуная былі заселены алеманамі і свевамі. Паўднёва-заходнія вобласці Германіі пасля разгрому ругіяў Адаакрам у V стагоддзі перайшлі пад уладу бавараў. Гэтыя пяць германскіх плямёнаў сталі родапачынальнікамі раннефеадальных дзяржаўных утварэнняў, якія склалі каралеўства Германію пасля крушэння імперыі Каралінгаў: на землях саксаў узнікла Саксонія, цюрынгаў — Цюрынгія, франкаў — Франконія, алеманаў — Швабія, а бавараў — Баварыя.
Узнікненне і развіццё дзяржаў
[правіць | правіць зыходнік]Саксонія
[правіць | правіць зыходнік]Саксы, відаць, былі адзіным з германскіх плямёнаў, што захавалі сваю нацыянальную ідэнтычнасць да часоў Карла Вялікага. Яны даволі позна ўвайшлі ў склад імперыі Каралінгаў (пасля войнаў 772—804 гг.). Ва ўмовах неабходнасці самастойна арганізоўваць адпор нарманам і балтыйскім славянам, да канца IX стагоддзя склалася герцагства Саксонія з уласнай дынастыяй. Яно распаўсюдзіла сваю ўладу на суседнюю Цюрынгію і частку зямель, адваяваных у заходніх славян, дзе сфарміравалася сістэма прыгранічных марак. Прадстаўнікі Саксонскай дынастыі ў 919 г. атрымалі ў спадчыну прастол каралеўства Германія, а ў 961 г. адрадзілі Свяшчэнную Рымскую імперыю. У першай палове XII стагоддзя ў Саксонія перайшла пад уладу дому Вельфаў, якія разгарнулі працяглую барацьбу з імператарамі з дынастыі Гогенштаўфенаў. Паражэнне Вельфаў ад Фрыдрыха I Барбаросы прывяло ў 1181 г. да падзелу герцагства Саксонія на некалькі феадальных і царкоўных уладанняў. Пазней сфарміраваліся два цэнтры ўлады на саксонскіх тэрыторыях — курфюрства Саксонія (сучасная федэральная зямля Саксонія) на паўднёвым усходзе і герцагства Браўншвайг-Люнебург (з канца XVII стагоддзя — каралеўства Гановер, сучасная зямля Ніжняя Саксонія).
Цюрынгія
[правіць | правіць зыходнік]Цюрынгі былі заваяваны франкамі каля 550 г., а пасля распаду Каралінгскай імперыі ўтварылася невялікае графства Цюрынгія (пазней ландграфства Цюрынгія). Аднак у XIII стагоддзі яно распалася: у заходняй частцы сфарміравалася ландграфства Гесэн, а ўсходняя частка (сучасная зямля Цюрынгія) перайшла пад уладу дому Ветынаў з Майсенскай маркі і пазней была падзелена паміж шматлікімі нашчадкамі гэтай дынастыі.
Франконія
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя Франконіі здаўна ўваходзіла ў склад франкскага каралеўства Аўстразіі, а пасля згасання дынастыі Каралінгаў у пачатку X стагоддзя ўтварылася вялікае Франконскае герцагства, чый кіраўнік Конрад I быў абраны каралём Германіі. Аднак у другой палове X стагоддзя імператар Атон I Вялікі заваяваў Франконію і падзяліў яе паміж рознымі царкоўнымі дзяржавамі (Вюрцбург, Фульда, Бамберг). У заходняй частцы нашчадкі франконскіх герцагаў захавалі частку ўладанняў і ў XI стагоддзі нават атрымалі імперскі прастол (Салічная дынастыя). Гэта тэрыторыя стала асновай будучага курфюрства Пфальцкага. Усходняя Франконія пазней увайшла ў склад Баварыі.
Швабія
[правіць | правіць зыходнік]Свевы, якія пайшлі ў V стагоддзі на Пірэнейскі паўвостраў, далі сваю назву герцагству Швабіі (сучасная зямля Бадэн-Вюртэмберг), што ўзнікла ў IX стагоддзі на землях, заселеных пасля сыходу свеваў алеманамі. У гэтым герцагстве дынастыі змянялі адна адну, пакуль у 1079 г. улада не перайшла да Гогенштаўфенаў, пры якіх Швабія стала найважнейшым германскім княствам, а сама Свяшчэнная Рымская імперыя перажыла свой найвышэйшы ўздым. Але пасля смерці апошняга імператара з дому Гогенштаўфенаў у 1268 г. Швабія хутка распалася, а на яе тэрыторыі ўтварылася некалькі дзясяткаў, а пазней — больш за сотню феадальных уладанняў. Толькі ў XVI стагоддзі пачалося ўзвышэнне двух найбуйнейшых швабскіх княстваў — маркграфства Бадэн і герцагства Вюртэмберг. Пасля Напалеонаўскіх войнаў гэтым дзвюм дзяржавам удалося аб'яднаць тэрыторыю былога герцагства Швабія.
Баварыя
[правіць | правіць зыходнік]Бавары былі, верагодна, нашчадкамі ругіяў, разбітых каралём Адаакрам у 487 г., і старажытнага кельцкага насельніцтва сучаснай Чэхіі. Яны досыць рана прызналі вярхоўную ўладу франкаў, аднак пазней сфарміравалі ўласнае герцагства на чале з дынастыяй Агілальфінгаў. У сярэдзіне VIII стагоддзя Баварыя ўвайшла ў склад імперыі Карла Вялікага, але ўжо ў канцы IX стагоддзя баварскія землі былі перададзены Луітпольду, які аднавіў старажытнае герцагства Баварыя. Яно стала адным з найбольш буйных і ўплывовых у імперыі, а ў перыяд кіравання баварскіх герцагаў з дому Вельфаў стала галоўнай тэрытарыяльнай апорай арыстакратычнай апазіцыі германскім імператарам. У 1180 г. Баварыя перайшла пад уладу дынастыі Вітэльсбахаў, якія кіравалі тут да 1918 г. У адрозненне ад іншых «племянных герцагстваў», Баварыі ўдалося досыць хутка пераадолець перыяд феадальнай раздробненасці і з XVI стагоддзя Баварыя з'яўлялася адным з найбуйнейшых германскіх дзяржаў.
Латарынгія
[правіць | правіць зыходнік]У адрозненне ад астатніх «племянных герцагстваў» Латарынгія не ўяўляла сабой этнічна-культурнай агульнасці. Узнікшы ў 855 годзе ў выніку падзелу ўладанняў імператара Лотара I, каралеўства Латарынгія складалася з разнастайныя ў нацыянальным і геаграфічным плане абласцей сучасных Нідэрландаў, Бельгіі, Люксембурга, Рэйнланд-Пфальца, Эльзаса і Французскай Латарынгіі. Пасля згасання дынастыі Каралінгаў у пачатку X стагоддзя было сфарміравана герцагства Латарынгія, аднак ужо ў 959/965 годзе яно распалася на дзве дзяржавы: Ніжнюю Латарынгію і Верхнюю Латарынгію. Першая спыніла сваё існаванне ў канцы XII стагоддзя і на яе абломках узніклі герцагствы Брабант, Гелдэрн, графства Галандыя і інш. Другая праіснавала даўжэй, да 1736 года, калі яна была далучана да Францыі. Аднясенне Латарынгіі да аднаго з «племянных герцагстваў» шмат у чым спрэчнае і, верагодна, грунтуецца на тэрытарыяльнай велічыні гэтага дзяржаўнага ўтварэння і жаданні замяніць у якасці германаўтваральнага княства Цюрынгію, якая хутка страціла незалежнасць.
Сістэма ўлады ў герцагствах
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова на чале «племянных герцагстваў» стаялі, мабыць, правадыры адпаведных германскіх плямёнаў, акружаныя ваеннай знаццю. У перыяд імперыі Каралінгаў гэтыя правадыры прынялі тытул герцага як элемент культуры Каралінгскага адраджэння і новай сістэмы феадалізму. Герцагі прысвоілі сабе права прызначэнні біскупаў, абатаў і, часта, графаў на тэрыторыі сваіх княстваў, фарміруючы такім чынам рэгіянальную ўладную эліту, незалежную ад імператараў. Пасля смерці апошняга германскага караля з дынастыі Каралінгаў, герцагі ўзялі на сябе функцыю абрання новага караля. У далейшым гэта традыцыя трансфарміравалася ў інстытут курфюрстаў-выбаршчыкаў Свяшчэннай Рымскай імперыі.
У той жа час, утварэнне «племянных герцагстваў» — рэгіянальных цэнтраў улады ў Германіі, спрыяла ўзмацненню антаганізму паміж рознымі дынастыямі і арыстакратычнымі групамі ў імперыі, што вяло да бесперапынных войнаў, барацьбы за імперскі прастол і мецяжоў. Гэта значна аслабляла Германскае каралеўства і стала адной з прычын яго фактычнага распаду.
«Племянны» складнік у сістэме ўлады ў герцагствах для перыяду пасля Каралінгаў варта разумець не ў сэнсе этнічнага адзінства і адасобленасці, а хутчэй як паказчык наяўнасці досыць закрытага слоя мясцовай кіруючай эліты. Гэта эліта першапачаткова ўзначальвалася франкскімі арыстакратамі, але з цягам часу ўсё большае значэнне набывала мясцовая нямецкая рэгіянальная знаць, чые традыцыі калі і ўзыходзілі да часоў германскіх плямёнаў, дык у знайчнай ступені ўжо страцілі радавую афарбоўку.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- «Племянныя герцагствы» і маркі (англ.)
Для паляпшэння артыкула пажадана |