Перайсці да зместу

Плошча Леніна (Паставы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Забудова плошчы

Плошча Леніна (раней Рыначная плошча) — цэнтральная плошча г. Паставы. Помнік горадабудаўніцтва другой паловы XVIII ст. Пабудавана ў 17601780-я гады ў Паставах у стылі барока з удзелам італьянскага архітэктара Дж. Сака на беразе р. Мядзелка на высокім узгорку. Быў адміністрацыйным, культурным і гандлёвым цэнтрам горада[1].

Свята-Мікольская царква. Усходняя частка плошчы
Помнік Леніну
Брацкая магіла

У 1770-я гг. Антоній Тызенгаўз, надворны падскарбі (міністр фінансаў), арганізаваў у Паставах буйную мануфактурную вытворчасць з запрашэннем замежных рабочых, правёў шырокамаштабныя будаўнічыя мерапрыемствы, паспрабаваў ператварыць свой маёнтак у адзін з цэнтраў культурна-прамысловага адраджэння краю. Пры А. Тызенгаўзу мястэчка поўнасцю змянілася і атрымала блізкую да прамавугольнай сістэму вуліц. Аўтарам праекта перапланіроўкі, а таксама ансамбля жылых і грамадскіх будынкаў Рыначнай плошчы лічыцца італьянскі архітэктар Джузепэ Сака, які з 1773 г. пастаянна жыў у Гродне і быў прыдворным архітэктарам А. Тызенгаўза.

Ансамбль пастаўскай плошчы — унікальны твор барока. Рэдкая шматфункцыянальнасць вылучала ансамбль сярод плошчаў іншых гарадоў.

Забудова спачатку была драўляная. На прамавугольнай у плане плошчы памерам 295x93 м. Забудова ўключала гандлёвыя рады, парафіяльны касцёл, уніяцкую царкву, школу, кафэ (кафэнгаўз), дзве гасцініцы, аўстэрыю, заезныя дамы, суд, будынак лячэбніцы і канцылярыі, жылыя дамы іншаземных рабочых.

Дамы рамеснікаў. Паўночны бок плошчы, пач. XX ст.
Гандлёвыя рады, 1920
Дамы рамеснікаў, 1896

План плошчы набліжаўся да прамавугольніка. Да вуглоў плошчы падыходзілі чатыры вуліцы. Кампазіцыя забудовы паўднёвага і заходняга бакоў была сіметрычнай, паўночнага і ўсходняга — асіметрычнай[2]. Цэнтральнае месца на займаў асіметрычна размешчаны ў прасторы плошчы квадратны ў плане корпус гандлёвыя рады з унутраным дваром. Будынак канцылярыі і суду знаходзіліся на заходнім боку плошчы, тры дамы рамеснікаў стаялі сіметрычна абапал яго; іх фланкіравалі дом урача і гатэль. Двухпавярховы будынак школы з вежай знаходзіўся на ўсходнім боку паміж драўлянымі храмамі. Карчма знаходзіліся на паўднёвым боку, сіметрычна ёй стаялі два аднолькавыя гатэлі. Аўстэрыя і тры дамы рамеснікаў былі пабудаваны на паўночным боку[1][2]. Склад забудовы сведчыў аб выразным грамадскім, свецкім характары ансамбля. План плошчы набліжаўся да прамавугольніка. Да вуглоў плошчы падыходзілі чатыры вуліцы[2].

У аснове вобраза ансамбля — актыўнае выкарыстанне рытму архітэктурных аб'ёмаў. У прасторавай кампазіцыі вылучаліся тры ўмоўныя вышынныя ўзроўні. Да першага з іх належала аднапавярховая жылая і грамадская забудова, да другога — двухпавярховыя грамадскія будынкі, да трэцяга — культавыя збудаванні[2].

Важная рыса ансамбля — адсутнасць суцэльнага фронту забудовы бакоў плошчы, вялікае кампазіцыйнае значэнне прамежкавай прасторы паміж будынкамі. Ансамблевая аднастайнасць забудовы дасягалася не толькі сродкамі аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, але і дэкаратыўна-стылёвым вырашэннем у спрошчаных формах позняга барока, выкарыстаннем некаторых прыёмаў архітэктурнага ўбрання, агульных для розных тыпаў радавых будынкаў і унікальных аб'ектаў. Да такіх прыёмаў адносіліся працяглыя нішы атыка (крамы, жылыя дамы), ліштвы з падаконнай нішай (жылыя дамы, грамадскія будынкі, за выключэннем гандлёвых радоў), замковы камень, ліштвы (грамадскія будынкі)[2].

Зараз ансамбль амаль страчаны: з 22 будынкаў захавалася толькі 8, пры гэтым два з іх карэнным чынам перабудаваны. Разбурэнне забудовы адбылося ў асноўным пасля Вялікай Айчыннай вайны[2]. Зберагліся былы дом урача, тры дамы рамеснікаў, гатэль, жылы дом, у якім размешчаныя адміністрацыйныя і гандлёвыя ўстановы[1].

Дом урача і рамесніка
  • Дамы рамеснікаў (№ 5, № 9, № 15) — прамавугольныя ў плане, аднапавярховыя, з мансардамі, накрытыя двухсхільнымі чарапічнымі дахамі. Утвараюць суцэльную забудову. Складаліся з вытворчай і жылой частак. Сцены бакавых і дваровых фасадаў будынкаў зробленыя з брусоў, галоўныя фасады — мураваныя, з фігурнымі шчытамі. Карнізы падзяляюць галоўныя фасады на два ярусы: першыя раскрапаваны цягамі, аконныя праёмы абрамленыя простымі ліштвамі, другія маюць фігурныя франтоны, расчлянёныя філёнгамі[1].
Гасцініца
  • Гасцініца (дом № 11) мае ідэнтычную з домам урача абёмна-прасторавую кампазіцыю. Пачатковая планіроўка змененая[1].
Дом № 13
  • Жылы дом (№ 13) — аднапавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак. Сфармаваны ў выніку аб'яднання і рэканструкцыі ў XIX ст. двух дамоў рамеснікаў. Галоўны фасад атрымаў складаную асіметрычную кампазіцыю з высокімі ступеньчатымі атыкамі, спрошчанай крапоўкай сцен, шатровай вежачкай над адным з прамавугольных вокнаў[1].

Зноскі