Пячора Горама
Пячора Горама | |
---|---|
Gorham's Cave | |
Каардынаты: 36°07′15″ пн. ш. 05°20′31″ з. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Гібралтар |
Глыбіня | 18 м |
Год адкрыцця | 1907 |
Змяшчаючыя пароды | Вапняк |
Пячора Горама (англ.: Gorham's Cave) — помнік археалогіі ў Гібралтары.
Пячора знаходзіцца ў паўднёва-усходняй частцы Гібралтара з боку Міжземнага мора. Мае натуральнае паходжанне, утворана вадою 250 тыс. гадоў таму. У ледавіковы перыяд пры змяненні ўзроўню мора знаходзілася ў 4,5 кіламетрах ад вады. Вядома як апошняе месца, населенае неандэртальцамі.
Гісторыя даследаванняў
[правіць | правіць зыходнік]Адкрыта ў 1907 г. брытанскім ваенным А. Горамам, ад імя якога атрымала сваю назву. Была картаграфавана ў 1943 г. і 1945 г. Пры гэтым там былі знойдзены рэшткі прыладаў працы старажытных людзей. Пячору наведаў губернатар, і яна была закансервавана для далейшых раскопак. У 1948 г. улады Гібралтара звярнуліся ў Брытанскі музей з запытам аб правядзенні даследаванняў.
Першы этап археалагічных раскопак пачаўся толькі ў 1950 г. і працягваўся да сакавіка 1951 г. У далейшым, даследаванне пячоры перарывалася з-за недахопу фінансавання. Але ў выніку ў 1950-ыя гг. быў выяўлены гарызонт, які цягнуўся на 16 м углыб, уключаў пласты антычнай эпохі, неаліту і далей да мусцье.
У 1989, 1997—2005 гг. адбылося комплекснае даследаванне пячоры Горама, суседніх пячор, а таксама марскога дна каля пячоры. Пераважна вывучаліся пласты, якія адносіліся да сярэдняга і позняга палеаліту. Разам з рэшткамі людзей і іх прыладаў працы экспертызе падвергнуліся знойдзеныя рэшткі птушак, ракавіны малюскаў, драўняны вугаль. На аснове атрыманых дадзеных было праведзена мадэляванне мясцовасці, а таксама навакольнага асяроддзя ў перыяд каменнага века.
Вынікі даследаванняў
[правіць | правіць зыходнік]Умоўна археалагічны гарызонт падзелены на 4 буйныя пласты.
Верхні пласт адносіцца да 1 тысячагоддзя да н. э., сканцэнтраваны ля ўваходу ў пячору і належыць фінікійцам. Мяркуецца, што ў пячоры знаходзілася месца шанавання багіні Таніт.
Другі пласт сфарміраваны ў 6 тысячагоддзі да н. э. старажытнейшымі еўрапейскімі земляробамі, якія, аднак, таксама займаліся ловам рыбы і малюскаў.
Трэці і чацвёрты пласты належаць салютрэйцам і неандэртальцам.
Гібралтар — першае месца, дзе ў 1848 г. быў знойдзены чэрап жанчыны-неандэртальца, таму знаходка неандэртальскай стаянкі не выклікала асаблівай сенсацыі. Аднак знаходкі 1997—2005 гг. паказалі, што неандэртальцы маглі жыць тут 23360±320 гадоў таму. Такім чынам, пячора Горама стала вядома як апошняе ў свеце месца, населенае неандэртальцамі.
Папуляцыя горамскіх неандэртальцаў не была вялікай. Лічаць, што яна ніколі не перавышала 15 асоб. Мясцовасць вакол пячоры ў тую пару адрознівалася разнастайнасцю — горы, пясчаныя выдмы і балота. Мора знаходзілася ў 4,5 км. Кліматычныя ўмовы на тэрыторыі Гібралтара заставаліся мяккімі, у той час як на астатняй тэрыторыі Еўропы адбывалася значнае пахаладанне, якое дасягнула максімуму 30 тысяч гадоў таму. З гэтым пахаладаннем і скарачэннем лясоў звычайна звязваюць выміранне неандэртальцаў, якія ўжывалі ў ежу пераважна мяса і маглі з-за сваіх фізічных уласцівасцяў паляваць на буйных жывёлін толькі з блізкай адлегласці. У тундры і ў стэпавых раёнах гэта было немагчыма. Але горамскія неандэртальцы дэманстравалі добрую прыстасаванасць да змен. Яны палявалі на горных коз і аленяў, дробную дзічыну, ужывалі рыбу, чарапах, малюскаў і птушак. Той факт, што акрамя ядомых відаў птушак, былі знойдзены птушкі-драпежнікі, выклікаў гіпотэзу, што неандэртальцы лавілі іх для назапашвання пер’я, якое выкарыстоўвалі як упрыгажэнне. Яны ўмелі апрацоўваць камень, выраблялі даволі складаныя прылады працы.
Ахова
[правіць | правіць зыходнік]У 2012 г. пячора Горама была ўнесена ў папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА разам з суседнімі пячорамі Бенета (англ.: Bennett's Cave), Авангард (англ.: Vanguard Cave) і Гіена (англ.: Hyena Cave).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 5674 рус. • англ. • фр. |
- UNESCO: Gorham's Cave Complex
- Neandertals Архівавана 26 снежня 2018.
- Neanderthal's last stand
- Neanderthals at Gorham's Cave, Gibraltar Архівавана 22 верасня 2008.
- The Gibraltar Museum
- Neandertals' Last Stand Was in Gibraltar, Study Suggests
- Neanderthals' 'last rock refuge'
- Gorham's Cave Complex, Gibraltar Архівавана 30 кастрычніка 2012.
- GORHAM'S CAVE REVEALS A BRAINIER NEANDERTHAL WALKED OUR SHORES Архівавана 23 верасня 2015.
- On the new dates for Gorham's Cave and the late survival of Iberian Neanderthals
- Sabatino Moscati, Phoenicians